25 красавiка 2024, Чацвер, 12:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украіна выдае беларускім добраахвотнікам вайсковыя білеты

14

Добраахвотнікі з тактычнай групы «Беларусь» праходзяць працэдуру афармлення ва ўкраінскую армію.

«Цяпер мы будзем абараняць Украіну афіцыйна». Такі запіс з'явіўся на старонцы ў Facebook тактычнай групы «Беларусь», якая ўдзельнічае ў антытэрарыстычную аперацыю на Усходзе Украіны.

Сайт naviny.by звязаўся з беларускімі добраахвотнікамі і даведаўся падрабязнасці.

«Частка нашых байцоў цяпер праходзіць працэдуру афармлення ва ўкраінскае войска. Гэта неабходна для атрымання прафесійнага баявога досведу і больш легальнага статусу», - адказалі нам прадстаўнікі тактычнай групы «Беларусь».

Байцы, якія атрымалі вайсковы білет, падпісваюць кантракт з украінскай вайсковай часткай. Беларускія добраахвотнікі выбралі элітную частку, якая трапіла пад вайсковую рэформу. «Там інструктары з ЗША і іншых краін NATO. Спадзяемся атрымаць там неабходныя веды», - распавялі ў тактычнай групе «Беларусь»

Раней байцы групы не атрымлівалі вайсковыя білеты Узброеных сіл Украіны.

Яны падкрэсліваюць, што не прэтэндуюць на ўкраінскае грамадзянства, таму што з'яўляюцца патрыётамі Беларусі і ў любы час гатовыя вярнуцца для яе абароны.

«Вайна ва Украіне дае нам магчымасць падрыхтавацца да таго, каб у Беларусі не паўтарыўся «крымскі сцэнар». Менавіта дзеля гэтага мы і ваюем, а не для таго, каб атрымаць грамадзянства іншай краіны», - падкрэслілі добраахвотнікі.

Тактычная група «Беларусь» была створана ў 2014 годзе, але гэта назва замацавалася за ёй у чэрвені 2015 года. Сфармаваная яна пераважна з беларускіх добраахвотнікаў, але ў ёй ёсць таксама ўкраінцы і расейцы. Байцы групы разам з «Правым сектарам» ўтрымлівалі пазіцыі ў сяле Пяскі пад Данецкам, удзельнічалі ў абароне Данецкага аэрапорта і шэрагу іншых аперацый.

У аперацыі пад назвай «Чорная страла» ў раёне Валноваха група страціла двух байцоў: ураджэнца Берасця Алеся Чаркашына і ураджэнца Запарожжа Віталя Ціліжэнку.

«На гэты момант частка нашых байцоў знаходзіцца ў Аўдзееўцы, частка праходзіць працэдуру афармлення ў УСУ. Таксама некалькі хлопцаў лечацца і праходзяць рэабілітацыю ад атрыманых раненняў», - распавядаюць байцы тактычнай групы «Беларусь».

Яны не раскрываюць колькасны склад групы. Вядома толькі, што ў яе ўваходзяць былы палітвязень, сустаршыня «Маладога фронту» Эдуард Лобаў, актывіст апазіцыі Ян Мельнікаў, а таксама байцы з пазыўнымі «Ваяр», «Зубр» і «Тур». Усе яны родам з Беларусі.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках