29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Журналіст-фрылансер: Лоеўскія міліцэйскія начальнікі жывуць «паводле паняццяў»

7
Журналіст-фрылансер: Лоеўскія міліцэйскія начальнікі жывуць «паводле паняццяў»

У аўторак Кастуся Жукоўскага брутальна затрымалі ў Лоеве.

21 чэрвеня ў Лоеве міліцыянты затрымалі, адвялі ў раённы аддзел і збілі журналіста Кастуся Жукоўскага і аператара Аляксея Атрошчанкава, якія здымалі на Лоеўскім цагляным заводзе. Іх шэсць гадзінаў пратрымалі ў пастарунку, надзелі кайданкі, здзекаваліся, выкручвалі рукі, кідалі на падлогу, білі нагамі, паведамляе «Радыё Свабода».

Яшчэ ў Лоеве Кастусь Жукоўскі адразу пасля інцыдэнту паехаў у Цэнтральны раённы шпіталь, і там зафіксавалі, што ў яго засталіся сляды ад кайданкоў на руках, драпіны на спіне, у раёне нырак і апухлая ключыца. Таксама праверылі на алкаголь. На наступны дзень, у сераду ўжо ў Гомелі Жукоўскі прайшоў судова-медыцынскую экспэртызу, якая таксама зафіксавала, што ёсць сляды ад кайданкоў, драпіны на спіне.

Цяпер хлопцы дамагаюцца, каб Следчы камітэт правёў праверку, распавёў Жукоўскі:

«Я напісаў яшчэ ў Лоеве заяву ў Следчы камітэт, каб правялі праверку аб факце збіцця журналістаў у раённым аддзеле міліцыі. Знарок не пісаў, каб завялі крымінальную справу, бо яны потым абвінавацяць мяне ў фальшывых сведчаннях, як ужо не адзін раз было. Мала таго, праверыць вельмі проста: на ўваходзе ў Лоеўскі РАУС вісіць відэакамера, і яна дакладна працавала. Ды паглядзіце вы відэазапіс, і ўсё стане зразумела!

Аляксей Атрошчанкаў таксама напісаў у службу бяспекі міліцыі, каб патлумачылі прычыны такога жорсткага абыходжання з імі. Яго вельмі жорстка затрымлівалі, закінулі ў аўто. Відэакамеру таксама шпурнулі - цяпер на корпусе трэшчына. Да таго ж, трымалі нас больш за 6 гадзін. Праваабаронца Леанід Судаленка дапамог нам скласці скаргі.

Я шмат у якіх рэгіёнах быў. Так, калі бачаць чалавека з камерай, абавязкова затрымліваюць, але ніколі не было так жорстка. Звычайна заканчвалася ўсё размовай з ідэолагам. А ў Лоеве, я мяркую, гэта мясцовая ініцыятыва. Прычым, здзіўляюць паводзіны міліцыянтаў і перакананасць, што ім усё дазволена. Калі я пачаў абурацца (маўляў, што вы робіце?), начальнік Лоеўскай міліцыі Уладзімір Бухавцоў на вуха гаварыў мне такія непрыстойнасці! Я яшчэ сказаў супрацоўнікам ДАІ: «Вы хочаце, каб у краіне быў парадак, калі так сябе паводзіць сам начальнік міліцыі?»

А намеснік начальніка міліцыі Генадзь Маджара з такой асалодай мяне душыў, рукі ламаў, нагамі біў па кайданках. Плечы баляць дагэтуль. Нас проста ламалі, ціснулі, выварочвалі рукі. І гэта ў самім РАУС! Такое ўражанне, што жывуць лоеўскія міліцэйскія начальнікі «паводле паняццяў».

22 чэрвеня журналісты, якія асвятляюць «ўсебеларускі народны сход», распавялі аб збіцці калегаў у Лоеве міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу:

«Усякая інфармацыя аб бяспраўных дзеяннях нашых супрацоўнікаў будзе правераная. У тым ліку і з гэтай нагоды. Мы ніводнага такога паведамлення не пакідаем без увагі. Дамо ацэнку і гэтым фактам. Наступалі на галаву, не наступалі... Ведаеце, на мой погляд не было ніякіх прычын супрацоўнікам органаў унутраных спраў так дзейнічаць. Я вельмі спадзяюся, што так яно і было», - пракаментаваў сітуацыю Шуневіч.

Нагадаем, незалежнага журналіста з Гомеля Канстанціна Жукоўскага ў гэтым годзе ўжо сем разоў судзілі за працу без акрэдытацыі на тэлеканале «Белсат». Агульная сума штрафаў журналістам у Беларусі ў такіх абвінавачваннях у гэтым годзе склала ўжо больш за 70 мільёнаў рублёў.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках