16 красавiка 2024, aўторак, 16:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску п'яны «бяспраўнік» зладзіў гонкі з ДАІ

6

Медычны агляд выявіў у яго амаль 2 праміле алкаголю.

Уночы 22 чэрвеня ў Менску супрацоўнікі ДАІ пераследвалі аўтамабіль Toyota Land Cruiser. Кіроўца спрабаваў уцячы на вялікай хуткасці, у тым ліку па дваровай тэрыторыі, праязджаў на чырвонае святло, выязджаў на паласу сустрэчнага руху, ігнаруючы патрабаванні аб спыненні. Урэшце ён прыехаў у тупік, дзе яго і затрымалі.

Як паведамілі карэспандэнту Onliner.by у ДАІ Менска, пад поўнач экіпаж нёс службу ў раёне развязкі вуліцы Ціміразева і МКАД. Міма праехаў чорны Toyota Land Cruiser, кіроўца якога не зрэагаваў на патрабаванні інспектараў аб прыпыненні. Пачаўся пераслед. Уцякач адразу ж паскорыўся да 140 км/г, прычым затым рэдка зніжаў хуткасць ніжэй за 100 км/г.

- Па Ціміразева праз Ждановічы паехалі ў бок мікрараёна Вяснянка. Адтуль праз двары да Арлоўскай, затым па праспекце Пераможцаў у бок цэнтра горада, зноў Арлоўская, Чарвякова, Харужай. Цягам 9 хвілін, пакуль доўжыўся пераслед, аб'ездзілі за ім ці ледзь не паўгорада, - распавялі ў ДАІ.

Кіроўца вёў сябе неадэкватна, здзяйсняў рызыкоўныя манеўры, праязджаючы на чырвонае святло і выязджаючы на паласу сустрэчнага руху. У рэшце ён заехаў на вуліцу Смаленскую, дзе ў дварах трапіў у тупік і спыніўся. У гэты момант яго затрымалі.

Высветлілася, што за стырном быў малады чалавек 1990 года нараджэння. Пасведчання кіроўцы ён ніколі не атрымліваў. Больш у самаходзе нікога не было. Аўтамабіль не яго, а, як хлопец сам сказаў, рабочы. Пакуль яго везлі на агляд, маладзён прасіў інспектараў не паведамляць пра здарэнне па месцы ягонай працы, бо звольняць пасля такога.

Медагляд выявіў у яго амаль 2 праміле алкаголю. Сам хлопец сцвярджаў, што выпіў блізу 2 літраў піва. У зробленым, прынамсі ў гутарцы з інспектарамі, раскайваўся.

У выніку агулам у дачыненні да кіроўцы было складзена 8 адміністрацыйных пратаколаў. Хутчэй за ўсё, ён, акрамя вялікага штрафу, будзе пазбаўлены права кіраваць транспартнымі сродкамі (г.зн. магчымасці атрымаць пасведчанне кіроўцы ў ягоным выпадку) найбліжэйшыя гады.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках