19 красавiка 2024, Пятніца, 23:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

5 праблем, якія створыць дэнамінацыя

116
5 праблем, якія створыць дэнамінацыя

Улады рапартуюць аб тым, што да дэнамінацыі ўсё гатова, аднак пытанні, звязаныя з «новымі» грашыма, усё яшчэ ўзнікаюць.

Ужо 1 ліпеня беларусы ўбачаць новыя (адносна, але ўсё ж новыя) грошы. Фінансавыя ўлады краіны ў адзін голас сцвярджаюць, што замена банкнот, з'яўленне манет і перапісванне коштаў ніяк не паўплывае на дабрабыт і нервовы стан жыхароў краіны. Але пытанні ўсё ж узнікаюць. «Еўрарадыё» пералічыла асноўныя з іх.

Праблемы з банкаматамі

«Баланс карт будзе аўтаматычна пераведзены на новую валюту ў эквіваленце адзін да дзесяці тысяч. Арыентыровачна картамі нельга будзе карыстацца з другой паловы 30-га чысла. І 1-га чысла таксама. Гэта ўсё праз правядзенне дэнамінацыі», - распавялі ў даведачнай службе аднаго з банкаў.

Пры гэтым супрацоўніца ветліва дадае, што агучаныя тэрміны могуць змяніцца - цягам якога часу нельга будзе карыстацца банкаматамі, сказаць цяпер наогул немагчыма.

Таксама цікава, што абмежаванні закрануць не толькі карткі з беларускімі рублямі, але і валютнымі.

«Яны таксама не будуць працаваць у агучаны тэрмін. Аднак дэнамінацыя іх не закране. Сумы ў далярах і еўра змяншацца не будуць», - абяцаюць у банку.

Нязручнасці падчас аплаты карткамі

Тэарэтычна аплатныя тэрміналы ў крамах таксама не павінны быць адключаныя даўжэй, чым банкаматы. Аднак на практыцы справа ідзе інакш. У адной з крам у самым цэнтры Менска вісіць аб'ява - «аплатныя тэрміналы на касах не будуць працаваць з 1-га да 4-га ліпеня. Просім разлічвацца гатоўкай». На пытанне, чаму так доўга, касіры толькі паціскаюць плячыма. І кажуць, што ў кожнага банка свае інструкцыі, таму наважылі папярэдзіць пакупнікоў адразу на чатыры дні. Колькі насамрэч не будуць працаваць тэрміналы - ніхто не ведае.

Усё гэта актуальна таксама для разлікаў праз інтэрнэт. І тут чарговая праблема - частку аплатаў магчыма ажыццявіць толькі безнаяўна. Таму ў найбліжэйшыя дні магчыма давядзецца адмовіцца ад намеру набыць квіткі на самалёт, аплачваць паход у кіно праз сетку, або папаўняць баланс на тэлефоне.

Перапынкі ў працы банкаў

«30 чэрвеня працоўны дзень - да 12 гадзін. 1, 2 і 3 ліпеня разлікова-касавы цэнтр працаваць не будзе», - вісіць аб'ява на дзвярах аднаго з банкаў у цэнтры Менска. Касіры тлумачаць, што так будзе не толькі ў іх банку, але і наогул у большасці разліковых цэнтраў краіны. «Яшчэ добра, што дэнамінацыя будзе ў пятніцу, перад выходнымі. Калі б пасярод тыдня, невядома што наогул магло б быць, як бы краіна жыла», - распавядаюць у банку.

Так што варта паклапаціцца аб усіх неабходных аплатах загадзя. Або валюту памяняць, або яшчэ што каму трэба. Большасць абменнікаў у горадзе працуюць як раз у разлікова-касавых цэнтрах.

Новыя цэны

З імі ўжо блытаніна. Некаторыя крамы фактычна перайшлі на цэннікі ў рублях і капейках некалькі тыдняў таму (кошты ў дзясятках і сотнях тысяч пішуцца дробнымі лічбамі), чым збянтэжылі сваіх кліентаў. Псіхалагічна кошт 2 рублі 40 капеек успрымаецца як 2400 «старых» рублёў. Хоць насамрэч гэта 24 тысячы. Так што будзьце асцярожныя і не лянуецеся пералічыць новыя рублі ў старыя. Інакш можна вельмі хутка застацца з пустымі рахункамі.

Магчымая дэвальвацыя

Тут таксама псіхалогія. І хай улады колькі заўгодна запэўніваюць, што дэнамінацыя выключна тэхнічны працэс (так яно і ёсць), але падаражанне даляра на 3-4 капейкі за дзень будзе ўспрымацца нашмат спакайней, чым яго ж падаражанне на 300-400 рублёў. Хоць у выніку гэта тое ж самае.

Ці скарыстаюцца ўлады такой магчымасцю, убачым пазней. Пакуль жа палохае сама наяўнасць сярод новых банкнот купюры 500 рублёў. На старыя - гэта 5 мільёнаў. Лагічнае пытанне - навошта такі высокі намінал, калі паводле прагнозаў на пяцігодку да 2020 года інфляцыя знізіцца да 5%?

Новыя грошы

А вось з імі пакуль больш за ўсё блытаніны. І калі да вонкавага выгляду ўсё больш-менш прывыклі, то якім чынам злучыць у гаманцы старыя банкноты з новымі (а яшчэ ж будуць манеты) - зразумець пакуль складана. Падобна на тое, што як мінімум першы тыдзень пасля дэнамінацыі рэшту ў крамах нам будуць выдаваць як старымі, так і новымі грашыма. Калі падчас ранейшай дэнамінацыі гэта не было асаблівай праблемай (тады купюры былі амаль аднолькавымі, адрозніваліся толькі колькасцю нулёў), то цяпер у многіх галовах можа ўтварыцца хаос.

Напісаць каментар 116

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках