29 сакавiка 2024, Пятніца, 14:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Вецер кідаў людзей ва ўсе бакі»: Праз тарнада тры чалавекі патрапілі ў шпіталь

4

Усе трое пацярпелых у Шаркоўшчыне Віцебскай вобласці - жанчыны.

Тры чалавекі з траўмамі рознай ступені цяжкасці патрапілі ў мясцовую лякарню пасля таго, як над мястэчкам Шаркоўшчынай 11 ліпеня пранёсся тарнада.

«Усе трое пацярпелых - жанчыны. Адна з іх - 53-гадовая прадавачка гандлёвага намёту «Вікторыя-плюс» на вуліцы Маладзёжнай, якая належыць індывідуальнаму прадпрымальніку. У выніку перакульвання намёту яна атрымала пералом шыйкі сцягна, рэзаныя раны абодвух перадплеччаў. Яшчэ дзве жанчыны пацярпелі на тэрыторыі прыватных двароў. Аднагодку прадавачкі шпіталізавалі з рэзанай ранай цыбалкі. А самая старэйшая з пацярпелых - 1942 года нараджэння - атрымала пераломы сцягна і перадплечча», - паведаміла tut.by прэс-сакратарка абласной УМНС Марына Фандо.

Як апавядаюць відавочцы, моцны вецер даслоўна кідаў жыхароў Шаркоўшчыны «ва ўсе бакі».

У Шаркоўшчынскі цэнтральны раённы шпіталь шпіталізаваныя 3 чалавекі з траўмамі рознай ступені цяжкасці.

МНС таксама падае ўдакладненыя звесткі аб наступствах учорашняй навалы. На раніцу 12 ліпеня ў Шаркоўшчынскім раёне застаюцца абясточанымі два населеныя пункты, не адноўленая адна лінія электраперадач і пяць цеплавых падстанцый.

Пацярпелі і суседзі: у Глыбоцкім раёне пашкоджаныя дахі двух жылых дамоў, у Докшыцкім - аднаго. Людзей з гэтага жылля не адсялялі.

Напярэдадні ў Шаркоўшчыне моцны вецер пашкодзіў дахі 20 жылых дамоў, а на мясцовай чыгуначнай станцыі перакуліў два казловыя краны. На дарозе каля паселішча перакуліўся аўтамабіль. Шкода прычыненая і тром аборам у вёсцы Марках: тут пацярпелі 35 з 360 цялят, загінулых жывёлін няма.

На ліквідацыі наступстваў навалы працуюць 120 супрацоўнікаў сельгаспрадпрыемстваў Шаркоўшчынскага раёна, ім дапамагаюць работнікі і тэхніка МНС. На месцы працуе раённая камісія надзвычайных сітуацый на чале з намеснікам старшыні райвыканкама. Наступствы аварыйных адлучэнняў аднаўляюць 20 брыгад прадпрыемства «Віцебскэнэрга».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках