18 красавiка 2024, Чацвер, 20:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юрый Хашчавацкі: Гнаць гэтую нечысць, як 70 гадоў таму

85
Юрый Хашчавацкі: Гнаць гэтую нечысць, як 70 гадоў таму
Юрый Хашчавацкі
ФОТА: CHARTER97.ORG

Сёння праходзіць чарговае, пятае па ліку, нашэсце на Беларусь.

Пра гэта ў інтэрв'ю charter97.org заявіў вядомы беларускі кінарэжысёр Юрый Хашчавацкі, каментуючы пяты «ўсебеларускі народны сход», які праходзіць у Менску.

- Як вы ацэньваеце сённяшняе мерапрыемства ўладаў?

- Адразу скажу: не слухаў, не ўключаў і не збіраюся. Некалі ў свой час Мікалай Халезін вельмі дакладна назваў усе гэтыя зборышчы «хэлоўінам».

Сэнсу для Беларусі ў гэтым «мерапрыемстве» не тое што няма - яно проста шкоднае. Там збіраюцца дзве з паловай тысячы памагатых дыктатарскага рэжыму, які давёў краіну да галечы. З іх дапамогай «усенародна абраны» дыктатар прадаўжае ўзурпаваць уладу.

Лукашэнка прызначыў гэта «мерапрыемства» на 22 чэрвеня. Ён, мабыць, наважыў, што гэтая сімволіка дапаможа яму хлусіць, што «мы ў коле ворагаў» і павінны «ўстаць на абарону айчыны», пад якой ён мае на ўвазе самога сябе.

Насамрэч - гэта глыбока сімвалічная дата. Гэта чарговае, якое праходзіць пятым разам, нашэсце на Беларусь. Я думаю, што ўжо ўсім у Беларусі гэта зразумела. Проста партызаны ёсць партызаны: яны да пары затаіліся. Але я ўпэўнены: гэты ступар, гэта здранцвенне - гэта часова.

Я думаю, беларусы хутка ўспомняць знакамітае «людзьмі звацца» і гэтыя словы стануць кіраўніцтвам да дзеяння. Гнаць гэтую нечысць, як і 70 гадоў таму - гэта проста неабходна.

А слухаць тое, што нясе гэты нібыта «ўсенародна абраны», я нават не збіраюся. І так зразумела, што гэта можа быць: «мы ў коле ворагаў», «крызіс навязаны нам Захадам», «мы тут ні пры чым», «у нас усё ў парадку».

Нягледзячы на такія заявы, усім даўно зразумела: давесці нашу прамысловасць да стану металалому трэба было ўмець, і рэжым «паспяхова» гэта зрабіў. Суверэнітэт Беларусі здадзены, на жаль Расеі, на якую толькі і спадзяецца дыктатар (хоць і спрабуе яшчэ нешта вымантачыць у Еўразвязу і МВФ). Вось да чаго прывяла гэтая цёмная калгасная ўлада.

Вось і сёння: сабраўся калгас, старшыня пагрыміць, памахае кулакамі, прыстрашыць, абвінаваціць ва ўсім Захад і апазіцыю...

А ніякіх рэформаў дыктатар усё адно не дапусціць. Усякія здаровыя рэформы разнявольваюць ініцыятыву людзей, а гэта прывядзе толькі да страты ягонай улады. А згубіць для яго ўладу - гэта страціць свае звышпрыбыткі ад шэрага і чорнага гандлю нафтапрадуктамі і «растваральнікамі». Зразумела, на якія чорныя грошы выбудаваныя ўсе гэтыя пасёлкі ў Драздах, дзе шыкуюць чыноўнікі, якія плацілі за камунальныя паслугі ў дзясяткі разоў менш, чым простыя беларусы.

Мне, як чалавеку, назіральніку такога жыцця цягам амаль 70 гадоў, цікава толькі адно: як хутка гэта скончыцца.

- Кожнаму з 2500 дэлегатаў «сходу» падарылі па планшэту Samsung, кошт якога супастаўны з сярэднім заробкам беларуса за месяц. Як вы гэта пракаментуеце?

- Гэта тыповая праява карупцыі. Лукашэнка раздае «дэлегатам» хабар, каб яны падтрымлівалі ягоны рэжым. Вось як гэта трэба кваліфікаваць.

Мы ўжо даўно ведаем: калі Лукашэнка абяцаў «змагацца з карупцыяй» - значыць, карупцыя зноў будзе ўкараняцца. Вось ён яе і ўкараняе. Ён плаціць і абдорвае гэтых халуёў, якія прыбылі на «ўсебеларускі народны сход». Ён плаціць участковым камісіям і іх старшыням, каб яны малявалі на «выбарах» патрэбныя лічбы.

Усё гэта - подкуп, карупцыя і крадзеж з бюджэту. Нас падманваюць за нашы ж грошы.

Напісаць каментар 85

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках