19 красавiка 2024, Пятніца, 9:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Народны альбом» паставяць на опернай сцэне

1
«Народны альбом» паставяць на опернай сцэне
Малюнак: BELSAT.EU

Напярэдадні свайго 20-годдзя праект стане музычным спектаклем.

4 верасня ў Падляшскай оперы ў Беластоку ў рамках фестывалю «Усход культуры. Іншае вымярэнне» адбудзецца прэм'ера спектакля «Народная опера. 20 гадоў».

Рэжысёр прэзентацыі - Мацвей Сабураў, аўтар шматлікіх кліпаў «Ляпіса Трубяцкога», «The Toobes», «Без Білета» і рэжысёр «Сашы і Сірожы».

Арганізатары абяцаюць, што галоўнымі героямі стануць як удзельнікі таго самага альбома - а гэта блізу 25 чалавек, - так і новыя людзі, паведамляе «Белсат».

Галоўны музычны артэфакт 90-х

«Народны альбом» быў запісаны ў 1997 годзе ў былой студыі легендарнага радыё «101,2», і стаў адной з найбуйнейшых культурных з'яў незалежнай Беларусі: ён аб'яднаў не толькі больш чым два дзясяткі ягоных стваральнікаў, але і тысячы слухачоў ва ўсёй краіне.

Так, настаўнік беларускай мовы Сяргей Скурат у прысвечаным альбому фільме «Шлях да Мроі» («Шлях да мары») кажа, што на той момант песні з альбома былі фантастычнай знаходкай: іх можна было і спяваць, і чытаць, і распавядаць. Сам Сяргей не раз браў гітару на свае ўрокі.

І колькі дзяцей спявала «Настаўніка Рагойшу» на занятках мовы, літаратуры, гісторыі і музыкі - невядома. Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што беластоцкая прэм'ера будзе другой спробай усцэнізаваць дыск: упершыню спектакль паводле матываў «Народнага альбома» паставілі вучні коласаўскага ліцэя.

Альбом з’явіўся дзякуючы недахопу грошай

Альбом апраўдвае сваю назву. «Падчас запісу альбома пляскалі ў ладкі і падтанцоўвалі не толькі музыкі і супрацоўнікі «Радыё 101,2», але і ахоўнікі студыі разам са староннімі людзьмі. Я заходзіў да іх і частаваў, дражніў іх каньяком. Так ці інакш у працэсе стварэння альбома ўзялі ўдзел блізу 25 чалавек», - успамінаў Аляксандр Памідораў, які выканаў для альбома народную габрэйскую песню «Lomir zich iberbetn».

Гэты калектыўны дух разняволення творчасці аб'яднаў усіх стваральнікаў і праз 10 гадоў пасля запісу. Згуртуе, напэўна, і цяпер.

«Для мяне «Народны альбом» застаецца востравам шчырасці, калі абсалютна чужыя людзі становяцца ў «Народным альбоме» адной сям'ёй», - казала ў канцы двухтысячных Кася Камоцкая, жаночы голас дыска.

Стары добры «Народны альбом» на новым узроўні

Трымацца разам такой колькасці зусім розных людзей і стварыць альбом-абраз музыкам дапамагла, з іроніі лёсу, адсутнасць грошай і якой-небудзь дысцыпліны.

«Ніхто не баяўся рабіць нешта дурнаватае. Міхал Анемпадыстаў пісаў проста бесперапынна паміж асноўнай працай і працай над праектамі; я думаю, ён не вельмі гэтыя тэксты і рэдагаваў. Нашай задачай было не сапсаваць ягоныя тэксты сваімі трыма акордамі. Усё рабілася абы як, часам гралі зусім фальшыва, не парыліся з нагоды таго, як будзе гучаць тая ці іншая музыка. Усё было вельмі спакойна», - успамінае працу над праектам Лявон Вольскі.

Са словаў Вольскага, вераснёвая прэм'ера не будзе канцэптуальна адрознівацца ад арыгінала.

«На гэты раз будзе граць цэлы аркестр - 20 музыкаў. Усё павінна адбывацца ў беластоцкай оперы, а гэта грандыёзная памерамі і тэхнічнымі магчымасцямі пляцоўка. У Беларусі нічога такога няма. Таму мы пашырылі склад удзельнікаў і будзем рабіць новыя аранжыроўкі песень. То бок, гэта будзе стары добры «Народны альбом», але на якасна вышэйшым узроўні», - кажа Вольскі.

Візавая падтрымка ад «Белсата»

Спектакль «Народны альбом. 20 гадоў» стане часткай фэсту «Wschód Kultury. Inny Wymiar» («Усход культуры. Іншае вымярэнне»), каардынаваны Беластоцкім цэнтрам культуры (Białostocki Ośrodеk Kultury) і Нацыянальным цэнтрам культуры (Narodowе Centrum Kultury).

Імпрэза праводзіцца ў трох найбуйнейшых гарадах усходняй Польшчы - Жэшаве, Любліне і Беластоку, - супольна з артыстамі, музыкамі і мастакамі з краін Усходняга партнёрства - Арменіі, Азербайджана, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны.

Традыцыйная рыса ўсіх імпрэзаў - адсутнасць квіткоў: уваход на кінасеансы, спектаклі і канцэрты бясплатны. Сёлета, дзякуючы «Белсату», беларусы змогуць атрымаць бясплатна таксама і польскія візы. Інфармацыя пра гэта з'явіцца на нашым сайце пазней.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках