29 сакавiка 2024, Пятніца, 18:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МВФ не падзяляе аптымізму Лукашэнкі

18
МВФ не падзяляе аптымізму Лукашэнкі

Эканоміка Беларусі працягвае знаходзіцца ў рэцэсіі, ігнаруючы аптымістычныя планы і заявы ўрада.

Белстат апублікаваў выніковыя паказчыкі эканомікі краіны ў студзені-траўні гэтага года. Як вынікае з дакумента, назіраецца некаторае ажыўленне дзелавой актыўнасці ў траўні, аднак яна такая мізэрная, што не здольная вывесці краіну з зацяжной рэцэсіі, піша «Незалежная газета».

УБП краіны паводле вынікаў пяці месяцаў упаў амаль на 2,8% у параўнанні з аналагічным перыядам летась. У мінусе амаль усе асноўныя паказчыкі эканамічнага развіцця. Экспарт упаў на 16,1%, інвестыцыі ў асноўны капітал на 20%, аб'ёмы прамысловай вытворчасці - на 1,9%. У сезонным плюсе толькі сельская гаспадарка - 3,3%. Адмоўным было знешнегандлёвае сальда і склала 1,2% УБП.

Лагічна, што ў гэтай сітуацыі працягваюць падаць заробкі - на 3,6% у параўнанні з пяццю месяцамі мінулага года - і даходы насельніцтва - мінус 7% за той жа перыяд. Сярэдні налічаны заробак (да падаткаў) у траўні склаў 360 дал. Паводле звестак статыстыкі, блізу 70 тыс. грамадзян страцілі працу за пяць месяцаў года, але паколькі беспрацоўе ў Беларусі ўлічвае толькі тых, хто стаў на ўлік, то афіцыйны ўзровень застаецца нізкім -1,1%, або блізу 50 тыс. чалавек. Тым не менш гэта ўсё роўна больш, чым год таму, на 13%.

Праўда, у траўні статыстыка ўсё ж зафіксавала некаторае ажыўленне. Напрыклад, за мяжу было прададзена на 1,6% больш, чым у красавіку. Кампаніі нават пачалі інвеставаць у асноўны капітал - на 12,6% больш, чым у красавіку, а на закупку абсталявання і зусім было выдаткавана на 44% больш, чым месяцам раней. За травень вырас нават заробак - на 0,9%. Экспэрты мяркуюць, што на паляпшэнне паказчыкаў паўплывалі бюджэтныя і крэдытныя ўліванні, зробленыя напярэдадні «ўсебеларускага народнага сходу», каб хоць неяк супакоіць насельніцтва.

Аднак нават гэтыя вынікі яшчэ далёкія ад тых планаў, якія агучвае беларускі ўрад. Нагадаем, што меркавалася да канца першага паўгоддзя «выйсці на траекторыю росту», а даходы насельніцтва вярнуць на ўзровень мінулага года. Пра гэта казаў і Аляксандр Лукашэнка.

Характэрна, што ўрад працягвае выпраменьваць аптымізм, нягледзячы на такія вынікі. Нядаўна «Усебеларускі сход», які працягваюць пад барабанны бой афіцыйных прапагандыстаў абмяркоўваць дзяржаўныя экспэрты, намеціў новыя арыенціры. Той факт, што была правалена цалкам цэлая пяцігодка, нікога не бянтэжыць. У той жа час пры плане росту УБП у 62-68% атрымалася ўсяго толькі 5,9%. Такі ж разрыў і паводле астатніх паказчыкаў.

Цяпер экспэртная супольнасць абмяркоўвае яшчэ адзін аптымістычны план ўрада - ужо ў 2017 годзе атрымаць 1 млрд дал. крэдыту ад Міжнароднага валютнага фонду (МВФ). Да канца гэтага тыдня ў Менску працуе місія фонду. Самі экспэрты місіі ад каментароў з нагоды перспектыў выдзялення крэдыту адмовіліся, аднак мясцовае інфармагенцтва БелаПАН, спасылаючыся на свае крыніцы, паведаміла, што мільярд ад МВФ ужо закладзены ў прагноз на 2017 год.

Адносна таго, ці спраўдзяцца гэтыя планы ўрада, у экспэртным асяроддзі няма адзінства. Хтосьці схіляецца да таго, што пераможа палітычная матывацыя і МВФ падтрымае Беларусь, «не даціснуўшы» да раней пазначаных патрабаванняў. Аднак той факт, што перамовы з МВФ безвынікова цягнуцца больш за год, дае падставы аналітыкам казаць аб тым, што фонд будзе стаяць на сваім.

«МВФ хоча бачыць сур'ёзныя рэформы ў рэальным сектары, што мае на ўвазе рэструктурызацыю, прыватызацыю і банкруцтва прадпрыемстваў. Гэта яго ўмова будзе непахіснай», - упэўнены эканаміст Дзмітрый Крук. На яго думку, без рэальных крокаў у рэфармаванні ўрад Беларусі можа весці гэты дыялог з МВФ і год, і два, і тры. У здольнасць краіны выйсці з крызісу без рэформаў экспэрты фонду ў адрозненні ад эканамічных уладаў краіны не вераць.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках