25 красавiка 2024, Чацвер, 6:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія чыноўнікі даслалі Літве дакументы пра АЭС, перакладзеныя Google translate

41

Большасць «перлаў» Міністэрства энэргетыкі Беларусі выклікала смех у літоўскай стараны.

Літоўскі партал 15MIN.lt апублікаваў копію дакумента «Ацэнка ўздзеяння Астравецкай АЭС на навакольнае асяроддзе», які Міністэрства энергетыкі Беларусі даслала сваім літоўскім калегам (пераклад - «Радыё Свабода»)

Журналіст 15MIN.lt Марыус Якубайціс прааналізаваў гэты дакумент.

«Палепшыць Узбецкай Рэспублікі і як усе расліны канкурэнтназдольнасць», «Сістэма макіяжу — прадзімання», «Змяніць жыццё зношаных» — гэта толькі некалькі цяжказразумелых сказаў з дакументу надзвычайнай важнасці пра будаваную Астравецкую АЭС, які беларусы даслалі ўраду Літвы.

Выглядае, што Міністэрства энергетыкі Беларусі пераклала на літоўскую мову «Ацэнку ўздзеяння на навакольнае асяроддзе», карыстаючыся гугл-перакладчыкам. Так што ў афіцыйным дакуменце фактычна немагчыма зразумець цэлыя сказы, а з некаторых застаецца толькі рагатаць.

Электрастанцыя зрабілася раслінай

У дакуменце мусіла быць апісаная спецыфікацыя і тэхнічныя параметры АЭС, напрыклад, з чаго складаецца рэактар.

Гэта найважнейшы дакумент, які беларусы абавязаліся даслаць Літве.

Беларускі ўрад пераклаў гэты дакумент з ангельскай мовы, бо Літва, у адпаведнасці з міжнароднымі абавязаннямі, мае права атрымліваць ад суседзяў дакументы на сваёй дзяржаўнай мове.

Аднак гугл-перакладчыку няма да гэтага справы, таму plant (англ. электрастанцыя) у гугл-перакладзе робіцца «раслінай» (іншае значэнне ангельскага слова plant). У выніку ў дакуменце гаворыцца не пра Астравецкую АЭС, а пра нейкую расліну.

«Уздоўж загародкі, якая знаходзіцца на тэрыторыі заводу, чыгуначная станцыя расліна найперш прызначаная, каб прыбраць прапусціла і атрымаць новую ПЛІВУ» — прачытаўшы такі сказ, літоўскія чыноўнікі ня ведалі — плакаць ці смяяцца. Бо няясна, што там за чыгуначная станцыя, якая расліна чаго не прапусціла і пра які завод ідзе гаворка.

Ад макіяжу да пірага

«Сістэма макіяжу» — так апісваецца «функцыі дызайн раслінаў». Тут можна толькі здагадвацца, пра якую сістэму і расліны гаворка. Але мусібыць пра архітэктурныя асаблівасці праекту АЭС.

«Станцыя з прамысловай гасцёўняй, сабрала тры запісы: вонкавая агароджа, асноўны корпус», — так у дакуменце тлумачацца тэхнічныя параметры ядзернай электрастанцыі. Чыноўнікам літоўскага Міністэрства энэргетыкі не выпала высветліць, якая гасцёўня маецца тут на ўвазе.

«Апора пляча рэактара карабель падтрымлівае і вызначаныя кола апоры, замацаваная да падмурку ў гаспадарцы», — так беларусы тлумачаць, як яны будуць мантаваць рэактар. Аднак невядома, што гэта за карабель і што за гаспадарка.

«Сетачка мабільнага перамешвання і з „пірог“ фрагмент», — так у дакуменце апісваецца рэактар, аднак застаецца няясным, адкуль там пірог.

Як будзе працаваць рэактар? «Спусціць уніз паміж корпусам і валам сяродкі і праз дзірачкі ў дне шахты ліфта і кола пацверджаных камер ёсць тэлевізары», — тлумачаць будаўнікі Астравецкай АЭС.

«Узбекістан лічыцца ўдасканаленая дыска Сэма VAS-3, які пазней замяніць дыск і Сэма прызначаная змяніць жыццё зношаных» — тут апісваюцца мантаваныя дыскі, аднак літоўскім чыноўнікам так і засталося няясным, пры чым тут Узбекістан, хто такі Сэма і пра чые зношаныя жыцці тут пішуць. Узбекістан, дарэчы, ніяк ня ўдзельнічае ў праекце Астравецкай АЭС.

Дарэчы, некаторыя словы гугл так і ня здолеў перакласці, аднак Міністэрства энергетыкі Беларусі гэта не засмуціла. «Што да aux ogatelnoy тэма працы — рэзервуараў ачысткі дзьме off унутранага агню захавання» — так напісана ў надзвычай важным дакуменце, які беларускі ўрад перадаў літоўскаму.

«Пробы сведак» — так напісана ў тэхнічнай характарыстыцы рэактара.

Бальшыню сказаў наагул цяжка зразумець, бо перакладзеныя словы не пасуюць адны да адных.

Р.Швядас: гэта сведчыць пра стаўленне будаўнікоў да працы

Незалежны энэргетычны экспэрт, былы віцэ-міністр энэргетыкі Ромас Швядас таксама пазнаёміўся з дасланым беларусамі дакументам.

«Гэта цудоўна ілюструе іхняе стаўленне да працы. Калі АЭС можна будаваць абы-як, дык і дакументы на літоўскую мову можна перакладаць гугл-перакладчыкам», — сказаў Р.Швядас парталу 15MIN.lt.

Таму, даведаўшыся пра здарэнне, калі кагадзе абрынуліся апорныя канструкцыі ў адным з будаваных карпусоў, ён не здзівіўся.

«Аляксандр Лукашэнка там — вышэйшы за ядзерную бяспеку. Прэзідэнт вызначыў даты, калі мае быць пабудаваная АЭС, і будаўнікі спяшаюцца, спрабуюць паспець усё зрабіць на часе, не астацца. Таму і падаюць сцены на будаўнічай пляцоўцы», — разважаў экспэрт.

І сапраўды, будаўніцтва АЭС адбываецца паводле графіку.

Каментар міністра энэргетыкі Літвы Рокаса Масюліса пра дасланую Беларуссю Ацэнку ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, магчыма, перакладзеную гугл-транслэйтам:

«Хацелася б верыць, што такі крок Беларусі, як пераклад Ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе з дапамогаю гугл-транслэйта — гэта непаразуменне. Калі мы гаворым пра ядзерную бяспеку, такіх непаразуменняў не мусіла б быць».

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках