28 сакавiка 2024, Чацвер, 23:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Затрыманне Мікіты Белых можа быць звязанае са справай бізнэсоўца-беларуса

Затрыманне Мікіты Белых можа быць звязанае са справай бізнэсоўца-беларуса

Былы намеснік кіраўніка Кіраўскай вобласці Мікіта Белых звязвае затрыманне з беларускім бізнэсоўцам Альбертам Ларыцкім.

Губернатар Белых быў затрыманы ў адной з рэстарацый гандлёвага комплексу «Лотте-плаза» ў Маскве. Затым яго адвезлі ў цэнтральны апарат Следчага камітэта (СК) для допыту і следчых дзеянняў. Справа распачатая паводле артыкула 290 частка 6 КК РФ (атрыманне хабару), піша «Штодзённік».

Афіцыйны прадстаўнік СК Уладзімір Маркін паведаміў, што губернатара падазраюць у хабары сумай 400 тысяч еўраў. На думку следства, Мікіта Белых за хабар дапамагаў адміністратыўным рэсурсам уладальніку АТ «Новавяцкі лыжны камбінат» і ТАА «Лесагаспадарчая кіроўная кампанія». Таксама Белых, як сцвярджае СК, спрыяў інвестпраектам іншых кампаній Кіраўскай вобласці.

Мікіта Белых з'яўляецца адзіным затрыманым у справе аб хабары. Прэтэнзій да асоб, якія перадавалі грошы чыноўніку, у следчых няма. Губернатара затрымалі пры атрыманні другой раты хабару, што праходзіла ўжо пад кантролем сілавікоў. Грошы, кажа крыніца «Інтэрфакса», перадаваў прадстаўнік лесагаспадарчай кіроўнай кампаніі.

Лесагаспадарчую кіроўную кампанію СМІ звязваюць з прадпрымальнікам, беларускім грамадзянінам Альбертам Ларыцкім. У справе Белых згадваецца і Новавяцкі лыжны камбінат, які раней таксама быў падкантрольны Ларыцкаму. Прадпрымальнік быў добра знаёмы з Белых і знаходзіўся з ім у прыяцельскіх дачыненнях. Цяпер Ларыцкі, затрыманы летам у Маскве, знаходзіцца ў зняволенні ў «Лефортаве».

Следчыя вызначылі, што ў 2010 годзе камбінат, які даўно ўжо вырабляў не лыжы, а драўняную пліту, уклаў кантракт са швэйцарскай фірмай Champion Chemicals AG. Гэтая фірма была падкантрольная Ларыцкаму. Кампанія павінна была даць вяцкаму прадпрыемству абсталяванне для вытворчасці ДСП, а Ашчадбанк адкрыў пад гэта крэдыт. Як мяркуюць следчыя, 4,6 млн даляраў былі пераведзеныя на рахунак Champion Chemicals, а затым - на асабісты рахунак Ларыцкага ў банку Credit Suisse.

У лютым адвакаты Ларыцкага заявілі, што іх падабаронны ўклаў дасудовае пагадненне, выкрыў магчымых саўдзельнікаў і разлічвае на літасць суда. Магчыма, з гэтым і звязанае затрыманне Белых.

Экс-намеснік кіраўніка вобласці Сяргей Карнавухаў заявіў Gazeta.ru, што крымінальная справа сапраўды можа мець дачыненне да Ларыцкага.

«Ларыцкі сам па сабе незвычайны персанаж, пра якога вядома нямала гісторый. Напрыклад, купля самалёта ў Шумахера, на якім яны потым лёталі з губернатарам, што выклікала раздражненне ў некаторых вышэйшых інстанцыях, - мяркуе Сяргей Карнавухаў. - Ларыцкі паставіў на канвеер засваенне актываў, зямель і крэдытаў. Я думаю, што ў кантэксце сённяшняга затрымання можа быць узнятая і развязаная маса «клубкоў».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках