23 красавiка 2024, aўторак, 15:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пракуратура абскардзіла прысуд Алесі Садоўскай

11

Пракуратура Маладзечанскага раёна засумнявалася ў высновах другой судова-псіхіятрычнай экспэртызы, згодна з якой жанчына не мае патрэбы ў прымусовым лекаванні.

Але ж Алеся Садоўская ўжо правяла амаль чатыры месяцы ў ІЧУ, Жодзінскай турме № 8 і «Навінках», нагадвае «Беларуская праўда».

Пракуратура абскардзіла прысуд у крымінальнай справе жыхаркі Маладзечна Алесі Садоўскай, якую абвінавацілі ў парушэнні часткі 1 арт. 366 КК. Пракуратура паставіла пад сумнеў заключэнне судова-псіхіятрычнай экспэртызы ад 22 красавіка 2016 года, згодна з якім Алеся Садоўская не мае патрэбы ў прымусовым лекаванні.

АЛЕСЯ Садоўская
ФОТА: SVABODA.ORG

Дзяржаўны абвінаваўца старшы памочнік пракурора Маладзечанскага раёна В. Паляшчук просіць адмяніць прысуд суда Маладзечанскага раёна і накіраваць на новы разгляд у суд Маладзечанскага раёна ў новым складзе.

17 чэрвеня 2016 года суддзя суда Маладзечанскага раёна Павел Жачко прызнаў Алесю Садоўскую вінаватай у гвалце і пагрозе гвалтам у дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, з помсты за выкананне службовых абавязкаў. Прысуд – 2 гады і 6 месяцаў без накіравання ва ўстанову абмежавання волі.

Пацярпелай у судзе выступала загадчыца аддзела адукацыі, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама Іна Драпеза. Яна сцвярджае, што 1 лютага 2016 года Алеся Садоўская ў сваім кабінеце ўдарыла яе па шчацэ, спрабавала задушыць, цягала за валасы і біла нагамі. Абвінавачванне кажа, што ў выніку Драпеза атрымала ацёк шчакі, гематомы і драпіну на нагах – «лёгкія пашкоджанні». У якасці сведак выступалі супрацоўніцы аддзела адукацыі.

У межах крымінальнай справы прызначалася судова-псіхіятрычная экспэртыза. Згодна з высновамі экспэртызы, зробленай 22 красавіка 2016 года, у Алесі Садоўскай «ёсць псіхічны разлад у форме змешанага разладу асобы, ва ўжыванні ў дачыненні да яе якіх-небудзь прымусовых мераў бяспекі і лекавання, як да асобы, якая пакутуе на псіхічныя разлады (захворванні), не мае патрэбы».

Аднак у крымінальнай справе прысутнічае і іншае заключэнне, зробленае 24 студзеня 2014 года, згодна з якім «А. Садоўская пакутуе на хранічнае псіхічнае захворванне ў форме арганічнага афектыўнага разладу, мае патрэбу ва ўжыванні да яе прымусовых мераў бяспекі і лекавання, якія ўжываюцца да псіхічна хворага з змяшчэннем у псіхіятрычную лякарню са звычайным наглядам».

«Высновы ў справе не могуць быць заснаваныя на заключэннях, што супярэчаць адно аднаму, а таксама іншым доказам, дакладнасць якіх вызначаная», – заяўляе В. Паляшчук у апеляцыйным пратэсце ў Менскі абласны суд.

Абодва заключэнні прысутнічалі ў крымінальнай справе з самага пачатку. Чаму ж пракуратура не накіравала Алесю Садоўскую на трэцюю экспэртызу адразу, яшчэ да пачатку суда?

– А куды глядзела пракуратура, перадаючы яе ў суд? Бо ў крымінальнай справе ўжо тады знаходзіліся дзве судова-псіхіятрычныя экспэртызы. Пракуратура цалкам свабодна магла запатрабаваць дадатковую судова-псіхіятрычную экспэртызу да перадачы справы ў суд.

Мне зразумелыя матывы такіх паводзінаў пракуратуры. Паводле першай крымінальнай справы ў дачыненні да мяне прызначанае прымусовае лекаванне, больш за тое, я пралекавалася; экспэрт зрабіла заключэнне, што захворванне, ад якога мяне лекавалі, у мяне адсутнічае, такім чынам, лекавалі мяне незаконна. Таму пракуратура замест таго, каб дзейнічаць па-даросламу, спрабуе абяліць гонар мундзіра, – мяркуе Алеся Садоўская.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках