28 сакавiка 2024, Чацвер, 23:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мінпрацы: Беларусы згодныя на нізкія пенсіі

47
Мінпрацы: Беларусы згодныя на нізкія пенсіі

Беларусы згодныя, каб іхнія пенсіі былі ў 5 разоў меншыя, чым у Батуры, заявілі ў Мінпрацы.

Пра гэта charter97.org паведамілі ў прэс-службе БХД.

Беларускія хрысціянскія дэмакраты атрымалі адказ з Міністэрства працы і сацыяльнай абароны на калектыўны зварот больш чым 1000 грамадзян. Адказ падпісаў намеснік міністра Валерый Кавалькоў.

У звароце прапаноўвалася ўнесці ў закон «Аб пенсійным забеспячэнні» панятак «страхавога стажу», які б уключаў перыяды праходжання вайсковай і альтэрнатыўнай службы; атрымання дапамогі паводле абавязковага сацыяльнага страхавання падчас часовай непрацаздольнасці; дагляду адным з бацькоў кожнага дзіцяці да дасягнення ім трох гадоў; атрымання дапамогі з прычыны беспрацоўя; утрымання пад вартай асоб, неабгрунтавана прыцягнутых да крымінальнай адказнасці, неабгрунтавана рэпрэсаваных і пасля рэабілітаваных, і перыяд адбыцця пакарання гэтымі асобамі ў месцах пазбаўлення волі і высылкі; дагляду інваліда I групы, дзіцяці-інваліда, што ажыццяўляецца працаздольнай асобай або асобай, якая дасягнула 80 гадоў.

Таксама прапаноўвалася пачаць з дапамогай дзяржаўных СМІ кампанію абмеркавання ў грамадстве розных прапаноў для рэфармавання пенсійнай сістэмы, забяспечыць аднолькавы ўзровень працоўных пенсій для ўсіх катэгорый грамадзян незалежна ад іх былога сацыяльнага статусу, стварыць назапашвальны (страхавы) пенсійны фонд, адкрыць у ім страхавыя індывідуальныя рахункі для кожнага грамадзяніна і перадаць у яго не менш за 25% акцый дзяржпрадпрыемстваў і 25% сродкаў ад прыватызацыі, дзяржмаёмасці і інвеставаць гэтыя сродкі ў прыбытковыя прадпрыемствы. Акрамя таго, падпісанты выступалі за тое, каб вярнуць агульны ўзрост выхаду на пенсію для мужчын - 60 гадоў.

Але ў адказе паведамляецца, што перыяды дзейнасці (напрыклад, вайсковай службы, догляду, атрымання дапамог), калі выплата страхавых унёскаў не была зробленая, не могуць залічвацца ў страхавы стаж, а ў СМІ і так нібыта шырока, адкрыта і даступна для кожнага абмяркоўваюцца пытанні, якія тычацца пенсійнай сістэмы і шляхоў яе ўдасканалення.

Пры гэтым, заяўляюць у Міністэрстве, "устанаўленне аднолькавага ўзроўню працоўных пенсій (роўных пенсій) пераважнай большасцю грамадзян не падтрымліваецца". Пенсійныя ж назапашванні плануецца развіваць выключана на добраахвотнай падставе, а павышэнне пенсійнага ўзросту робіцца "з улікам дэмаграфічных тэндэнцый, сацыяльных аспектаў, а таксама патрэб у дадатковых сродках на фінансаванне пенсій насельніцтва, якое старое".

"З улікам выкладзенага, прапанаваныя ў калектыўным звароце крокі для рэформы пенсійнай сістэмы не падтрымліваюцца", - адзначыў Валерый Кавалькоў.

"Адказ намесніка міністра працы на калектыўны зварот больш за 1000 грамадзян - гэта не адказ, а цырк. Мы прапанавалі з дапамогай дзяржаўных СМІ распачаць кампанію абмеркавання прапаноў для рэфармавання пенсійнай сістэмы. У развітых краінах такія пастановы, як павышэнне пенсійнага ўзросту не прымае аднаасобна прэзідэнт, яны абмяркоўваюцца ў грамадстве не адзін год. А нам міністэрства адказвае, што дыскусія адкрытая для кожнага", - адзначыла лідарка Хрысціянска-дэмакратычнага руху Вольга Кавалькова.

Паводле ейных слоў, чыноўнікі жывуць у нейкай іншай Беларусі. "У іх там і доступ у СМІ і 36 000 працоўных месцаў, як мне сказаў намеснік міністра працы у гутарцы, і беспрацоўе 0,8%. Яны пішуць пра негатыўны досвед іншых краін і не гавораць пра паспяховы. Ды яны яшчэ і хлусяць у сваіх адказах. Пішуць, што ім прыходзяць звароты аб тым, што людзі згодныя атрымліваць пенсію ў 5 разоў меншую, чым, напрыклад, у Батуры - былога кіраўніка Менскай і Магілёўскай абласцей, які атрымлівае 15 млн рублёў. Пасля такіх адказаў відавочна, што свайго плана рэфармавання пенсійнай сістэмы ў чыноўнікаў няма. Яны не думаюць, як павысіць пенсіі простым грамадзянам, што адпрацавалі на гэтую краіну. Яны думаюць, як захаваць высокі ўзровень пенсіі чыноўнікам за кошт павышэння і павышэння пенсійнага ўзросту. І такую ўладу трэба мяняць", - падкрэсліла кіраўніца ХДР.

Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках