20 красавiка 2024, Субота, 16:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Нямеччыне падрыхтавалі план асацыяцыі Вялікай Брытаніі ды ЕЗ

1
У Нямеччыне падрыхтавалі план асацыяцыі Вялікай Брытаніі ды ЕЗ

Пасля выхаду Вялікай Брытаніі з Еўразвязу ёй нададуць статус «асацыяванага партнёра» ЕЗ.

Нямеччына пачне рэалізацыю экстранага плана, распрацаванага на выпадак выхаду Вялікай Брытаніі з Еўразвязу, які прадугледжвае канчатковай мэтай наданне каралеўству статусу «асацыяванага партнёра» ЕЗ. З васьмістаронкавым дакументам, падрыхтаваным міністэрствам фінансаў Нямеччыны, азнаёмілася выданне Handelsblatt (пераклад - РБК).

У «Нямецкай стратэгіі аб выхадзе Вялікай Брытаніі з ЕЗ», гаворыцца, што Лондану будуць «прапанаваныя канструктыўныя перамовы». Гэтыя абмеркаванні будуць не простымі, папярэджваюць у нямецкім Мінфінансаў. На іх пойдзе гаворка аб выхадзе Вялікай Брытаніі з Еўрапейскага інвестыцыйнага банка, бюджэтных правах і абавязках. Таксама паўстане пытанне аб тым, ці зможа Вялікая Брытанія ў наступным годзе старшыняваць у ЕЗ, як гэта было запланавана.

Паводле еўрапейскага заканадаўства на пераходны перыяд у выпадку выхаду краіны з Еўразвязу адводзіцца не менш за два гады. У Берліне спадзяюцца ўкласціся з перамовамі ў гэты тэрмін, адзначаецца ў дакуменце, і пасля гэтага дамовіцца аб тым, каб у выніку Вялікая Брытанія атрымала статус «асацыяванага партнёра».

Нямеччына пры гэтым заклікае не ісці на вялікія саступкі. Прынамсі, «не можа ісці і гаворкі аб аўтаматычным доступе на ўнутраны рынак ЕЗ», гаворыцца ў дакуменце. Выданне тлумачыць, што калі Вялікая Брытанія зможа карыстацца перавагамі еўрапейскага рынку, не будучы чальцом ЕЗ, то за ёй могуць рушыць услед і іншыя дзяржавы.

«Маштаб і наступствы эфекту пераймання будуць у значнай ступені залежаць ад таго, як паступяць з Вялікай Брытаніяй», - падкрэсліваецца ў дакуменце нямецкага мінфінансаў. Сярод магчымых паслядоўнікаў, якія жадаюць парваць з дамінаваннем Брусэлю, Handelsblatt называе Францыю, Аўстрыю, Фінляндыю, Нідэрланды і Вугоршчыну.

Паводле вынікаў рэферэндуму большасць брытанцаў выказаліся за выхад краіны з ЕЗ. Прэм'ер-міністр Дэвід Кэмеран, які стаў ініцыятарам волевыяўлення, але выступаў за захаванне сяброўства ў Еўразвязе, заявіў аб адстаўцы. Ён будзе кіраваць урадам да партыйнага з'езду ў кастрычніку, калі будзе абраны ягоны пераемнік.

Федэральная канцлерка Ангела Мэркель, каментуючы брытанскі рэферэндум, заклікала спакойна прааналізаваць сітуацыю і не спяшацца з высновамі. Яна падкрэсліла, што Вялікая Брытанія і Еўразвяз павінны захаваць у будучыні цесныя сувязі паміж сабой.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках