19 сакавiка 2024, aўторак, 11:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Супраць народа не папрэш

25
Супраць народа не папрэш
Зміцер Дашкевіч
Фотa: belsat.eu

І ўсе роўна самадура сьцягваюць за вусы і кідаюць у топку.

Вось вам сага пра тое, як Аркадзь супраць народа хадзіў.

- Ідзі паглядзі! – гагочучы гаворыць мне адзін з хлопцаў на пілараме ды паказвае ў бок цэха.

- Што там такое? – усьміхаюся я сам у прадчуваньні добрага жарту і адчыняю дзьверы цэха, ледзь ня грукаючыся лбом з брыгадзірам.

- Цьфу ты, ё-маё, я б гэту мярзоту толькі ў сарціры павесіў! – сплюнуў брыгадзір і махнуўшы рукою накіраваўся ў бытоўку.

Я яшчэ больш зацікаўлены рушыў па цэху. І вось ля аднаго са станкоў стаіць галоўны спецыяліст па аклейцы і душа кампаніі – Аркадзь, у некаторых колах вядомы як Сіротка. Сіротка, сярэдніх гадоў дзядзька, весела размахвае рукамі і, тыкаючы пальцам у сьцяну над станком, з задавальненьнем нешта тлумачыць свайму маладому напарніку. Падыходзячы да іх я падымаю вочы і сам расплываюся ва ўсьмешцы – на сьцяне вісіць партрэт вусатага дзядзькі з хітрым зачосам.

- Аркадзі, ты што, псіхануў?! – працягваю я руку і чамусьці не магу стрымацца ад сьмеху – так ужо гратэскна ўсё гэта выглядае ў дзьве тысячы шаснаццатым.

- А шо?! – радасна адказвае Аркадзь, - глядзі якія вусы прыгожыя!

- Не, вусы-вусамі, а наякую яны табе тут халеру? – запытваю я ўжо больш сур’ёзна, сам у сабе разважаючы, што, відаць, усмажылі тут вусы гэтыя ў акультных мэтах.

Гэта як пры Сталіне крымінальнікі набівалі з левага боку партрэт “бацькі народаў” у спадзяваньні на тое, што пры зачыстцы іх ня пусьцяць у расход – здрыганецца рука страляючага. І хаця ў расход пускалі і памечаных профілем і не памечаных, традыцыя наносіць злодзеямі профіль злодзея Кобы працягвалася да ХХ зьезда партыі. З падобнай жа логікай некаторыя і сёньня вывешваюць партрэты, хаця ад расправы не ратуе нават сумесны пакос са злодзеем травы, ня кажучы ўжо аб вывешваньні ягонага анфаса на сьцену. І вось я грэшнай справай падумаў, што тут спрацавала гэтая ж рабская логіка.

Але Аркадзь – дзядзька не з прадказальных. Ён загадкава ўсьміхнуўся і патлумачыў сваё памкненьне, якое я перадаю тут у больш-менш літаратурнай форме:

- Ну а што, Дзімон, ты толькі падумай – дваццаць год гэты таракан вусаты мае ўсіх! І ўсе як мышы – па норах. Ён іх і ў хвост, і ў грыву; ён іх і так, і гэтак вось ужо дваццаць год!

- Дваццаць два, - паправіў я.

- Тым больш, дваццаць два! Дзімон, дваццаць два гады ён усіх мае – і цішыня! Не, ну паважаю! – тыцнуў Сіротка ў бок партрэта, - уважуха!

З гэткім падыходам да выкарастоўваньня анфасаў і профіляў, мяркую, не сутыкаўся ніхто. І я, ураджаны да глыбіні душы, быў вымушаны адступіць. А хто мог бы паспрачацца з такой жалезнай логікай чалавека бывалага?!

Але каб на гэтым гісторыя скончылася, было б зусім сумна. Аднак гэта была толькі завязка. Развязка ж надышла праз дзён некалькі, калі наведаўся я ў цэх ізноў. Зайшоўшы, як вы можаце здагадацца, перадусім правяраю наяўнасьць партрэта. І якое было маё зьдзіўленьне, калі позірк упаў на шэрую, асірацелую сьцяну.

- Аркадзь! – з радасьцю пляснуў я яго па руцэ. – Дык а дзе ж таракан вусаты?!

- Вой, Дзімон, - з удаванай роспаччу пахітаў галавой Аркадзь Сіротка, - народ узбунтаваўся, садраў – і ў топку гада!

- Ты што?! – рагочам мы абодва.

- Дык так, а я ня мог пайсьці супраць народа! Супраць народа, Дзімон, не папрэш!

“Супраць народа не папрэш” – колькі стагодзьдзяў гэтаму жыцьцёваму закону, аднак усё адно знаходзяцца самадуры, што супраць народа імкнуцца перці. Такіх нават, на пачатку, набіваюць на грудзь профілі і вывешваюць на сьцену анфасы. Самадуры думаюць, што гэта з-за любові народнай. І, можа быць, першыя гадоў дзесяць яно так і ёсьць. Але потым такое робіцца толькі дзеля сарказму і зьдзеку.

За гэтым жа этапам адразу надыходзіць той, калі самадура сьцягваюць за вусы і кідаюць у топку. І пашчасьціць яму, калі пасьпее даць латы і ў топцы будзе толькі партрэт. А многія ж не пасьпелі. Бо як бы каму не хаццелася адваротнага, само жыцьцё сьведчыць: супраць народа не папрэш!

Зміцер Дашкевіч, спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках