Менчукі патрабуюць забараніць вайсковыя парады ў сталіцы
23- 28.06.2016, 21:30
- 13,429
Петыцыя з патрабаваннем забараніць правядзенне ў Менску вайсковых парадаў з'явілася на сайце petitions.by.
Пра гэта піша "Беларускі партызан".
"Пераканаўча просім разгледзець магчымасць забароны на правядзенне парадаў з выкарыстаннем механізаванай вайсковай тэхнікі ў межах горада Менска з 2017 года, - гаворыцца ў звароце. - Просім забараніць рух механізаванай вайсковай тэхнікі ў сувязі з:
1) Транспартным калапсам у горадзе падчас неаднаразовых рэпетыцый. Частка места стаіць у заторах, рух для самаходаў МНС і хуткай дапамогі ў гэты час асабліва абцяжараны. Пешаходы гэтак жа не могуць проста перайсці праз дарогу па 30-50 хвілін, пакуль не праедзе ўся калона.
2) Пашкоджаннем дарожнага пакрыцця і разрысоўкі на вуліцах Менска. Аднаўленне (рамонт) дарожнага пакрыцця - занадта дорага каштуе бюджэту горада. Кошт рамонту - даведацца не выпадае (такія звесткі не публікуюцца).
3) Пасля рэпетыцыі - механізаваная тэхніка вяртаецца назад. Уначы, гучна па вуліцах, дзе жывуць людзі, тым самым - замінаюць спаць.
4) Забруджваннем паветра. Кожны раз - падчас і пасля праезду вайсковай тэхнікі - няма чым дыхаць, асабліва, калі бязветраны дзень..."
Аўтары петыцыі прапануюць праводзіць вайсковыя парады "на палігонах за межамі горада Менска".
"Ну што ж. Хтосьці мусіў гэта зрабіць. Вашы ўпадабанні і перадрукі толькі дапамогуць распаўсюдзіць петыцыю", - гаворыцца ў звароце.
Плануецца, што дакумент будзе накіраваны ў Менгарвыканкам, Адміністрацыю Лукашэнкі і Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь.
Нагадаем, што чарговы вайсковы парад пройдзе ў Менску 3 ліпеня ў дзень рэспублікі.