25 красавiка 2024, Чацвер, 15:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жонка арыштаванага мытніка: Паўгода - ніякіх следчых дзеянняў. Сядзіць і ўсё

8
Жонка арыштаванага мытніка: Паўгода - ніякіх следчых дзеянняў. Сядзіць і ўсё
Ганна Юркойць

З мінулай вясны мытнік, краязнавец і патрыёт свайго краю Алесь Юркойць знаходзіцца за кратамі. «Белсат» сустрэўся з жонкаю зняволенага Ганнаю Юркойць.

Больш як год таму ўсю змену з Каменнага логу (памежны пераход з Літвой) – блізу 40 асоб – узялі пад варту. Некага з часам адпусцілі пад падпіску, нехта застаўся сядзець. Сярод апошніх – бацька траіх дзяцей і арганізатар культурнага жыцця на Астравеччыне Алесь Юркойць.

Пра грамадскае і асабістае, не чапаючы прававых аспектаў справы (суду, дарэчы, дагэтуль і не відаць на даляглядзе) журналіст belsat.eu пагутарыў з жонкаю Алеся Ганнай.

Выклікалі ў КДБ – у беларускіх справах

Ці паказвала нешта на тое, што мужа арыштуюць?

Ды не, нічога асаблівага. Яго ў іншых справах выклікалі ў КДБ раней – у беларускіх. За тое, што фэст хацеў зладзіць да 150-годдзя Паўстання Каліноўскага. За тое, што ў 2013-м годзе ў гонар паўстанцаў паставіў крыж-меч у Слабодцы, зусім побач з Астраўцом.

За гэты меч яны пазмагаліся нават з уладамі, бо яго хацелі зруйнаваць, хоць помнік і быў усталяваны на прыватнай зямлі.

Алесь прасоўваў беларускую мову і культуру. Запрашаў паэтаў, мастакоў, праводзіў безліч сустрэч у розных школах раёну, ладзіў пленэры, прэзентацыі кніг у бібліятэцы, распачаў тут «МовуНанова»… Дошка памятная, якая з’явілася ў Вільні ў гонар Казіміра Сваяка – таксама не без ягонага ўдзелу паўстала. Процьма ўсяго!

Крыж стаіць, здаецца, нічога з ім не сталася…

На той помнік улада так і не «дала дабро». Але цяпер і яны ўбачылі, што людзі сюды валам валяць – і свае, і з Літвы, і з Расеі. Ездзяць, фатаграфуюцца. Мне здаецца, што цяпер ужо наўрад нехта падыме на яго руку, хаця… З таго, што я чула, была нават падпісаная пастанова аб яго руйнаванні. Спадзяюся, вядома, што не зруйнуюць.

Прыйдзе са змены, паспіць пару гадзін – і на курсы «МованаНова»…

Ці ставала ў мужа на ўсё часу: і на грамадскае жыццё, і на працу, і на сям’ю?

На сям’ю можа і не ставала. А на курсы тыя ж «МованаНова»… прылятаў з ночы, паспіць пару гадзін і ўжо туды ляціць. Ён шмат чаго ведаў і мог распавесці. Таму калі прыязджалі знаёмыя, ці знаёмыя знаёмых, ён абавязкова экскурсіі ладзіў – па Варнянах, Гервятах і г.д.

У кожнага ж свой шлях. І калі чалавек правільна яго адчувае, то ідзе гэтым шляхам. Відаць, гэта Алесева пакліканне было. У яго гэта выходзіла, нейкая моц была, каб людзей згуртаваць ды заахвоціць. Я вось не пайду перад аўдыторыяй выступаць, бо не магу, а ён – мог. Бог даў сілу ды харызму.

На мытні Алесь даўно ўжо працаваў?

Першапачаткова ён працаваў настаўнікам геаграфіі. Але там нешта ў школе не склалася, таму адпрацаваў усяго пару гадоў. Але з людзьмі, якіх ён вучыў, мы дагэтуль стасункі падтрымліваем, камунікуем сем’ямі.

А я пазнаёмілася з Алесем калі ён ужо на мытні працаваў. Ён думаў, што 20 гадоў сваіх дапрацуе і ўжо звольніцца нарэшце. Гэта ж праца нечалавечая, а ў дадатак адказнасць. Алесь днямі працаваў, яму і сэрца пасля балела… Ён жа яшчэ і чалавек адказны. У выніку – каля году не дапрацаваў, пасадзілі.

Я чаму так упэўненая, руку магу даць на адрэз, што ён не ўдзельнічаў ні ў якіх цёмных справах на мытні? Бо я яго ведаю, і адказнасць яго – не пустыя словы. Казала яму часам, ну стаіць чарга на пераходзе, але і табе трэба паспаць схадзіць. А ён кажа, маўляў, не магу, пакуль людзі стаяць. Прыходзіў з працы «учарнеўшы», як маці казала… Нават не еў, спаць адразу валіўся.

Ён з тых, хто заўжды будзе рабіць сумленна

А беларуская мова пры знаёмстве з будучым мужам не адвабіла?

У яго была вельмі прыгожая мова, таму і не адвабіла. Ведаеце, бывае трасянка – гэта б адштурхнула. Усякую ж мову можна спаганіць, а ў яго мова вельмі чыстая і прыгожая была. Я добра па-расейску размаўляла, то ён бо падумаў, што я гарадская, ледзь не з Масквы (смяецца). Мы наогул у більярдзе пазнаёміліся.

Не бывае такога, каб сышліся аднолькавыя. Людзі розныя сыходзяцца, галоўнае, каб глядзелі ў адным кірунку. Нават цікавей, калі ў кожнага нешта сваё. Абы ўзаемапавага і паразуменне было.

Я ведала заўжды, што магу быць у ім упэўненая, бо ён правільны, ён вернік – гэта ж таксама вельмі важна. Ён з тых, хто заўжды будзе рабіць сумленна.

А Вы лёгка на мову перайшлі?

У мяне схільнасць да моў, таму і па-беларуску мне лёгка даецца размаўляць. А ён адразу патрабаваў, ад моманту знаёмства, каб толькі па-беларуску… (смяецца). Ён можа б і не сустракаўся, каб я па-беларуску з ім не пачала размаўляць. Алесь цвёрды быў, а я прымала ягоную пазіцыю. Бо калі ён сваю лінію, а я сваю – ну якая ж гэта сям’я?

Я хачу, каб Алесь быў шчаслівы, таму адпускала яго, куды ён хацеў. Мне не цяжка было з дзецьмі пасядзець. Водная вандроўка? Ну, едзь. Але я не магу, бо я з трыма дзецьмі (тры дачкі – тры, сем і дзевяць год – аўт.). Калі я не магла быць побач – я яго заўсёды адпускала. Але разам па Беларусі мы таксама паездзілі, безумоўна. Ну куды ён дзенецца ад трох дзяцей?..

Сустрэчы дазваляюць вам цяпер?

Калі выйшаў першы артыкул Дубаўца пра Алеся, далі сустрэчу на Валадарцы. Можа гэта і не звязана, не ведаю, але запомніла. Праз шэсць месяцаў пасля арышту тады ў першы раз пабачыліся. Алесь спачатку ў Амэрыканцы сядзеў (следчы ізалятар КДБ – аўтар), але калі там зразумелі, што з яго нічога не вытрасеш, перавялі на Валадарку.

Паўгода прыкладна ўжо няма ніякіх следчых дзеянняў з ім – сядзіць і ўсё. А ёсць людзі, якія праходзілі ў той самай справе, якіх выпусцілі пад падпіску. А ў нас дзяцей трое… Ну куды ён ад іх падзенецца, калі яны хочуць, каб ён быў у хаце? Хай бы ўжо ў хаце сядзеў пад падпіскай, дык не… Агулам там па справе ці 40 ці 60 чалавек праходзіць. Зразумела, што не ўсе з іх за кратамі зараз. А Алесь – за кратамі.

Для Алеся гэта ўсё было моцнай плягай, як мяркуеце?

Ён ведае, што ўсё з волі Божай, таму пачуваецца добра, духам не падае. Першы ліст ён наогул вясёлы напісаў, яшчэ з ізалятара КДБ, маўляў, нарэшце выдалася нагода вам ліст напісаць: мы ж раней з ім не ліставаліся ніколі. Не верылася нат’, што адтуль піша.

Затрымкі бываюць з лістамі. Напрыклад нядаўна з Менску ліст ад роднай сястры яму ішоў 8 дзён. Там жа лісты чытаюць усе, то, мажліва, нехта пайшоў у адпачынак. Ён лістуецца шмат, бо багата хто яму піша. Пісаў нават, што хоча пачытаць нарэшце, бо шмат часу ідзе на ліставанне.

Маці 81 год, можа і не дачакацца сына…

А чым яшчэ займаецца, казаў?

Кніжкі чытае, шпацыр на гадзіну штодзень, у нарды гуляе. Кажа, файная гульня, як вернецца, то дзяцей навучыць. Літаратуру перадаем яму, з адзення нейкія рэчы элементарныя… Складана з абмежаваннямі ў перадачы прадуктаў або лекаў. Мы часам нават даўмецца не можам: чаму? Абсурду шмат…Гэта ж абсурд, калі чалавек мае сядзець у склепе, калі ягоная віна нават не даведзеная.

А як блізкія ўспрымаюць, суседзі?

Малодшая дачка, уявіце, тры з паловай гады, штодзень мяне пытае: «Калі прыедзе тата?». Мы ўжо з Алесем разумеем, нічога не паробіш, трэба чакаць. Маці плача ўвесь час, ёй 81 год, таму не ведае, ці дачакаецца сына. У мінулым годзе я з Сафіяй у лякарні ляжала, а дваіх дзяцей пакінула на маці – уявіце сабе, улічваючы ейны век. Таму з дзецьмі і маці – гэта самае складанае.

Суседзі нармальна ставяцца, падтрымліваюць. А хто нешта там думае – то хай думае. Я ж ведаю праўду. Тыя, хто ведае Алеся, разумеюць, што ён дакладна ні за што там знаходзіцца. Ён моцны, харызматычны, лідар, патрыёт сваёй краіны, любіць сваіх блізкіх. Зрэшты, блізкія – гэта я, таму ім менш можна надаваць увагі (смяецца). Бо сваёй працы і грамадскім справам ён аддаваўся цалкам.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках