29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кірыла Рудога звольнілі з адміністрацыі Лукашэнкі

34
Кірыла Рудога звольнілі з адміністрацыі Лукашэнкі
Кірыл Руды
ФОТА: TUT.BY

Аўтара «Фінансавай дыеты» адпраўляюць амбасадарам у Кітай.

У адміністрацыі Лукашэнкі Кірыл Руды адпрацаваў тры гады і лічыўся прыхільнікам ліберальных рэформаў.

Пра тое, што Кірыл Руды з'едзе працаваць паслом у Кітай, паведамілі БелаПАН некалькі крыніц і пацвердзілі ў органах дзяржкіравання.

Пасаду памочніка Лукашэнкі ў эканамічных пытаннях Кірыл Руды заняў у чэрвені 2013 года.

«Руды першапачаткова стаяў на пазіцыі неабходнасці забеспячэння фінансавай стабільнасці і не быў прыхільнікам нястрымнай эмісіі», - адзначыў у каментары БелаПАН адзін з супрацоўнікаў дзяржорганаў.

Назіральнікі адзначаюць, што многія гады ў Беларусі рабіўся акцэнт на выкананні планаў і засваенні сродкаў, тады як Руды паставіў пытанне аб эфектыўнасці іх выкарыстання. «Гэта быў новы погляд, новае стаўленне да тэмы дзяржаўных фінансаў. Кірыл Руды спрабаваў інакш паглядзець на гэтае пытанне з тым, каб павысіць эфектыўнасць выкарыстання ў краіне фінансавых рэсурсаў», - сказаў суразмоўца.

Аднак беларускія суб'екты гаспадарання пакуль так і не прывыклі жыць ва ўмовах фінансавай дыеты, пра якую ў аднайменнай кнізе напісаў памочнік Лукашэнкі, кажуць экспэрты. «У Савецкім Саюзе даводзіліся планы, вылучаліся грошы, асвойваліся, а потым - спісваліся. І вось гэты дух, што будзе як раней, застаецца», - мяркуе прадстаўнік фінансавых колаў.

У кнізе Рудога «Фінансавая дыета», выдадзенай на пачатку 2016 года, Кірыл Руды акцэнтаваў увагу на тым, што дырэктыўнае размеркаванне рэсурсаў не прыносіць дзяржаве жаданага фінансавага і эканамічнага эфекту. «Фінансавы вынік (прыбытак, эканамічны рост) неабходны для эканомікі. Гэта як адчуванне шчасця. Як чалавек не можа доўга жыць без гэтага пачуцця, гэтак жа і эканоміка - доўга існаваць без фінансавага выніку не можа. Таму калі яго няма, то гэта сігнал для выбару новага эканамічнага шляху», - напісаў Руды ў заключнай частцы сваёй кнігі.

Кірыл Руды нарадзіўся ў 1978 годзе, у 2000-м скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт (БДЭУ). У 23 гады абараніў кандыдацкую дысертацыю ў пытаннях валютнага рэгулявання. У 2002-2007 гадах працаваў намеснікам дэкана факультэта фінансаў і банкаўскай справы БДЭУ. У 2007-2012 гадах займаў пасаду дарадцы ў гандлёва-эканамічных пытаннях пасольства Беларусі ў Кітаі. У 2012-м - абараніў доктарскую дысертацыю ў пытаннях сусветнай эканомікі і міжнародных фінансаў. З чэрвеня 2013 працаваў памочнікам Лукашэнкі ў эканамічных пытаннях.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках