28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Брытанія застаецца часткай Захаду і еўрапейскай цывілізацыі

3
Зміцер Бандарэнка: Брытанія застаецца часткай Захаду і еўрапейскай цывілізацыі
Фота: Getty Images

Нягледзячы на вынікі рэферэндуму, Вялікая Брытанія па-ранейшаму будзе шчыльна звязаная з Еўразвязам, ЗША і NATO.

Пра гэта ў інтэрв'ю charter97.org заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка, каментуючы вынікі рэферэндуму ў Вялікай Брытаніі, на якім большасць жыхароў краіны выказалася за выхад з Еўразвязу.

- Як вы пракаментуеце вынікі рэферэндуму ў Брытаніі?

- Здарылася тое, што здарылася. Я асабіста хацеў, каб Брытанія заставалася ў Еўразвязе, але брытанцы вызначылі па-іншаму. І ўся Еўропа павінна паважаць меркаванне народа.

Безумоўна, людзі найперш выказаліся супраць палітыкі сваёй улады: гэта рэакцыя на тое, што цягам апошніх 20-ці гадоў наплыў мігрантаў з усяго свету ў Вялікую Брытанію быў проста велізарным.

Гэтаму таксама спрыяла ўстойлівасць брытанскай валюты і высокі курс фунта. Мы ведаем, напрыклад, што ў Брытаніі жывуць і працуюць амаль мільён палякаў. Апошнім часам на выспы накіраваліся і сотні тысяч балгараў і румынаў, якія атрымалі магчымасць там працаваць.

Але міграцыйную палітыку вызначаў не Брусэль. Брытанія не ўваходзіць у Шэнгенскую зону, і яе ўлады маглі праводзіць больш самастойную палітыку ў гэтым пытанні. Гэтым рэферэндумам частка брытанскіх палітыкаў, асабліва кансерватары, паспрабавалі адцягнуць увагу ад сябе.

З іншага боку, нічога страшнага не адбылося, бо Брытанія першапачаткова знаходзілася ў ЕЗ на падставе спецыяльнага пагаднення. Вялікая Брытанія не перастане быць часткай еўрапейскай цывілізацыі, часткай агульнаеўрапейскай эканомікі і будзе мець спецыяльнае пагадненне з Еўразвязам, знаходзячыся па-за ім.

Мы ведаем, напрыклад, што Нарвэгія з'яўляецца чальцом NATO, але не ўваходзіць у ЕЗ, і з'яўляецца чальцом Шэнгенскага пагаднення. Таксама і Швайцарыя з'яўляецца ўдзельніцай Шэнгенскай дамовы, не ўваходзячы ў Еўразвяз.

Вядома, што дзеля прэферэнцый на рынку ЕЗ Нарвэгія плаціць спецыяльныя ўнёскі. Ёсць меркаванне, што Брытанія, аналагічна Нарвегіі, будзе рабіць пэўныя ўнёскі ў бюджэт Еўразвязу, але на 8,5% менш, чым цяпер. Фактычна, эканамічны «кошт» Brexit палягае ў гэтых 8,5%.

- Як выхад Брытаніі агулам адаб'ецца на Еўразвязе і на ягоных палітычных санкцыях супраць Расеі?

- Брытанія па-ранейшаму застаецца сябрам NATO. Можна сказаць, што Захад сёння геапалітычна складаецца з трох частак: ЗША, ЕЗ і Японія. Мы ведаем, што паміж ЗША і Еўразвязам існуюць вельмі шчыльныя стасункі. Нягледзячы на розныя падыходы, якія часам узнікаюць да тых ці іншых праблем, ЗША і Еўразвяз заўсёды каардынавалі сваю замежнапалітычную лінію, у тым ліку ў дачыненні да Расеі.

Ідуць перамовы аб стварэнні зоны свабоднага гандлю паміж ЗША і Еўразвязам. Гэта пагадненне мела на ўвазе да сённяшняга дня і Вялікабрытанію. Калі яно будзе рэалізаванае, Брытанія будзе асобным ад ЕЗ чальцом зоны свабоднага гандлю, але гэта ўсё адно азначае шчыльную каардынацыі паміж ЗША, Еўразвязам і Вялікабрытаніяй. Заходні свет - гэта і агульныя цывілізацыйныя карані, і вельмі шчыльная эканамічная ўзаемазалежнасць.

Палітыка Захаду будзе па-ранейшаму каардынавацца як у рамках «Вялікай сямёркі», так і ў рамках NATO.

- Ці выхад Брытаніі з ЕЗ дасць нагоду еўраскептыкам заяўляць пра ўзмацненне сваіх пазіцый?

- Безумоўна, будуць заявы еўраскептыкаў і нацыяналістаў у многіх краінах Еўропы. Цяпер кажуць пра надыход часу «нацыянальнага эгаізму» у ЕЗ. З іншага боку, Еўропа - гэта дэмакратыя, а дэмакратыя пры сваіх шматлікіх хібах з'яўляецца саманаладным механізмам.

Адзіная небяспека ў тым, што ЕЗ сапраўды былі дапушчаныя памылкі ў правядзенні міграцыйнай палітыкі. Не скажу, што яна ўся была памылковай, але былі дапушчаныя пралікі як нацыянальнымі ўрадамі еўрапейскіх краін, так і Брусэлем.

Гэта з'яўляецца галоўнай прычынай, якая выклікае рост нацыяналістычных настрояў у розных краінах Еўропы. Мультыкультурнасць і змяненне ладу жыцця ў частцы еўрапейскіх грамадстваў выклікалі пратэсты ў Брытаніі, і гэта можа паўтарыцца ў іншых краінах.

Але трэба адзначыць, што ў Брытаніі галасавалі супраць ЕЗ пераважна людзі старэйшага пакалення. Яны не могуць прыстасавацца да зменаў традыцыйнага ладу жыцця. Як нашы пенсіянеры сумуюць па СССР, так і ангельскія пенсіянеры цяпер галасавалі за «старую добрую Англію».

Але вяртанне ў гэтую сітуацыю немагчымае: Брытанія цяпер не з'яўляецца сусветнай імперыяй, але ў часткі насельніцтва засталіся гэтыя фантомныя ўяўленні аб уласнай «імперскай велічы».

Я магу спрагназаваць, што частка людзей у Брытаніі ў кароткатэрміновай перспектыве зразумее, што рэферэндум быў памылковай пастановай. І гэта не стане станоўчым прыкладам для папулістаў у Еўропе.

За вынікамі рэферэндуму хаваецца дэмаграфічная праблема ўсёй Еўропы, у тым і ліку і Вялікабрытаніі. Бо для таго, каб падтрымліваць сённяшнія стандарты, каб узровень жыцця брытанскіх і еўрапейскіх пенсіянераў быў высокім - менавіта для гэтага іх урады праводзілі палітыку «шырока адчыненых дзвярэй» для замежных работнікаў.

Тут, на мой погляд, будзе знойдзеная нейкая «залатая сярэдзіна». Замежныя рабочыя патрэбныя ва ўсіх краінах ЕЗ, яны ствараюць багацце гэтых дзяржаў. Але з іншага боку, мультыкультурнасць выклікае пратэст у карэннага насельніцтва і стварае пажыўнае асяроддзе для еўрапейскіх папулістаў.

- Як выхад Брытаніі з ЕЗ адаб'ецца на Беларусі?

- Беларусь павінна задумацца аб тым, што з'явілася першапрычынай гэтай праблемы. Але мы да развязання дэмаграфічнай праблемы нават не падступалі. Калі ў Брытаніі больш за 2,5 рабочыя, якія працуюць на аднаго пенсіянера, то ў Беларусі - блізу 2-х і нават менш.

Мы павінны разумець, што нашае старэйшае пакаленне проста асуджанае на самую нізкую пенсію ў Еўропе.

Па-другое, Беларусі проста трэба ўступаць у Еўразвяз і мець з ім самыя блізкія эканамічныя дачыненні. Тэхналагічнае пераўзбраенне і мадэрнізацыю эканомікі і грамадства можна правесці толькі знаходзячыся ўнутры ЕЗ і з яго дапамогай.

А сам рэферэндум адаб'ецца толькі ў тым плане, што можа пагоршыцца агульнасусветная эканамічная кан'юнктура і ўпадуць кошты нафты. Значыць, расейскія датацыі для Беларусі будуць памяншацца. Беларусь будзе заставацца ў фазе застою, але гэта звязана з яе ўнутранай палітыкай і стаўкай на адсталы Еўразійскі саюз. А ўплыў брытанскіх падзей будзе мінімальным, выключна праз падзенне коштаў нафты.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках