18 красавiка 2024, Чацвер, 23:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму затапіла базар у Ждановічах, але больш на затапляе Нямігу

4

За мінулы тыдзень Менск залівала двойчы.

Але Няміга, якая яшчэ некалькі гадоў таму падчас залеў ператваралася ў возера, у сёлета перажыла ападкі амаль без праблем, нагадвае "Еўрарадыё".

ФОТА: Павел Восіпаў/FACEBOOK

"Апошнія два гады ў нас патопу не было, - кажа дырэктар крамы "Рублёўскі", што знаходзіцца ў сутарэннях будынка на вуліцы Няміга, 2. - Але на ўсялякі выпадак мы маем мяшкі з пяском. Калі быў апошні пролівень, на кантролі стаяў чалавек і сачыў за ўзроўнем вады. Калі б ён узняўся, мы б апусцілі ралеты, якія вытрымліваюць да тоны, але гэта ўсё не спатрэбілася".

Дырэктар "Гаррамліўнесцёк" Юрый Субоцін тлумачыць гэта з'яўленнем новага калектара, будаўніцтва якога скончылася ў канцы 2014 года.

"Калектар забяспечыў адвод вады з Грушаўкі, вуліц Лібкнэхта, Люксэмбург, Фабрыцыюса. Але будавалі яго два гады, пры тым, што ён даўжынёй толькі 2,9 кіламэтра. Так што гэта не так хутка. Гэта ж не равок пракапаць. Ды і фінансаванне абмежаванае".

Юрый Субоцін адзначае, што ў кожным выпадку цалкам унікнуць падтаплення не выпадзе. Ён тлумачыць, што на мінулым тыдні за паўгадзіны выпала траціна месячнай нормы ападкаў, а гэта на кожны квадратны мэтар прыкладна паўтраця вядры з вадой. Таму ў такіх форс-мажорных абставінах у нізінах вада будзе збірацца ў кожным выпадку.

"Прыймальнікі дажджу папросту не паспяваюць прымаць такую колькасць вады, - тлумачыць спецыяліст. - Вы проста паразважайце, якія павінны быць трубы, каб імгненна вывесці гэтую ваду. Вось вы адкручваеце кран на кухні: вада ж не стаіць, сцякае адразу, а выліце вядро! Яна ж адразу не знікне! І тут варта разумець, што нават у праектах усіх дажджавых каналізацый прапісана, што 2-3 разы на год могуць быць падтапленні. Сама сістэма плануе, што падтапленні будуць".

Цяпер вядзецца распрацоўка комплекснай галіновай схемы развіцця сістэм дажджавой каналізацыі Менска, дзе будуць пазначаныя найбольш небяспечныя месцы падтаплення. Скончаць яго ў трэцім квартале 2017 года, адпаведна, тады і можна будзе рабіць пэўныя захады для разлікаў водаадвядзення з гэтых месцаў, пераконвае Юрый Субоцін.

"Мы будзем хоць нешта мець, каб працаваць мэтанакіравана. А не тое, што сёння: тут затапіла, і мы павінны нешта рабіць, а заўтра там затапіла, і трэба там нешта прымаць. Але адразу ўсё зрабіць немагчыма".

Сёлета на першым месцы ў затапленні - рэчавы рынак у Ждановічах. Юрый Субоцін не адказвае за гэтую тэрыторыю, але ведае, у чым праблема, і нават прапануе канкрэтны варыянт яе развязання.

"Там жа 73 гектары! І на ўсю гэтую гаспадарку - блізу 20 кратаў. Я не ведаю, хто ім рабіў праект дажджавой каналізацыі, але вадзе там няма куды сплываць. На ўвесь гэты рэчавы базар - усяго толькі тры прыймальнікі дажджу. Прычым яны аб'яднаныя адзін з адным у адну трубу трыццаць сантымэтраў дыямэтрам, якая ўваходзіць у васьмісотку. Калі б яны з кожных кратаў вывелі трубу асобна ў васьмісотку, было б усё па-іншаму. А так... ну як такая колькасць вады хутка пацячэ праз такую трубу?"

Пакуль сіноптыкі не прагназуюць паляпшэння надвор'я, таму патопы імаверныя ў любы момант. Але не трэба забываць, што два з трох дапушчальных (паводле праекту) патопаў сяголета ўжо былі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках