19 красавiка 2024, Пятніца, 9:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як Алесь Бяляцкі расчараваў міністра замежных справаў Чэхіі

8
Як Алесь Бяляцкі расчараваў міністра замежных справаў Чэхіі
АЛЕСЬ БЯЛЯЦКІ І ЛЮБАМІР ЗААРАЛАК
ФОТА: SVABODA.ORG

Любыя размовы з беларускімі ўладамі трэба пачынаць з патрабаванняў свабодных і сумленных выбараў.

Старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» сустрэўся 30 чэрвеня ў Менску з міністрам замежных справаў Чэхіі Любамірам Зааралекам.

Падчас размовы Бяляцкі і Зааралек абмеркавалі магчымасць гатоўнасці беларускіх уладаў да рэформаў.

«Гэта была сяброўская гутарка. У мінулы раз мы з Любамірам Зааралекам сустракаліся два гады таму ў Празе, адразу пасля таго, як мяне выпусцілі з турмы. Вось і цяпер спадар міністр заклаў сімвалічны сэнс у нашую сустрэчу – я маю на ўвазе падтрымку правоў чалавека ў Беларусі. Мы мелі магчымасць абмяняцца інфармацыяй пра падзеі ў Беларусі», – паведаміў «Радыё Свабода» Алесь Бяляцкі.

Любамір Зааралек перш за ўсё распытаў Алеся Бяляцкага, наколькі сур'ёзна, на ягоную думку, беларускія ўлады гатовыя да структурных рэформаў у галіне дэмакратыі і правоў чалавека.

«Мае ацэнкі былі цвярозыя і неаптымістычныя. Я не бачу сур'ёзных імкненняў, жаданняў і палітычнай волі з боку беларускіх уладаў да істотных зменаў у краіне. Яны займаюцца падмалёўкай фасаду і не больш за тое.

Зрэшты, Аляксандр Лукашэнка чарговы раз пацвердзіў гэта на «ўсебеларускім» сходзе, калі сказаў, што будзе прадаўжаць той палітычны курс, які ён абраў 22 гады таму, а гэта курс на ўмацаванне аўтарытарнай сістэмы, уціск дэмакратычных свабодаў і правоў, на рэзкае абмежаванне канстытуцыйных правоў чалавека ў Беларусі», – сказаў праваабаронца.

Перад размовай з Бяляцкім чэшскі дыпламат сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Макеем. Алесь Бяляцкі кажа, што размова ў іх была пра «маленькія крокі Беларусі насустрач Еўропе»:

«Відавочна, што шлях да дэмакратыі доўгі. Але істотна, каб гэты шлях быў рэальным перамяшчэннем, а не хадой па коле, як гэта адбываецца ў нас. Відавочна, што такімі візітамі еўрапейскія палітыкі спрабуюць заахвоціць беларускія ўлады да наступных крокаў у бок дэмакратычных пераменаў. У першую чаргу гэта тычыцца нармальнага правядзення “выбараў”. Я быў вымушаны расчараваць міністра, сказаўшы, што вынікі фармавання тэрытарыяльных выбарчых камісій не даюць надзеі на аптымізм. Камісіі сфармаваныя паводле старога прынцыпу і цалкам знаходзяцца пад кантролем выканаўчай улады. Такім чынам, можна казаць, што еўрапейскія палітыкі знаходзяцца ў даволі далікатнай сітуацыі – з аднаго боку яны хацелі рабіць крокі насустрач Беларусі, а з другога – у адказ ім трэба бачыць дэмакратычныя змены з боку ўладаў Беларусі, але гэтага не адбываецца.

Беларускія ўлады ахвотна сустракаюцца з еўрапейскімі чыноўнікамі. Гэта сведчыць пра тое, што цяжкае эканамічнае становішча і няпростае геапалітычнае становішча прымушаюць беларускія ўлады шукаць у краінах ЕЗ калі не надзейнага партнёра, то, прынамсі, магчымасць абаперціся на ЕЗ падчас размоваў з пагрозлівым усходнім суседам».

Алесь Бяляцкі падзякаваў міністру замежных справаў за тое, што Чэхія паслядоўна падтрымлівае грамадзянскую супольнасць Беларусі:

«Можна казаць пра паслядоўную пазіцыю чэшскага ўраду ў тым, што тычыцца падтрымкі грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Гэтая падтрымка мае глыбокія гістарычныя традыцыі з 20 – 30-х гадоў XX стагоддзя, калі чэхі падтрымлівалі беларускіх студэнтаў і беларускую дэмакратычную эміграцыю з Заходняй Беларусі»

У час сустрэчы Любаміра Зааралека з лідарамі апазіцыі гутарка вялася пра будучыя «парламенцкія выбары».

На сустрэчы прысутнічалі старшыня АГП Анатоль Лябедзька, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, лідар руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, былы кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў, сустаршыня БХД Павел Севярынец.

Як апавёў Анатоль Лябедзька, гутарылі пра рызыкі і пагрозы, якія ўтрымліваюцца ў новай еўрапейскай палітыцы ў адносінах да Беларусі.

«Мы сышліся на самым галоўным – ключ да пераменаў у Беларусі – гэта свабодныя і справядлівыя выбары паводле стандартаў АБСЕ. Ці можна гэтага дасягнуць? Безумоўна, можна, таму што гэтаму спрыяе эканамічная сітуацыя, і калі б усе еўрапейскія і амерыканскія палітыкі, якія прыязджаюць у Беларусь, пачыналі свае сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржаўных структураў менавіта з гэтага пытання, гэта магло б спрацаваць, як спрацавала з вызваленнем палітычных зняволеных».

Анатоль Лябедзька адзначае, што міністр Зааралек казаў пра «асцярожны аптымізм у дачыненні да Беларусі»:

«Ён казаў, што трэба даць шанец беларускім уладам. Але ён не ўпэўнены, што з гэтага нешта атрымаецца».

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках