23 красавiка 2024, aўторак, 22:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Галоўны дарожнік Менска не бачыць «нічога страшнага» ў знявечаным танкамі асфальце

23
Галоўны дарожнік Менска не бачыць «нічога страшнага» ў знявечаным танкамі асфальце
Фотa: tut.by

Паводле ягоных словаў, разбураную дарогу нават не будуць рамантаваць – «ямы закатаюць вашыя ж машыны».

Дзве трэніроўкі – і заўтра парад. Калона тэхнікі шэсць разоў за два тыдні ў спякотныя 30 – 32 градусы пройдзе па менскіх вуліцах. Tut.by паўтарыў яе маршрут ад Уручча да цэнтра сталіцы і паглядзеў, у якім стане знаходзіцца падарожная частка ў месцах, дзе рухалася гусенічная тэхніка.

Рух калоны пачаўся з вуліцы Старынаўскай ва Уруччы. Пасля праезду танкаў з аднаго боку праезнай часткі засталіся глыбокія сляды.

– З году ў год адно і тое, – скардзіцца Аксана, прадавец садавіны на блізкім да вуліцы Старынаўскай рынку. – Яны тут едуць, дым слупам. Праўда, пусцілі іх толькі па адным баку дарогі. Вядома, танкі – відовішча ўражлівае. Дзеці глядзелі і радаваліся. А ўва што дарога ператвараецца? Едзеш потым на машыне ці аўтобусе і калоцішся. Хай бы ўжо пліты бетонныя паклалі, каб надзейней было.

– Мы з курсантамі ў дні трэніроўкі праезду вайсковай тэхнікі займаліся на іншай пляцоўцы, а на наступны дзень вярнуліся назад, – апавёў майстар аўташколы, якая размяшчаецца ў чырвоных дамах на Старынаўскай. – Прыехалі і ўбачылі, ува што дарога ператварылася – усё ў слядах ад гусеніцаў. А рамонт дарогі зробяць добра калі ўвосень. Вось так і будзем ездзіць, а потым падвеску рамантаваць.

Са Старынаўскай тэхніка выехала на праспект Незалежнасці, там дарожнае палатно больш трывалае – глыбокіх праколаў асфальту не відаць, месцамі толькі белыя драпіны. Вытрымаў танкі і асфальт на новым шляхаправодзе над вуліцай Філімонава – паверхня ягоная засталася непашкоджанай.

У месцы, дзе новы асфальт развязкі скончыўся і прадоўжыўся старым пакрыццём, адразу відаць, што праязджалі танкі – асфальт, хоць і не глыбока, прабіты практычна па ўсім праспекце Незалежнасці, да павароту на вуліцу Сурганава.

Практычна няма слядоў ад праезду вайскоўцаў на вуліцах Сурганава і Куйбышава. А вось на праспекце Машэрава ад Старажоўскай да праспекта Пераможцаў адбіткі гусеніцаў на праезнай часткі месцамі даволі глыбокія. Асабліва пацярпела частка дарогі каля бардзюру – відаць, што тут тэхніка спынялася, асфальт асеў глыбока.

Назад у ваенны гарадок тэхніка вярталася праз вуліцу Ціміразева, Арлоўскую, плошчу Бангалор. Сляды ад гусеніцаў засталіся толькі на плошчы Бангалор.

Паглядзеў на вуліцы пасля танкаў і галоўны дарожнік сталіцы кіраўнік ДВА «Гаррамаўтадар» Мінгарвыканкама Дзяніс Глінскі. Яшчэ два гады таму ён прызнаваў, што пры поглядзе на асфальт пасля праезду тэхнікі ягонае сэрца «абліваецца крывёй». Але менавіта 2014-ы быў тым самым годам, калі асфальт на многіх участках канчаткова разбурыўся. Тады на ягонае аднаўленне выдаткавалі мільярд рублёў у тых коштах, і яшчэ некалькі гадоў пакрыццё пратрымаецца – да чарговага сур'ёзнага дарагога рамонту.

Пра тое, што, напрыклад, станам Старынаўскай менчукі традыцыйна незадаволеныя, Глінскі ведае. Але ўпэўнены: дыскамфорт кіроўцам ствараюць не сляды ад гусеніцаў, а сама дрэнная паверхня дарогі.

– Старынаўскую трэба даўно рэканструяваць. Ужо распрацаваная праектна-каштарысная дакументацыя.

Паводле ягоных словаў, можна разлічваць на тое, што сур'ёзны рамонт Старынаўскай пройдзе ўжо ў наступным годзе.

Глінскі перакананы – крытычных дэфектаў на сталічных дарогах ад таго, што прайшлі танкі, няма. Не будзе іх і пасля параду.

– Сляды ад спецтэхнікі, якія цяпер бачныя, не прывядуць да разбурэння асфальтабетоннага пакрыцця, яны не патрабуюць рамонту – іх закатае коламі транспарт, вашыя ж машыны, якія будуць ездзіць па дарозе.

Пра петыцыю з просьбай спыніць правядзенне парадаў з выкарыстаннем вайсковай тэхнікі ў межах горада галоўны дарожнік сталіцы не ведае, але мяркуе, што гэта няправільна і не больш чым «магчымасць пабалбатаць»: «Хай прыходзяць да мяне тыя, хто падпісвае гэтую петыцыю, і я растлумачу, чаму нічога страшнага не адбываецца з дарогамі ад таго, што танкі часам выязджаюць у горад на парад».

ФОТА: TUT.BY
Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках