На апошнім званку ў Менску сцяг пранеслі дагары нагамі
18- 31.05.2016, 16:59
- 11,815
Вучні менскай школы №180 чакаюць праблем на выпускных іспытах.
Вучань менскай школы №180 выклаў у сеткі відэа, як падчас апошняга званка ўрачыста пранеслі дзяржаўны сцяг Беларусі дагары нагамі.
Відэа разышлося ў сацыяльных сетках.
Сёння на «Радыё Свабода» звярнуліся вучні школы з просьбай выдаліць відэа, бо ў класах пачаліся вялікія праблемы.
Вучні скардзяцца, што «ў хлопца, які выклаў відэа, могуць узнікнуць складанасці з выпускам і паступленнем, могуць ускладніцца іспыты для ўсяго класа».
Намесніца дырэктара ў вучэбнай рабоце школы №180 Ганна Працкевіч заявіла журналістам, што вучні не маюць рацыі - сцяг дагары нагамі не мае дачынення да іспытаў.
«Ніхто дзяцей не запалохвае. Менавіта я адказваю за правядзенне іспытаў, і нават размоў пра тое, каб неяк рэагаваць на выпадак з апошняга званка, не было. Дзеці выдумляюць нешта. Калі дзеці скардзяцца вам на магчымыя праблемы, трэба высветліць, якія праблемы маюцца на ўвазе. Але гэта дакладна не праблемы, звязаныя з іспытамі і школьнай адміністрацыяй. Якое дачыненне гэты сцяг мае да іспытаў і вучобы? Ніякага».