19 красавiка 2024, Пятніца, 17:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Беражкоў: Спадзяюся, маю справу закрыюць да канца траўня

1
Уладзімір Беражкоў: Спадзяюся, маю справу закрыюць да канца траўня
Уладзімір Беражкоў

Былы рэдактар «Прессбола» мяркуе, што выканаў усе ўмовы для гэтага.

Былы рэдактар «Прессбола» і былы генеральны мэнэджар хакейнага клуба «Дынама» Уладзімір Беражкоў спадзяецца, што цягам месяца атрымае звесткі пра закрыццё крымінальнай справы.

«Вельмі спадзяюся, што справу менавіта закрыюць, бо я выканаў усе ўмовы. Спадзяюся, пра гэта мне стане вядома да канца гэтага месяца», - сказаў Уладзімір Беражкоў «Радыё Свабода».

Уладзімір Беражкоў пацвердзіў, што пачынае працаваць паводле дамовы з Беларускай федэрацыяй біятлона.

«Гэта не пасада, але пэўны аб'ём работы для рэалізацыі праекта медыцынскага рэабілітацыйнага цэнтра. Як мэнэджар буду весці гэты праект. Арыенцір - два месяцы, каб адкрыць цэнт», - сказаў Уладзімір Беражкоў і дадаў, што платай за праведзеную працу будуць пэўныя грошы, «але невялікія».

Прапанову заняцца праектам рэабілітацыйнага медыцынскага цэнтра для біятланістаў Уладзімір Беражкоў атрымаў ад старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка, які ўзначальвае Беларускую федэрацыю біятлона. Са слоў Беражкова, у іх размове з Валерыем Вакульчыкам крымінальная справа, якая была заведзеная на Беражкова, зусім не фігуравала.

«Мы ў размове гэтую тэму наогул не закраналі. Яна не тычыцца маёй будучай працы», - удакладніў Беражкоў. Са слоў былога арыштанта «Валадаркі», раней ён не быў знаёмы з Валерыем Вакульчыкам.

На пасадзе генеральнага мэнэджара хакейнага клуба «Дынама», які выступае ў аўтарытэтнай хакейнай лізе КХЛ, Уладзімір Беражкоў хутка здабыў рэпутацыю моцнага спецыяліста. Але чаму ён пагадзіўся працаваць з федэрацыяй біятлона, з якой ніколі не меў стасункаў? Уладзімір Беражкоў на гэта адказаў, што ў свой час ён і ў хакейны клуб прыйшоў не з хакея, а з пасады рэдактара спартыўнай газеты. «Ведаеце, мэнэджар - гэта такая праца, якая запатрабаваная ў шырокай сферы, тым больш спартовы мэнэджар. Спадзяюся, атрымаецца».

Уладзімір Беражкоў быў затрыманы ў жніўні 2015 года, а выйшаў на волю пад падпіску аб нявыездзе месяц таму. Былога топ-мэнэджара «Дынама» Беражкова абвінавацілі ва ўчыненні клубу грашовых страт на мільярд рублёў. Паводле звестак следства, гэтыя страты ён цалкам кампенсаваў. За два месяцы да арышту Уладзіміра Беражкова быў арыштаваны і гендырэктар «Дынама» (Мінск) Максім Суботкін, справу якога пазней аб'ядналі са справай Уладзіміра Беражкова. Ці мае Уладзімір Беражкоў версію, чаму ягонага былога калегу дагэтуль не вызвалілі?

Уладзімір Беражкоў сказаў, што такой версіі не мае.

«Нічога пра яго не ведаю больш, чым піша прэса. Мы з ім ніяк не камунікавалі, ніяк не кантактавалі. У ізалятары на Валадарскага бачылі адзін аднаго толькі падчас азнаямлення са справай, але камунікаваць не маглі. Сядзелі мы ў розных камерах, і я не ведаю, дзе ён цяпер», - сказаў Беражкоў пра Максіма Суботкіна.

Днямі прэс-сакратар пракуратуры Беларусі Пётр Кісялёў паведаміў журналістам, што Максім Суботкін дагэтуль пад вартай. «Пра яго нічога новага», - сказаў Пётр Кісялёў.

Паводле звестак, Максім Суботкін кампенсаваў інкрымінаваную яму шкоду на 2,4 мільярда рублёў і чакае разгляду сваёй просьбы аб памілаванні. У СМІ былі звесткі, што Максіма Суботкіна ў ізалятары наведвае праваслаўны святар.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках