29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Літве судзяць расейскага шпіёна, які хацеў праслухоўваць Грыбаўскайтэ

У Літве судзяць расейскага шпіёна, які хацеў праслухоўваць Грыбаўскайтэ

Генеральная пракуратура Літвы перадала ў Віленскі акруговы суд крымінальную справу, у якой у шпіянажы абвінавачваецца высокапастаўлены супрацоўнік расейскай выведкі.

Ён сумесна з іншымі асобамі ставіў мэтай завербаваць супрацоўнікаў літоўскага Дэпартамента аховы кіраўніцтва (ДАК), якія маглі б усталяваць падслухоўнае абсталяванне ў кабінеце і рэзідэнцыі прэзідэнткі Літвы Далі Грыбаўскайтэ, паведамляе ru.delfi.lt.

Старэйшы аперупаўнаважаны ў асабліва важных справах Выведвальнага аддзела Упраўлення Федэральнай службы бяспекі (ФСБ) РФ у Калінінградскай вобласці Н. Ф. будзе прыцягнуты да суда за шпіянаж, падробку дакументаў, выкарыстанне падробленых дакументаў і шматразовае незаконнае перасячэнне дзяржмяжы.

Паводле матэрыялаў справы, гэты супрацоўнік расейскай выведкі разам з іншым грамадзянінам Расеі, кіраўніком таго ж аддзела ФСБ І. Г., а таксама з яшчэ адным грамадзянінам Літвы В. С. з кастрычніка 2011 года да канца 2014 году падчас сустрэчаў у некалькіх краінах падбухторвалі грамадзянаў Літвы, вербавалі іх для вядзення шпіянажу – збору і перадачы разведвальнай установе іншай дзяржавы цікавай ім інфармацыі.

У суд перададзеная толькі справа Н. Ф. У дачыненні да іншых асобаў яшчэ працягваецца дасудовае расследаванне. Паводле звестак пракуратуры, расейскіх выведнікаў цікавіла інфармацыя, звязаная з супрацоўнікамі ДАК. Асаблівая ўвага аддавалася магчымасці атрымаць любую прыватную, тэхнічную і іншую інфармацыю пра асабістую ахову прэзідэнткі, ахову ейных жылых памяшканняў і ўсталяваць кантакты з супрацоўнікамі, якія непасрэдна ажыццяўляюць гэтую ахову і нагляд за сістэмамі бяспекі.

Іх спрабавалі завербаваць з мэтай таемна ўсталяваць у Прэзідэнцкім палацы і жылых памяшканнях прэзідэнткі спецыяльнае падслухоўнае абсталяванне. Таксама ўстаноўлена, што расейскія службовыя асобы спрабавалі збіраць інфармацыю пра цяперашніх і былых супрацоўнікаў ДАК. Расейскі выведнік затрыманы падчас паездкі транзітным цягніком праз Літву з Калінінградскай вобласці ў Беларусь і з 29 красавіка мінулага года ўтрымліваецца ў віленскім СІЗА-турме Лукішкес.

У іншых справах пра шпіянаж на карысць Беларусі асуджаны былы супрацоўнік дзяржпрадпрыемства Oro navigacija Рамуальд Ліпскі – ён атрымаў пяць гадоў пазбаўлення волі, а таксама былы парамедык літоўскага войска Андрэй Ашуркаў, які атрымаў тры гады турмы.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках