29 сакавiка 2024, Пятніца, 13:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маці забітага ў следчым ізалятары Ігара Пцічкіна: Майго сына абгаварылі

8
Маці забітага ў следчым ізалятары Ігара Пцічкіна: Майго сына абгаварылі
Фота: «Радыё Свабода»

Маці загінулага на «Валадарцы» Ігара Пцічкіна хоча аднавіць справядлівасць.

Маці загінулага ў сталічным следчым ізалятары №1 менчука Ігара Пцічкіна сцвярджае, што падрабязнасці справы аб смерці ейнага сына, апублікаваныя Следчым камітэтам, не адпавядаюць рэчаіснасці.

Пра гэта Жанна Пцічкіна заявіла БелаПАН, каментуючы пастанову Генпракуратуры Беларусі прыняць да разгляду справу аб загубе ейнага сына.

Трагедыя, нагадаем, адбылася два з паловай гады таму. 15 траўня суд Заводскага раёна Менска прысудзіў 21-гадовага Ігара Пцічкіна да трох месяцаў адміністрацыйнага арышту за кіраванне транспартным сродкам у перыяд пазбаўлення права кіравання. 30 ліпеня маладзён разам з маці і сястрой прыбылі ў Заводскае РУУС сталіцы, адкуль яго адправілі ў следчы ізалятар №1. Праз некалькі дзён супрацоўнікі ізалятара паведамілі сваякам, што Пцічкін сканаў 4 жніўня ад сардэчнага прыступу.

Афіцыйная версія

Следства тады абвясціла, што Ігар сістэматычна ўжываў алкаголь і курыльныя сумесі з наркатычнымі і псіхатропнымі рэчывамі - пра гэта нібыта сведчылі матэрыялы справы і інфармацыя з базы звестак аб правапарушэннях, згодна з якімі ён пяць разоў затрымліваўся за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення.

Сцвярджалася таксама, што праз некалькі дзён знаходжання ў следчым ізалятары ў Пцічкіна сталі выяўляцца і нарастаць прыкметы вострага псіхічнага разладу, выяўленыя ў галюцынацыях, трызненні, адмове ад ежы і пітва, маніі пераследу, ён быў шпіталізаваны ў медчастку, дзе і памёр.

Сваякам заявілі, што фактаў выкарыстання гвалту, фізічнай сілы і спецсродкаў у дачыненні да Пцічкіна ў перыяд яго знаходжання ў следчым ізалятары не было.

Гібель 21-гадовага хлопца ў следчым ізалятары атрымала шырокі грамадскі рэзананс і ў канцы верасня 2013 года УСК Менску распачала справу ў дачыненні да работніка медчасткі следчага ізалятара, які падазраваўся ў неналежным выкананні прафесійных абавязкаў, што прычынілася да смерці Пцічкіна. Пацярпелай у гэтай справе прызналі маці памерлага.

Са слоў Жанны Пцічкінай, спачатку справа пра смерць ейнага сына была закрытая Следчым камітэтам 29 снежня 2014 года. У студзені 2015 года СК абвясціў, што абставіны смерці Пцічкіна высветленыя, і апублікаваў падрабязнасці.

Паводле версіі СК, малады чалавек нібыта пакутаваў сіндромам залежнасці ад псіхаактыўных рэчываў (так званых спайсаў) і алкаголю, і з пачатку адбыцця пакарання ў яго ўзнік востры псіхічны разлад. Гэта выклікала парушэнне свядомасці і галюцынацыі, у сувязі з чым Пцічкін быў шпіталізаваны ў медчастку следчага ізалятара і ў мэтах прадухілення пашкоджання канцавін зафіксаваны мяккімі рамянямі да ложка. Паводле высновы СК, Пцічкіна памёр у медчастцы 4 жніўня з прычыны вострай сэрцава-судзінай недастатковасці, якая ўзнікла на фоне развітага сіндрому.

СК таксама сцвярджаў, што паводле справы былі дапытаныя больш за 190 чалавек (асобы, якія ўтрымліваліся з ім у адной камеры, суседніх камерах, блізкія і знаёмыя памерлага, а таксама супрацоўнікі ізалятара); праведзена некалькі следчых экспэрыментаў, комплексныя судова-медыцынскія і судова-псіхіятрычнай экспэртызы; улічваючы просьбу сваякоў, эксгумаванае цела памерлага.

«Расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да медыцынскага персаналу следчага ізалятара аб неналежным выкананні прафесійных абавязкаў, што пацягнула з неасцярожнасці смерць асуджанага Пцічкіна, спынена, - гаварылася ў паведамленні СК. - Асноўным у наступленні смерці быў характар і цяжкасць саміх працэсаў хваробы. Наданне медыцынскай дапамогі ў поўным аб'ёме нават ва ўмовах спецыялізаванага стацыянара не гарантавала спрыяльнага зыходу, у сувязі з чым дапушчаныя парушэнні службовых інструкцый з боку медыцынскага следчага ізалятар №1 не з’яўляюцца наўпроставай прычыннай сувязі з наступствамі».

Акрамя таго, паведамляў СК, у рамках справы выяўлена, што Пцічкін акрамя ўжывання спайсаў з'яўляўся іх актыўным распаўсюднікам. Паводле гэтага факту адным з раённых аддзелаў УСК Менску расследавалася крымінальная справа ў дачыненні да Пцічкіна, падчас якой былі атрыманыя ўсе патрэбныя довады ягонага дачынення да збыту псіхатропных рэчываў. Акрамя таго, гэта пацвярджаецца шмат якімі допытамі сведак. Паводле гэтага факту крымінальны пераслед у дачыненні да Пцічкіна спынены па прычыне ягонай смерці.

Сваякі Пцічкіна не пагадзіліся з высновамі следства і звярнуліся ў Генпракуратуру, якая ў чэрвені 2015 года вярнула матэрыялы справы для дадатковага расследавання ў СК.

У пачатку 2016 года СК зноў закрыў справу. 26 лютага Жанна Пцічкіна абскардзіла гэтую пастанову, і ў канцы красавіка атрымала з Генпракуратуры ліст, у якім паведамлялася аб аднаўленні справы.

«Я хачу аднавіць справядлівасць»

Як паведаміла маці памерлага, прадстаўнікі СК забаранялі ёй распавядаць пра падрабязнасці справы.

«І цягам усяго расследавання я выконвала гэтае патрабаванне, - адзначыла Пцічкіна. - Аднак цяпер, калі Генпракуратура скасавала пастанову Следчага камітэта аб спыненні расследавання і прыняла да разгляду справу аб загубе Ігара, я хачу заявіць, што некаторыя раскрытыя Следчым камітэтам падрабязнасці не адпавядаюць рэчаіснасці. Мяркую, што майго сына абгаварылі, і хачу аднавіць справядлівасць».

«Па-першае, - распавяла жанчына, - У рассакрэчаных для СМІ падрабязнасцях гаварылася, што Ігара пяць разоў затрымлівалі нецвярозым за стырном. Лічба правільная, але гэтыя пяць разоў былі цягам сямі гадоў, і не менавіта за стырном, а проста ў нецвярозым стане - напрыклад, калі ён пераходзіў дарогу ў неналежным месцы. За стырном нападпітку яго затрымалі толькі двойчы».

«Па-другое, на майго сына завялі справу аб збыце і распаўсюдзе спайсаў. Для мяне дзіўна, што справа заводзіцца пасля смерці, - заяўляе Жанна Пцічкіна. - За руку яго ніхто не лавіў, а хлопец, які сведчыў супраць сына паводле гэтай спраы, няправільна паказаў рост, вонкавыя параметры, колер валасоў і марку самахода Ігара».

«Па-трэцяе, ніводная з трох праведзеных экспэртыз не пацвердзіла, што сын з'яўляўся наркаманам, пра што заяўляў СК, - сцвярджае жанчына. - Мне запомніліся каментары аднаго лекара. Сутнасць іх была ў наступным: ад перадазіроўкі смерць часам наступае - гэта здараецца, але каб чалавек паміраў з прычыны таго, што не ўжываў наркатычныя рэчывы - такога ў практыцы не сустракаў. СК ж выснаваў, што смерць наступіла менавіта ў выніку залежнасці ад псіхаактыўных рэчываў і алкаголю».

«І галоўнае, - падкрэслівае маці памерлага, - два з паловай гады СК адмаўляў факт наяўнасці сінякоў на целе сына, а ў выніку ўсё ж прызнаў, што сінякі маглі быць. Калі Ігара прывялі ў медсанчастку следчага ізалятара, ён ускочыў і пабег, куды вочы глядзяць. Яго вярнулі, ён зноў ускочыў і пабег. СК прызнаў, што за такія паводзіны кантралёры маглі выкарыстаць да Ігара фізічную сілу. Лекар медсанчасткі прызнаў, што пасля таго, як сына другім разам прывялі ў палату, ён не аглядаў цела на наяўнасць сінякоў - такая інфармацыя ёсць у матэрыялах справы».

На наступным тыдні Жана Пцічкіна чакае першай сустрэчы са следчым Генпракуратуры, які будзе весці справу аб смерці ейнага сына.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках