23 красавiка 2024, aўторак, 10:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рабочаму, якія пратэставаў на вежавым кране ў Менску, выплацілі частку грошай

24
Рабочаму, якія пратэставаў на вежавым кране ў Менску, выплацілі частку грошай
ФОТА: «ЕЎРАРАДЫЁ»

Дзмітрый Сталяроў, які забраўся на вежавы кран у Менску, атрымаў блізу 40 мільёнаў рублёў.

Па-першае, ён атрымаў інфармацыю, што створаная следчая група, правяраюцца фірмы, дзе маглі падманваць рабочых.

Па-другое, ААТ «Двенсстрой», які саступіў Дзмітрыю Сталярову ў судзе, пералічыла грошы на ягоны рахунак. Агулам пад 40 мільёнаў рублёў.

«Праўда, зняць іх я пакуль не магу. Спачатку адтуль вылічваюць грошы ў фонд сацыяльнай абароны і падаткі», - удакладняе Сталяроў.

Для сябе Дзмітрый падлічыў, што за некалькі гадоў працы будаўніком ён недаатрымаў ад розных працадаўцаў блізу 200 мільёнаў. Ягамосць мяркуе, што праблема сістэмная. Начальства з будаўнічых фірмаў выкарыстоўвае шэраг хітрыкаў, каб у разы зніжаць заробкі рабочым альбо ўвогуле іх не плаціць.

Калі праца выконваецца, рабочым часта кажуць, што яна зробленая няякасна ці быў перавыдатак матэрыялаў. Усё гэта вылічваецца з заробку, і застаецца мізэр. Аднак паводле дакументаў сітуацыя выглядае больш-менш абгрунтавана. Рабочыя часта не разбіраюцца ў юрыдычных нюансах і не ўмеюць правільна падпісваць паперы, тлумачыць Сталяроў.

У гутарцы з «Еўрарадыё» Зміцер згадвае яшчэ шэраг арганізацый, дзе ягоная спроба зарабіць грошы была няўдалай.

Напрыклад, больш за месяц ён працаваў на ААТ «Юніт-Альянс». Дырэктар кампаніі Максім Пахваленка не адмаўляе наяўнасці запазычанасці і нават называе яе суму - 66 тысяч беларускіх рублёў.

«Мы працуем авансам, - кажа Пахваленка. - Гэта значыць, дамаўляемся з людзьмі. Калі ў іх блізка заробак, пенсія, аванс, мы робім працу, а грошы забіраем пазней. І, адпаведна, заробкі рабочым плацім, калі разлічваюцца з намі. А Сталяроў сышоў і больш да нас не звяртаўся. Я ж не буду дзеля 66 тысяч яго па ўсім горадзе шукаць».

Пахваленка не сказаў, ці выплачваў што-небудзь Сталярову апроч названых 66 тысяч. Удакладніць інфармацыю ў дзень выхаду матэрыялу не выпала. Кіраўніцтва фірмы з'ехала ў выправу.

Сам Сталяроў смяецца, калі чуе інфармацыю аб заплаце 66 тысяч, за якую можна купіць толькі кілаграм каўбасак. Ён запэўнівае, што дарма адпрацаваў на «Юніт-Альянс» блізка што паўтары месяца.

«Няўжо за такі час маглі налічыць так мала! Напраўду заплата павінна быць не менш за 5-6 мільёнаў. І рамонт пластыкавых вокнаў рабіўся, і праца з балконамі. Ёсць шмат сведак, якія гэта бачылі. Працу ў «Юніт-Альянсе» я страціў пасля таго, як затэлефанавалі а 8-й вечара, загадаўшы ехаць на замер на супрацьлеглы канец горада. Я не змог. Назаўтра мяне звольнілі, не заплаціўшы ні шэлега. Гэтак жа не плацілі заробак шмат каму», - запэўнівае Сталяроў.

Заснавальнік ТАА «ЗорБуд» Сяргей Зорка (да ягонай кампаніі Сталяроў таксама мае фінансавыя прэтэнзіі) выстаўляе Дзмітрыя небяспечным для грамадства злодзеем.

У інтэрв'ю журналістам Сталяроў казаў, што, недаатрымаўшы заплату, у стане роспачы і безвыходнасці наважыў правучыць Зорку і скраў у яго інструмент на 18 мільёнаў. У выніку была распачатая крымінальная справа, неўзабаве адбудзецца суд.

«Я з ім разлічыўся, - у сваю чаргу запэўнівае заснавальнік «ЗорБуду». - І вінен яму не быў. Я маю ягоныя подпісы за кожны месяц, акты выкананых работ, то бок усе дакументы. Я буду падаваць на яго ў суд за дэзінфармацыю, так бы мовіць, бо гэта падрыў маёй рэпутацыі. Да таго ж ён мяне двойчы абкрадаў і ахоўніка траўмаваў балончыкам... Я ўвогуле не разумею, чаму гэты чалавек дагэтуль на волі!»

Сяргей Пільна называе Сталярова «бязрукім» і абураецца, што з яго вылепілі героя.

У адказ Дзмітрый Сталяроў кажа, што паводле дакументаў ягоная брыгада выконвала нізкакваліфікаваныя дапаможныя работы, але напраўду клала дарагую плітку, рабіла падвесную столь і гэтак далей. Усяму гэтаму, пераконвае Сталяроў, ёсць шмат довадаў. Спачатку размова ішла пра 8-10 мільёнаў на месяц для кожнага будаўніка, але напраўду хлопцы мелі ад мільёна да чатырох. І такая сітуацыя, як сцвярджае Сталяроў, здарылася не толькі з ягонай брыгадай.

Той самы крадзеж інструмента ў ТАА «ЗорБуд» здарыўся ў лютым.

«Прыняў змену, абышоў тэрыторыю. Сяджу, п'ю гарбату ў вагончыку. Як цяпер памятаю, была палова восьмай. Тут раптам удар, і святло згасла ў вагончыку, - успамінае ахоўнік Уладзімір Краўчук вечаровую сустрэчу са Сталяровым. - Выходжу на двор. Тут мне раптам - балончыкам па вачах. Ён быў у масцы. Я за вочы - а ён зайшоў у вагончык і ўзяў, што яму было патрэбна. Ён так прыходзіў і за месяц да гэтага. Добра, што не даў па галаве прэнтам. Яму не плацяць - дык вартаўнікі вінаватыя!»

У міліцыю тады затэлефанаваў яшчэ адзін ахоўнік. Пачаліся пошукі скрадзенага. Краўчук сказаў, што хада нападніка была як у Сталярова. Праваахоўнікі знайшлі скрадзены інструмент дома ў працоўнага. Так злачынства было выкрытае.

Краўчук, адрозна ад Сталярова, не мае прэтэнзій да «ЗорБуду» ў плане выплаты заробкаў:

«Штомесяц усё як належыць плацілі. А ён як працаваў, так і зарабляў. Набраў такіх дзяцей, як сам. Такіх хібаў нарабіў, што за ім усё перараблялі. Які ён прафесіянал - цвіка не можа забіць!»

Уладзімір Краўчук кажа, што і праз некалькі месяцаў у яго пабольваюць вочы, і ён не разумее, чаму рабочага-экстрэмала будуць судзіць за крадзеж, а не за рабунак.

Сам Сталяроў кажа, што адчувае віну перад траўмаваным ахоўнікам.

Выкарыстанне балончыка ён тлумачыць нечаканасцю: не думаў, што на тэрыторыі будоўлі ўвечары нехта ёсць.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках