25 красавiка 2024, Чацвер, 16:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Памёр кампазітар Сяргей Картэс

8
Памёр кампазітар Сяргей Картэс
Сяргей Картэс

Сёння, у адзін дзень з акторам Расціславам Янкоўскім, памёр класік беларускай музыкі, кампазітар Сяргей Картэс.

26 чэрвеня на 82-м годзе жыцця памёр народны артыст Беларусі, кампазітар Сяргей Картэс. Пра гэта прыкладна а 20.30 паведаміў у «Фэйсбуку» сын кампазітара - таксама Сяргей Картэс, паведамляе БелаПАН.

У 20-я гады ХХ стагоддзя сям'я маці Картэса эмігравала з Расеі ў Чылі. Бацька Сяргея Картэса - чыліец. Будучы кампазітар нарадзіўся 18 лютага 1935 года і першыя 20 гадоў жыцця правёў у Аргенціне, вучыўся музыцы ў Буэнас-Айрэсе. У 1947 годзе яго сям'я падала прашэнне аб савецкім грамадзянстве. Прыезд у СССР стаў магчымым у 1955 годзе. Месцам пражывання быў вызначаны Менск, дзе Картэс скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класе кампазіцыі прафесара Багатырова.

Сяргей Картэс аўтар дзесяткаў музычных партытур да драматычных спектакляў, пастаўленых у розныя гады ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага, у Моладзевым тэатры, у Тэатры юнага гледача, Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа. Ён таксама з'яўляецца аўтарам музыкі да многіх фільмаў, у ліку якіх такія папулярны, як «Вазьму твой боль» і «Чорны замак Альшанскі».

Міжнародную вядомасць кампазітару прынеслі інструментальныя, а таксама вакальныя і вакальна-сімфанічныя цыклы на вершы Яўгена Еўтушэнкі, Янкі Купалы, Максіма Танка, Гарсія Лоркі, Нікаласа Гільена, Жака Ленуара.

З 1991 года Сяргей Картэс быў дырэктарам Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі і мастацкім кіраўніком оперы, з 1996 да 2002 года кіраваў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатрам оперы.

Кампазітарам напісана пяць опер: «Джардана Бруна», «Матухна Кураж», «Візіт дамы», а таксама аднаактовыя «Юбілей» і «Мядзведзь» паводле твораў Антона Чэхава. Яго балет «Апошні Інка» з поспехам быў пастаўлены ў Гаване.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках