20 красавiка 2024, Субота, 14:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гомельскаму журналісту-фрылансеру міліцыя пагражае трыма пратаколамі

1
Гомельскаму журналісту-фрылансеру міліцыя пагражае трыма пратаколамі
Кастусь Жукоўскі
ФОТА: «Радыё Свабода»

Журналісту Канстанціну Жукоўскаму патэлефанавалі з Лоеўскага РАУС з патрабаваннем прыехаць у міліцыю для складання адміністрацыйных пратаколаў.

«Адзін з тых, хто тэлефанаваў напярэдадні назваўся ўчастковым Сычовым, - паведаміў службе маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў Кастусь Жукоўскі. - Ён сказаў, што ў дачыненні да мяне будуць складзены тры адміністрацыйныя пратаколы - дробнае хуліганства (артыкул 17.1 КаАП), непадпарадкаванне законным патрабаванням чыноўніка (артыкул 23.4) і абраза супрацоўніка міліцыі (артыкул 23.5). Думаю, што Лоеўскія міліцыянты пачалі дзейнічаць «на апярэджанне» - я ж напісаў заяву аб іх гвалце і здзеку падчас затрымання 21 чэрвеня, калі мы з Аляксеем Атрошчанкам здымалі ў Лоеве сюжэт пра мясцовыя эканамічныя праблемы. Акрамя таго, міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч публічна абяцаў «не пакінуць па-за ўвагай» інцыдэнт у Лоеве. Таму міліцыя і пераводзіць на мяне стрэлкі».

21 чэрвеня Кастусь Жукоўскі з Аляксеем Атрошчанкам здымалі ў Лоеве рэпартаж аб мясцовым цагляным заводзе, які знаходзіцца ў гаротным стане, паведамляе «Радыё Свабода». Там іх сустрэлі супрацоўнікі ДАІ - сталі правяраць дакументы Жукоўскага. У гэты ж час пад'ехала яшчэ адна міліцэйская машына з двума падпалкоўнікамі і старэйшым лейтэнантам. Адзін з іх выхапіў відэакамеру ў Атрошчанкі і кінуў яе ў машыну багажніка (пазней на ёй знайшлі расколіну). Самага Атрошчанку без тлумачэння пасадзілі ў аўтамабіль і павезлі ў РАУС. Туды ж інспектар ДАІ загадаў ехаць і Жукоўскаму - для высвятлення асобы.

У Лоеўскім раённым аддзеле з Жукоўскім гутарыў намеснік начальніка міліцыі Генадзь Маджар. Са слоў фрылансера, да прымянення сілы справа дайшла менавіта падчас размовы.

«Я спытаў у Маджары, навошта я ў міліцыі, і што з маім напарнікам? Бо са мной намеснік начальніка нібыта хацеў проста пагутарыць, я дастаў мабільнік, уключыў кнопку «аўдыёзапіс» і паклаў на стол. Маджара чамусьці занерваваўся, загадаў выключыць. Я выключыў і схаваў тэлефон у кішэню. Тады Маджара стаў патрабаваць, каб я аддаў тэлефон. Адказваю, што я не супраць, але толькі пад пратакол. Ну, тут і пачалося. На мяне напалі трое - сам Маджара, міліцыянт у форме і яшчэ адзін у цывільным. Павалілі на падлогу, сталі закручваць рукі за спіну, надзелі кайданкі. Адзін з траіх каленам ціснуў на галаву, каб я не мог прыпадняцца з падлогі».

Жукоўскі дадае, што яму стала дрэнна, падняўся крывяны ціск - прыйшлося выклікаць хуткую дапамогу.

«Калі прыйшоў у прытомнасць, - кажа фрылансер, - запатрабаваў кнігу скаргаў і прапаноў, дзе апісаў усё, што адбылося. На запіс у кнізе адрэагаваў прадстаўнік раённага аддзела Следчага камітэта, які ўзяў у мяне тлумачэнні і заяву пра інцыдэнт і выпісаў накіраванне на судова-медыцынскую экспэртызу. Нас трымалі ў РАУС блізу шасці гадзін, а потым адпусцілі. Пратаколаў не складалі. Калі я вярнуўся ў Гомель, то схадзіў на экспэртызу, так як у мяне моцна балела шыя, плячо і апухлі запясці».

Акрамя заявы ў Следчы камітэт, Кастусь Жукоўскі і Аляксей Атрошчанка падалі скаргу на імя начальніка абласной міліцыі, у якой паказалі, што ў Лоеўскі РАУС іх даставілі без законных падстаў і з прымяненнем гвалту. У пастарунку да Атрошчанкі сілы не ўжывалі.

Гомельскіх журналістаў-фрылансераў міліцыя затрымлівае амаль на кожным выездзе, перашкаджаючы рабіць любыя відэаздымкі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках