20 красавiка 2024, Субота, 13:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Памерла журналістка Вольга Караткевіч

23
Памерла журналістка Вольга Караткевіч
Вольга Караткевіч

(Абноўлена) Вольга Караткевіч працавала ў многіх незалежных СМІ.

Пра гэта ў сваім «Фэйсбуку» паведаміў журналіст «Радыё Свабода» Сяргей Навумчык.

29 чэрвеня а 14.00 у Менску памерла беларуская журналістка Вольга Караткевіч.

Прычынай смерці стала цяжкае анкалагічнае захворванне. Ёй было 43 гады.

Вольга Караткевіч нарадзілася 8 ліпеня 1972 года, паведамляе «Радыё Свабода».

Скончыла філалагічны факультэт БДУ. Пісала вершы і прозу на беларускай мове, перакладала з польскай і ангельскай. У журналістыцы з 1994 году, працавала ў тэлекампаніі «ФІТ», на Радыё 101.2, беларускай рэдакцыі Польскага Радыё, газеце «Наша Ніва».

Была сябрам Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Вольга Караткевіч напісала кнігу казак «Жыве на свеце шчасце: казкі для дзяцей і дарослых».

Пераклала апавяданне Рэя Брэдбэры «Нічога новага, альбо што забіла сабаку?»

Рэдакцыя charter97.org спачувае родным і блізкім Вольгі Караткевіч.

Журналістка Вольга Бабак працавала разам з Вольгай Караткевіч на радыёстанцыі 101,2:

«Вольга Караткевіч прыйшла працаваць на наша радыё 101,2 з тэлекампаніі „ФІТ“ разам з Юрасём Бушляковым. Адразу адчувалася, што гэта гатовы і моцны прафесіянал. Яна рабіла праграму „Бізнэс-актуаліі“. Складаная тэма, вельмі няпростыя суразмоўцы. Але яна ў студыі іх раскручвала так, што было вельмі цікава слухаць яе перадачы нават тым, хто ў бізнэсе нічога не разумеў.

Напачатку 2000 нашы прафесійныя шляхі разышліся, але я бачылася з Вольгай пару месяцаў назад — яна была ўжо ў дастаткова цяжкім стане. Я вазіла яе на машыне ў Вільню. Развітваючыся, сказала „Ты моцны баец, ты ўсё правільна робіш, ты змагаешся“. Такой яна і была — моцным байцом».

Праграмны дырэктар радыё 101,2 Зміцер Новікаў кажа, што ў свой час Вольга Караткевіч была адной з самых яскравых радыёжурналістак:

«Вольга працавала, калі я быў праграмным дырэктарам на радыё 101,2. Яна была вядучай інфармацыйных праграмаў. Гэта вельмі таленавіты чалавек, на тыя часы адзін з самых яскравых вядучых, якія былі на беларускім радыё. Яна жыла ў гэтым, жыла радыё. На жаль, доўгі час мы ня бачыліся, але я сачыў за яе карʼерай, ведаў, дзе яны працавала. Вельмі шкада пачуць пра яе сыход».

Генадзь Кеснер, былы калега Вольгі:

«Па-першае, гэта быў чалавек вельмі імпульсіўны, экспрэсіўны, таленавіты, вельмі працавіты. Памятаю, у сярэдзіне 90-х гадоў Вольга прыйшла да нас на Радыё 101.2 адначасова з Юрасём Бушляковым, ужо таксама светлай памяці. Гэта з’явіліся два такія таленты, бо і галасы былі цудоўныя, і працаздольнасць вялікая, і мовазнаўцамі былі вялікімі.

Але калі Юра быў больш разважлівы, у Вольгі проста перла энэргія. Яна бралася за любыя справы, гэта тычылася ня толькі радыё, але яна ж выкладала ў „Беларускім калегіуме“, лётала на заняткі. Яна ўмела бараніць свой пункт гледжання. Нарэшце, яна была вельмі прыгожай дзяўчынай.

Характар у яе быў ня цукар, яна магла быць жорсткай, магла нешта зрабіць, а потым пашкадаваць. Бывалі такія моманты, калі яна рабіла рух, дзеянне, а потым прыходзіла развага. Але ж наогул гэта быў чалавек, якому бог даў талент.

Вельмі шкада, бо ў такім веку трэба жыць і жыць, здзяйсняцца, рэалізоўвацца».

Музыка Лявон Вольскі, былы калега Вольгі:

«Мы працавалі разам на Радыё 101.2. Тады быў такі „зорны склад“, „залатыя часы“ беларускай журналістыкі і дыджэйства, калі цэлы FM-канал вяшчаў на беларускай мове, там абмяркоўваліся розныя палітычныя рэаліі. Усё гэта было досыць папулярнае, і яна была вельмі жывым, актыўным чалавекам тады. У апошні год яна мне часта тэлефанавала, размаўлялі — і яна заставалася актыўным чалавекам, змагалася. Яна прасіла ў мяне кампакты, раздавала іх паўсюль у лякарнях, дзе мусіла знаходзіцца, папулярызавала беларускую справу. Цяжкі год, што скажаш».

Разьвітаньне з Вольгай Караткевіч адбудзецца 30 чэрвеня аб 11:30 у 10-м шпіталі на вуліцы Убарэвіча, 73а. Пахаваюць яе ў вёсцы Пятровічы.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках