19 сакавiка 2024, aўторак, 11:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Марсіянскі жук і тыя, хто на варце

26
Марсіянскі жук і тыя, хто на варце
Уладзімір Халіп

Гэтае здарэнне адбылося ў ваколіцах Драздоў. Напярэдадні лёсвавызначальнага з’езда, апоўдні.

Над садовым таварыствам “Чырвона-зялёны земляроб” завісла раптам іншапланетная талерка. Так, самая сапраўдная. Марсіяне дзейнічалі хутка, дакладна, у адпаведнасці з загаддзя распрацаваным планам. Разгарнуліся ў ланцуг, прачасалі пасёлак. Хапалі не абы каго, а толькі кветкаводаў-аматараў. Менавіта тых, у каго на шасці сотках ужо квітнела і буяла новаствораная кветачка - фуксія пупырчатая. Захопленых сагналі ў асобны будынак. Зачынілі. Навесілі замок і…

Чорта ім лысага!

Гарант усіх нашых вольнасцяў і калектыўнай бяспекі сэрцам адчуў штосьці нядобрае. Выклікаў спецназ, амон і ўсю каралеўскую раць. Не прайшло і некалькі хвілін, як ужо вызваленыя кветкаводы беглі апантана да сваіх знявечаных сотак, выкрыкваючы словы ўдзячнасці на адрас тых, хто заўсёды на варце. А нахабная талерка, замятаючы сляды, знікла недзе ў цьмянай прасторы далёкіх сузор’яў.

Падчас агляду месца здарэння аператыўнікамі выяўлены каларадскі жук асабліва буйнога памеру і несумненна марсіянскага паходжання. Узбуджана крымінальная справа па факце іншапланетнага тэрарызму і спробе каляровай рэвалюцыі.

Глупства, абы што, такога не было і быць не магло? Тым больш, напярэдані з’езда. А як жа ў такім выпадку ўспрыймаць вось гэты пасаж з рапарту высокага міліцэйскага начальніка на прэс-канферэнцыі, якая адбылася прыкладна ў той жа час. Тэкст распаўсюджаны шмат якімі аўтарытэтнымі агентствамі. Цытуем без перакладу: “Личный состав Главного управления будет переведен на усиленный вариант несения службы. Места проведения официальных мероприятий будут взяты под круглосуточную охрану. Все здания, где будут проходить мероприятия собрания, предварительно обследуют саперно-пиротехнические подразделения. Для координации органов внутренних дел в ГУВД Мингорисполкома и Министерства внутренних дел будут функционировать оперативные штабы”.

Гэта ж проста жах, што робіцца ў нашай краіне! Нават уявіць страшна, што ўсіх тут чакае, калі нават для правядзення звычайнага сходу фанатаў дзеючага рэжыму патрабуюцца надзвычайныя меры. Мала ўзмоцненага варыянту нясення міліцэйскай службы, дык яшчэ ў дадатак і сапёрна-піратэхнічныя падраздзяленні, і аператыўныя штабы. У неверагодна багатай краіне жывем, грошы няма куды падзець? Калі так, то чаму тады ўсё так сціпла? А не спрабавалі яшчэ ў дадатак да ўсяго знешні перыметр умацаваць танкамі, самалётамі ды нашымі найноўшымі “Паланэзамі”? Каб злосны вораг адразу зразумеў, што трапіць у буфет лёсавызначальнага з’езда яму не давядзецца ні ў якім выпадку. А то ж гойсаюць тут розныя марсіяне са сваімі талеркамі – грады вытаптваюць ды паглядаюць зайздросна на чужыя падарункі. Не дазволім!

Вось толькі ці варта было так узбуджацца і ўчыняць неверагодны вэрхал вакол звычайнага бюракратычнага паседжання? Вялікая праблема – сабраць масоўку, якая перад тэлекамерамі будзе імітаваць бязмежную любоў народа да сваёй калгаснай улады. Яшчэ Габрыель Гарсія Маркес у сваёй “Восені патрыярха” у дэталях увасобіў няхітрыя спосабы задавольнення амбіцый замшэлага дыктатара. Чым бліжэй ягоная безнадзейная старасць, тым даражэй яму даўняя дзіцячая цацка – нібыта ўсенародная да яго любоў.

У мінулыя часы ўлада на гэткіх сходах абвяшчала зазвычай якую-небудзь чарговую дурылку для шырокіх мас – камунізм у бліжэйшыя дваццаць гадоў, як пры Мікіце Сяргеевічы, або заробак у тысячу даляраў, як абяцаў ужо гэты правіцель. А тут нават на гэткую драбязу не наважыліся – зусім усё кепска. Няма грошай. Крэдытаў набралі вышэй галавы. Шукаюць, хто можа даць яшчэ. Экспарт падае, склады перапоўнены нікому не патрэбным таварам. Павялічваецца беспрацоўе. Заробкі ш большасці людзей проста ўбогія. Пенсіі ганебныя. Па росце цэнаў абышлі ўсіх суседзяў. І гэта яшчэ не мяжа.

А на вялікім форуме – захапленне поспехамі, пераможны грукат барабанаў. Крызіс? Дык гэта ж нам ворагі падкінулі. Рэформы? А навошта яны, калі мы ганарымся стабільнасцю. І без таго жыцце цудоўнае. А таму – да новых даляглядаў! Бурныя, працяглыя апладысменты.

Нібы з далёкага мінулага прыляцеў гэты абломак Савецкага Саюза брэжнеўскай эпохі. Гэткая Лапуція Джанатана Свіфта. Завісла ў нашай беспаветранай прасторы. Разявакі цешацца. Шпацыруе паміж крэсламі эліта новага ўзору – ідэёлагі, дамы, набліжаныя да двара, гэбісты, хакеісты. Усе заадно, гатовыя да ўсяго. Правіцель, адлятаючы на далёкае паседжанне з характэрнай абрэвіятурай ШОС, быў стрыманы і сентыментальны: “Беражыце сябе!” Ды хто б у тым сумняваўся!

Усё ішло сваёй хадой. Не было і быць не магло да гэткага з’езду ніякіх істотных пытанняў. Тут усё проста, дакладна – як у механізме будзільніка. Вось толькі шкада, што пасля закрыцця не было прэс-канферэнцыіі з тым жа міліцэйскім начальнікам. Варта было б пацікавіца, чым гэтыя прыгрэтыя ўладай прадстаўнікі народа адрозніваюцца ад самого народа, што іх спатрэбілася так пільна ахоўваць? І ці шмат тэрарыстаў, маджахедаў ды іншых марсіян наважыліся парушыць мірную дрымоту гэтай залі?

Адна, прынамсі, спроба пераадолення знешняга перыметру стала вядомай грамадству. Нейкая бабулька паспрабавала сваю пісьмовую скаргу далучыць да агульнай плыні шырока разрэкламаванай гарачай лініі. Ахова спрацала бездакорна.

І яшчэ грамадская актывістка, якая ўжо даўно дамагаецца справядлівасці ў тутэйшых судах, збіралася правесці адпаведны пікет на плошчы Свабоды. Аднак недзе з дзесятак мірных грамадзян у цывільным імгненна спынілі каварную задуму, варта было жанчыне толькі выйсці з пад’езда свайго дома. Кажуць, у кожнага з гэтых выпадковых прахожых бачны быў за вухам адпаведны дроцік, аднак гэта хутчэй за ўсё паклёп. Хто ж не ведае, як нашы простыя грамадзяне любяць сваю ўладу і ахоўваюць яе бесклапотны сон.

Пасля партыйных з’ездаў былых часоў звычайна падводзілі вынікі: а што ж змянілася пасля чарговага форуму ў жыцці краіны і народа? Зразумела, дасягненняў было процьма. Падмурак новага жыцця закладвалі упарта і рашуча, не звяртаючы ўвагі на тое, што атрымоўваецца ўсё той жа барак. Палымяныя прапагандысты бачылі ў тым несумненны крок наперад. Аднак лепш за ўсіх выказаўся на гэты конт правадыр: “Жыць стала лепей, жыць стала весялей”.

А тут у нас і раней было весела. І жыццё такое цудоўнае, што ўвесь свет нам зайздросціць. Гэта зразумее кожны, ледзь толькі уключыць тэлевізар. Аднак жа калі ўсё так, навошта тады спатрэбілася збіраць па краіне дзве з паловай тысячы прадстаўнікоў няведама каго, везці іх у Мінск, усяляк залагоджвпаць, падносіць ім падарункі, цешыць і забаўляць. Дзеля чаго?

Ды як жа! Яны так заўзята таўклі ваду ў ступе. Пераканаліся нават, што краіна ідзе найлепшым курсам. Убачылі жывога правіцеля. Прабілі істотную брэш у бюджэце. І ў гісторыі ад гэтай грандыёзнай задумы застануцца няйначай бурныя працяглыя апладысменты. На гэта ж ніякіх сродкаў не шкада.

А вось каго насамрэч шкада, дык гэта кветкаводаў-аматараў з садовага таварыства паблізу Драздоў. Колькі імпэту, колькі шчырага парывання! Марылі. Стараліся. Вырасцілі фантастычную кветку. Спадзяваліся гэты цуд айчыннай селекцыі паднесці кожнаму з дэлегатаў. У гаршочку. Гэта ж даўняя народная традыцыя што-небудзь ад шчырага сэрца дарыць найвышэйшаму кіраўніцтву і тым, хто ад яго паблізу. І раптам усё змарнавана з-за нейкіх там марсіян. Крыўдна да слёз. Так, вядома, тыя, хто на варце, у вінаватых за ўсё спытаюць. Талерку, дзе б яна ні схавалася, несумненна адсочаць. У нас усіх адсочваюць беспамылкова. Ды і той жук, якога злавілі, ужо дае паказанні.

Але ж не пра тое размова. Такая натхняючая была задума! Кожнаму – па кветачцы. Раз’ехаліся б дэлегаты па краіне, і ўжо наступнай вясной ва ўсіх яе куточках расквітнела б тая цудоўная кветачка. І паплыў бы над зямлёй яе непаўторны водар. І вось тады ніхто б ужо не наважыўся сказаць, што гэты з’езд склікалі дарэмна.

Уладзімір Халіп, спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках