25 красавiка 2024, Чацвер, 18:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Заплацім 10 мільярдаў і будзем чухаць патыліцу?

13

Будаўніцтва АЭС у Беларусі выглядае як вар'яцтва і авантурны праект.

Пра гэта заявіў лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька ў размове з лідарам апазіцыі ў Сэйме Літвы Андрусам Кубілюсам.

Анатоль Лябедзька: Пяць хвілін пра галоўнае. А галоўнае - гэта бяспека. І калі мы чуем словазлучэнне «Астравецкая атамная станцыя», пачуцця выгоды не ўзнікае. Прычым ні ў Беларусі, ні, як я разумею, у Літве.

Наш суразмоўца - лідар палітычнай апазіцыі ў Сэйме Літвы, у блізкай мінуўшчыне - прэм'ер-міністр Андрус Кубілюс.

Першае пытанне. Вось калі б была магчымасць асабіста Лукашэнку, прэм'еру, ураду сказаць два галоўныя НЕ, чаму вы кажаце НЕ Астравецкай атамнай станцыі?

Андрус Кубілюс: Першае НЕ - бо яна будуецца за 40 км ад Вільні. Ведаючы, якія небяспекі могуць узнікнуць праз нейкія тэхнічныя праблемы на такой электрастанцыі, мы бачым вельмі вялікую пагрозу для існавання нашай сталіцы наогул.

Анатоль Лябедзька: Бяспека.

Андрус Кубілюс: Так, для бяспекі нашай сталіцы. І таму мы вельмі цвёрда кажам: «Не. Мы не згодныя з развіццём такога праекта менавіта на гэтай пляцоўцы - 40 км ад нашай сталіцы». Таму мы вельмі выяўна кажам, што мы не будзем дазваляць гэтай электрастанцыі выкарыстоўваць нашу электрычную сістэму. А тыя, хто займаецца энэргетыкай, яны разумеюць, што без нашай сістэмы гэтую электрастанцыю будзе цяжка пусціць у жыццё. І другое - мы не будзем купляць электрычнасць ад гэтай электрастанцыі.

Анатоль Лябедзька: Ці варта гэта разумець так, што, фактычна, вы перацінаеце такім чынам кісларод для жыццядзейнасці гэтай станцыі?

Андрус Кубілюс: Так. У пэўным плане мы кажам, што не разлічвайце на тое, што вам будзе створаная магчымасць выкарыстоўваць нашу электрасістэму, а гэта, вядома, робіць ўвесь праект эканамічна вельмі і вельмі абцяжараным. Так што…

Але тут у нас альтэрнатыў няма, мы кажам: «Давайце, выбірайце іншую пляцоўку».

Анатоль Лябедзька: Але вы не толькі кажаце, вы і дзейнічаеце. Цяпер можна бачыць вас і вашых калег з кансэрватыўнай партыі, якія на вуліцах збіраюць подпісы...

Андрус Кубілюс: Ва ўсёй Літве на прыкладна такіх бочках металічных, проста пафарбаваных у такія радыеактыўныя колеры, мы збіраем подпісы пад заканадаўчай ініцыятывай, у якой просім людзей падтрымаць праект закона, які акурат бы ўпаўнаважыў урад ажыццяўляць вось такую...

Анатоль Лябедзька: Жорсткую пазіцыю.

Андрус Кубілюс: Жорсткую пазіцыю. Гэта значыць не даць магчымасць выкарыстоўваць нашу электрасістэму і не купляць электрычнасць на нашым рынку. І я бачу, сапраўды, што ў гэтым плане няма вялікай супярэчнасці паміж рознымі партыямі. Проста мы хочам сабраць як мага больш подпісаў, каб і для «Росатаму» і для ўрада ў Менску было ясна, што гэта не нейкія палітычныя гульні ў Літве, а што гэта вельмі выяўная пазіцыя ўсяго грамадства Літвы.

Анатоль Лябедзька: Ну, Аляксандр Лукашэнка вам ужо адказаў: «Ну, не хочаце, каб мы прасоўвалі нашу танную электраэнэргію ў Еўропу, мы будзем катацца усе на электрамабілях, на электрароварах...» Ці мае гэта наогул нейкую эканамічную мэтазгоднасць?

Я чаму кажу - мы з вамі надоечы ўдзельнічалі ў адным агульным праекце - канферэнцыі, дзе і літоўскія былі экспэрты, і беларускія - усе яны самае галоўнае бяруць калькулятар і лічаць. І кажуць, што тут няма ніякай эканамічнай мэтазгоднасці.

Андрус Кубілюс: Наколькі мы разумеем, вось тыя лічбы, якія былі паказаныя на той канферэнцыі, то сапраўды, нават калі б і не было тых праблем з бяспекай, то купляць электрычнасць ад гэтай атамнай электрастанцыі для нас было б вельмі дорага.

Мы цяпер маем магчымасць атрымліваць і танную скандынаўскую электраэнэргію, мы маем мост, які лучыць нас і з Польшчай. Мы самі думаем пра развіццё сваіх энэргамагутнасцяў. Ну, а з другога боку, мы, вядома, не хочам плаціць свае грошы за такі праект, які стварае для нас вельмі вялікую небяспеку, для існавання нашай сталіцы.

А мы бачым, гэты праект быў задуманы не толькі ў Менску, але і ў Маскве «Росатамам» як праект, які павінен вырабляць электраэнергію для экспарту ў такія краіны, як Літва ды іншыя еўрапейскія краіны. Але мы кажам тут: «Не. Гэтага не будзе».

Анатоль Лябедзька: Ну, што ж, гэтая тэма не сканчаецца сёння, у гэтай перадачы. У Літве - выбары ў кастрычніку сёлета. У нас, на жаль, толькі «парламенцкая кампанія», але як нашы літоўскія партнёры, так і сябры Аб'яднанай грамадзянскай партыі сёння кажуць катэгарычнае НЕ з цэлага шэрагу прычын атамнай электрастанцыі.

Сёння гэта выглядае больш як вар'яцтва, як авантурны праект. Таму падчас «парламенцкай кампаніі» у нас і выбараў у вас гэтая тэма будзе гучаць, і тут мы – партнёры.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках