19 красавiка 2024, Пятніца, 21:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Карбалевіч: Здаецца, Руды ўсё-такі раздражняў Лукашэнку

10
Карбалевіч: Здаецца, Руды ўсё-такі раздражняў Лукашэнку
Кірыл Руды
ФОТА: TUT.BY

У беларускіх умовах пасада памочніка дыктатара ў рэформах пры адсутнасці рэформаў – гэта як пасада намесніка цара ў рэвалюцыі.

Памочнік Лукашэнкі Кірыл Руды неўзабаве з'едзе паслом Беларусі ў Кітай. Чаму яму надумалі змяніць пасаду?

Палітолаг Валерый Карбалевіч так патлумачыў «Радыё свабода» гэтую перастаноўку:

«Постаць Кірыла Рудога ў якасці памочніка Лукашэнкі ў эканоміцы з самага пачатку была незвычайнай. Ягоная функцыя і роля ў беларускай палітычнай сістэме даволі спецыфічныя. Навуковец з досведам стажыравання ў ЗША, паводле праграмы Фулбрайта, выглядаў даволі экзатычна ў атачэнне «моцных гаспадарнікаў».

Ён быў патрэбны беларускаму рэжыму як прывабны твар у камунікацыі з заходняй супольнасцю. Руды размаўляў з буржуінамі на зразумелай для іх мове, ва ўсіх сэнсах, часта разважаў пра рэформы. Нягледзячы на ўсе вокрыкі Лукашэнкі на адрас рэфарматараў, яму дазваляецца казаць больш, чым іншым чыноўнікам. Ён ва ўяўленні заходніх партнёраў з'яўляецца памочнікам Лукашэнкі ў рэформах.

Але ў беларускіх умовах пасада памочніка кіраўніка ў рэформах пры адсутнасці рэформаў – гэта як пасада намесніка цара ў рэвалюцыі. Таму Руды ў асноўным пісаў кніжкі пра фінансавую дыету.

Здаецца, ён усё-такі раздражняў Лукашэнку. Тым не менш у гэтай сістэме не прынята крочыць вольным крокам, публічна выяўляць іншадумства. Гэта значыць Руды тут не прыжыўся, сістэма яго адпрэчыла.

Цяпер наконт новай пасады. У другім нумары Беларускага эканамічнага часопіса апублікаваны артыкул Рудога пра стан і перспектывы беларуска-кітайскага супрацоўніцтва. Дык вось, там ён прыходзіць да высновы, што гэтае супрацоўніцтва невыгоднае Беларусі, а выгоднае Кітаю. У прыватнасці, ён раскрытыкаваў працу беларуска-кітайскага парку «Вялікі камень». Але не думаю, што на пасадзе пасла Беларусі ў Кітаі ён зможа пераламаць гэтую сітуацыю. Бо праблема тут сістэмная».

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках