29 сакавiка 2024, Пятніца, 1:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міклаш Харашці: Дэспатычны характар рэжыму ў Беларусі не змяніўся

5
Міклаш Харашці: Дэспатычны характар рэжыму ў Беларусі не змяніўся
Міклаш Харашці

Спецдакладчык аб Беларусі прэзэнтаваў свой чацвёрты даклад аб сітуацыі з правамі чалавека ў краіне.

21 чэрвеня ў рамках 32-га чарговага пасяджэння Рады правоў чалавека адбыўся інтэрактыўны дыялог са Спецыяльным дакладчыкам аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Міклашам Харашці, піша ПЦ "Вясна".

Падчас пасяджэння спецдакладчык аб Беларусі прэзэнтаваў свой чацвёрты даклад аб сітуацыі з правамі чалавека ў краіне.

"З моманту ўвядзення мандата Спецыяльнага дакладчыка аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі пасля жорсткага здушэння пратэстаў у снежні 2010 года дэспатычны характар рэжыму ў Беларусі не зведаў змен", - заявіў ён.

Таксама Міклаш Харашці адзначыў, што парушэнні працягваліся нават пасля заканчэння працы над дакладам і яго прэзэнтацыі ў красавіку сёлета.

"У Беларусі вырасла некалькі пакаленняў людзей, якія не ведаюць, што напраўду азначаюць, ці не маюць практычнага досведу карыстання такімі словамі, як "плюралізм", "свабода мастацкай творчасці", "свабода сродкаў масавай інфармацыі", "правы працоўных" і "свабоднае прадпрымальніцтва", - сказаў Спецыяльны дакладчык ААН.

"Мае высновы падкрэсліваюць, што трэба падтрымліваць цяперашні ўзровень кантролю з боку Арганізацыі Аб'яднаных Нацый за выкананнем Беларуссю сваіх абавязанняў у галіне правоў чалавека, асабліва ў святле будучых парламенцкіх выбараў. Я зноў звяртаюся з заклікам да ўлад узаемадзейнічаць з мандатам", - адзначыў Міклаш Харашці.

Харашці закончыў свой выступ, аддаўшы належнае арганізацыям грамадзянскай супольнасці і беларускіх праваабаронцаў, якія, "на шчасце, не здаюцца і працягваюць дзейнасць у Беларусі, нягледзячы на часта рэпрэсіўнае асяроддзе".

У сваю чаргу афіцыйны прадстаўнік Беларусі заявіў, што даклад спецдакладчыка не адлюстроўвае рэаліі Беларусі бесстаронна і аб'ектыўна.

"Беларусь адказна працуе са структурамі ў галіне правоў чалавека ў рамках Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Наша краіна двойчы прайшла працэдуру УПА, у 2010 і 2015 гадах. Цяпер наш урад прымае першы нацыянальны план дзеянняў краіны для рэалізацыі рэкамендацый УПА і дамоўных органаў ААН, ідэя якога з'явілася пасля сустрэчы прэзідэнта Лукашэнкі з Вярхоўным камісарам правоў чалавека ААН увосень мінулага года. Гэтая дзейнасць праводзіцца супольна з НУА", - адзначыў ён.

Са слоў прадстаўніка Беларусі, урад прапанаваў спадару Рааду Зэйду аль-Гусэйну наведаць краіну.

"Мы працягваем дзвюхстароннія кансультацыя з ЗША і Еўрапейскім звязам. Няма ніякіх праблем, якія б Беларусь не была ахвочая абмяркоўваць, у тым ліку смяротнае пакаранне і выбарчае заканадаўства", - падкрэсліў афіцыйны прадстаўнік краіны.

Таксама ён сказаў, што мандат спецдакладчыка павінен быць "скасаваны праз непатрэбнасць".

Прадстаўнік Расеі выказаў "глыбокую заклапочанасць у сувязі з працягам выбіральнага прыняцця рэзалюцый аб канкрэтных краінам", перадаючы пазіцыю "групы з чатырнаццаці краін-аднадумцаў" (Алжыра, Балівіі, Кітая, Кубы, Паўночнай Карэі, Эквадора, Індыі, Нікарагуа, Судана, Таджыкістана, Туркменістана, Вэнэсуэлы, Зімбабвэ і самой Расеі).

Прадстаўнікі ЕЗ, Гішпаніі, Польшчы, Вялікабрытаніі, Ісландыі, Нарвэгіі, Аўстраліі, Эстоніі, Ірландыі, Аўстрыі і Бэльгіі падкрэслілі адсутнасць супрацоўніцтва Беларусі са спецдакладчыкам ААН ды іншымі ўладальнікамі мандатаў, а таксама "немагчымасць наведаць краіну".

"Становішча ў галіне правоў чалавека па-ранейшаму пакідае жадаць лепшага", - сказаў польскі выступоўца.

Прадстаўнікі краін ЕЗ таксама адзначылі, што Беларусь працягвае ўжыванне смяротнага пакарання.

"Рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ, зробленыя пасля выбараў 2012 і 2015 гадоў, не былі выкананы ў поўным аб'ёме", - сказаў прадстаўнік Вялікабрытаніі.

Прадстаўнік ЗША заявіў, што беларускія ўлады працягваюць ужыванне "абмежаванняў супраць апазіцыйных партый, грамадзянскай супольнасці і незалежных сродкаў масавай інфармацыі".

"Свабода мірных сходаў сістэматычна парушаецца", - сказаў ён.

Ці будзе падоўжаны мандат Спецыяльнага дакладчыка аб Беларусі яшчэ на адзін год, стане вядома ў выніку галасавання, якое адбудзецца 30 чэрвеня.

Нагадаем, мандат Спецыяльнага дакладчыка аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі быў уведзены ў 2012 годзе ў сувязі з масавымі рэпрэсіямі ў краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. У адказ урад Беларусі заявіў, што не прызнае мандат спецдакладчыка і не будзе з ім узаемадзейнічаць.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках