29 сакавiка 2024, Пятніца, 0:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Мінэнэрга пракаментавалі інцыдэнт на БелАЭС

11
У Мінэнэрга пракаментавалі інцыдэнт на БелАЭС
Фота: tut.by

Чыноўнікі называюць абвальванне стойкі будучага будынка ядзернага абслугоўвання «дэфектам пры падрыхтоўчых працах».

У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі паведамілі, што пры будаўніцтве БелАЭС у Астраўцы адбылося частковае пашкоджанне канструкцый апалубкі аднаго з падсобных памяшканняў, а не «апорнай канструкцыі будучага будынка кантролю ядзернай бяспекі».

У Мінэнэрга зазначылі, што ў размешчанай на сайтах некалькіх незалежных СМІ інфармацыі пра тое, што на Астравецкай АЭС абрынуліся стойкі будучага будынка ядзернага абслугоўвання, ідзе гаворка пра выпадак, які адбыўся на будоўлі 8 красавіка 2016 года, калі пры кладцы бетону аднаго з перакрыццяў бытавых і падсобных памяшканняў адбылося частковае пашкоджанне канструкцый апалубкі, піша tut.by.

«Гэты выпадак разглядаецца як дэфект пры падрыхтоўчых працах, наступствы якога былі ліквідаваны ў поўнай адпаведнасці з дзейнымі падчас будаўніцтва рэгламентамі і тэхналогіямі. Дэфект быў ліквідаваны, блок перакрыцця падрыхтаваны да бетанавання і здадзены камісіі ў адпаведнасці з тэхнічнымі патрабаваннямі», - адзначылі ва ўстанове.

У гэтай сувязі ў Мінэнэрга асабліва падкрэслілі, што «пашкоджанняў і разбурэнняў канструкцый, прынятых заказчыкам, на аб'ектах Беларускай АЭС за ўвесь час будаўніцтва не было».

У Мінэнэрга таксама адзначылі, што для забеспячэння якасці выконваемых будаўніча-мантажных работ на Беларускай АЭС пастаянна ажыццяўляецца будаўнічы кантроль, а таксама пастаянна вядзецца дзяржаўны нагляд з боку наглядных органаў - Дзяржбуднагляду Дзяржстандарту і Дзяржатамнагляду МНС.

Нагадаем, 5 траўня міністэрства замежных спраў Літвы выклікала пасла Беларусі і ўручыла яму ноту што да магчымага інцыдэнту на размешчанай за 50 км ад Вільні Астравецкай атамнай электрастанцыі (ААЭС). Падставай для гэтага стала інфармацыя тэлеканала «Белсат». У матэрыяле тэлеканала паведамлялася, што рабочы з атамнай станцыі ў Астраўцы паведаміў пра абвальванне бетоннай канструкцыі ў сярэдзіне красавіка «на пляцоўцы паміж двума рэактарамі». Прадстаўнікі БелАЭС назвалі гэта паведамленне «поўнай лухтой».

«Лухта поўная, абсалютная! Я не ведаю, што там за фатаграфіі і адкуль яны, з іх нічога не відаць. Паміж двума энергаблокамі, як там напісана, няма ніякага будынка ядзернага абслугоўвання. Ёсць комплекс будынкаў, які належыць да энэргаблока №1, ёсць комплекс будынкаў, які належыць да энэргаблока №2. Гаворыцца, што ў сярэдзіне красавіка нешта абрынулася, але мы там былі разам з журналістамі 19 красавіка, сустракалі Юкія Амана (гендырэктар МАГАТЭ) . Нічога не абрынулася», - заявіў начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў БелАЭС Эдуард Свірыд.

У адказ на гэтую заяву кіраўнік МЗС Літвы Лінас Лінкявічус сказаў: «Такія ці то пагалоскі, ці то, магчыма, падзеі, што сапраўды мелі месца быць, яшчэ раз паказваюць, што без удзелу міжнародных інстытутаў абысціся не атрымаецца, бо спадзявацца толькі на словы саміх беларусаў нельга», - адзначыў міністр.

У МЗС Літвы таксама выпусцілі заяву, у якой Беларусь заклікаюць як мага хутчэй выканаць патрабаванні МАГАТЭ аб ядзернай бяспецы.

Апошнім часам Літва неаднаразова выказвала заклапочанасць з нагоды БелАЭС у Астраўцы. У красавіку з візітам у Беларусі знаходзіўся генеральны дырэктар МАГАТЭ Юкія Амана. З яго слоў, МАГАТЭ плануе сем дадатковых экспэртных місій у Беларусь да запуску ў эксплуатацыю БелАЭС.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках