23 красавiка 2024, aўторак, 9:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія спецслужбы маюць магчымасць схавацца за ўкраінска-расейскім канфліктам

5
Беларускія спецслужбы маюць магчымасць схавацца за ўкраінска-расейскім канфліктам
Зміцер Бандарэнка

Забойства журналіста Паўла Шарамета павінна прымусіць Захад задумацца.

Пра гэта ў інтэрв'ю Польскаму радыё (пераклад - charter97.org) заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка.

- Якім чалавекам, журналістам быў Павел Шарамет?

- Я знаў Паўла Шарамета з 1995 года. Я быў камерцыйным дырэктарам незалежнага Радыё 101,2. На пачатку 1990-х гадоў сродкі масавай інфармацыі ў Беларусі выглядалі інакш, чым сучасныя. У той час Павал Шарамет заканчваў працу на Беларускай тэлевізіі, якая таксама адрознівалася ад сённяшняй. Ён вёў праграму «Праспект». Хоць быў эканамістам з адукацыі, пачаў сваю кар'еру ў журналістыцы.

Павел быў выдатным журналістам і ўнікальнай асобай. Я памятаю, як ён прыходзіў да нас на радыё ў праграму Вольгі Караткевіч, прысвечанай эканамічным пытаннях. Вольга таксама прыйшла да нас з тэлевізійнай станцыі, тады яшчэ незалежнай, якая была знішчаная пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі.

Гэта была цікавая пара ў эфіры. Пазней яны сталі зоркамі беларускай журналістыкі. Вольга Караткевіч працавала ў Празе на «Радыё Свабода», у той час як Павел быў вымушаны пераехаць у Расею і там бліскаў у расейскіх праграмах. Затым ён пераехаў ва Украіну.

Сёлета не стала іх абаіх. Вольга Караткевіч памерла месяц таму ад раку, а цяпер загінуў Павел. Сыходзяць зоркі беларускай журналістыкі. Хацеў бы звярнуць увагу, гэта вельмі важна, адрозна ад іншых краін, часта вялікія таленты ў журналістыцы не могуць рэалізаваць сябе ў Беларусі. Яны вымушаныя з'язджаць вучыцца за мяжу.

Калі Павал Шарамет трапіў у турму ў Беларусі, гэта стала пачаткам майго палітычнага шляху. Пасля закрыцця Радыё 101,2 я працаваў дырэктарам Фонду падтрымкі незалежнай прэсы. І калі Паўла арыштавалі, мы пачалі кампанію ягонага вызвалення. Былі акцыі салідарнасці, Марш у паласатых робах, пікеты. Менавіта тады разам з Мікалаем Халезіным мы прыдумалі лозунг «Шарамета ў прэзідэнты!». Павел як палітык стаў вельмі папулярным у апытаннях грамадскай думкі. Лукашэнку гэта нэрвавала.

Калі нарэшце пад ціскам з боку Барыса Нямцова і нават Барыса Ельцына Шарамета вызвалілі з беларускай турмы, ён быў настолькі папулярным і вядомым, што Лукашэнка запатрабаваў, каб ён з'ехаў з Беларусі ў Расею.

Магчыма, цяпер палітыкі на Захадзе ў сувязі са смерцю Паўла Шарамета задумаюцца, што беларускія незалежныя журналісты ўвесь час знаходзяцца ў небяспецы, бо перашкаджаюць уладам.

- Ён з'ехаў у Расею. Адтуль таксама вымушаны быў уцякаць. У той жа час ён здолеў стварыць незалежны беларускі вэб-партал «Беларускі партызан».

- Так, гэта паспяховы праект. Калі я быў у турме, то апытваў людзей, што яны чыталі ў інтэрнэце, калі былі на волі. Такое ж пытанне задаваў і міліцыянтам. Абсалютная большасць адказвалі, што чытаюць два інтэрнэт-парталы: «Хартыя-97» і «Беларускі партызан».

Цяпер забілі заснавальніка «Беларускага партызана», а ў 2010 годзе быў забіты заснавальнік сайта «Хартыя-97» Алег Бябенін.

- У сувязі са смерцю Паўла Шарамета прызначанае расследаванне. Створаная міжнародная група ва Украіне. Запрошанае да супрацоўніцтва ФБР. У сродках масавай інфармацыі існуюць розныя версіі прычын забойства. Пераважная меркаванне, што гэта звязана з прафесійнай дзейнасцю Паўла. Як Вы гэта ацэньваеце?

- Забойства ў кожным выпадку звязанае з ягонай дзейнасцю ў Кіеве. Можна задаваць пытанне, ці зрабілі гэта расейскія або беларускія спецслужбы, альбо нейкія сілы ва Украіне, бо Павел крытыкаваў і радыкалаў, і канкрэтных палітыкаў. Але ўсё гэта звязана з Украінай - калі гэта ўчынілі расейскія спецслужбы, гэта было зроблена з мэтай кінуць цень на ўкраінскія ўлады і дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне. Калі гэта справа беларускіх спецслужбаў, то яны маюць магчымасць схавацца за ўкраінска-расейскім канфліктам. Будзем спадзявацца, што расследаванне пакажа праўду.

- Што адбудзецца з праектам Паўла Шарамета «Беларускі партызан?»

- Я спадзяюся, што ў Паўла былі калегі, вучні, якія змогуць працягнуць ягоную працу.

- Павел Шарамет вымушаны быў з'ехаць з Беларусі, бо там для яго не было месца. З гэтай жа прычыны пакінула Беларусь галоўная рэдактарка «Хартыі'97» Наталля Радзіна. Незвычайна цяжка быць журналістам у Беларусі і выжыць там, выконваючы гэтую працу. Захад забывае, што трэба падтрымліваць незалежных журналістаў у Беларусі, бо іхнія бяспека, побыт, здароўе, не кажучы ўжо пра свабоду ажыццяўлення прафесійнай дзейнасці, безупынна знаходзяцца пад пагрозай. Ці можа хтосьці, у тым ліку Захад, дапамагчы ў гэтай сітуацыі? Я ведаю, што, магчыма, гэта пытанне часта задаюць, але цяжка даць на яго адказ.

- Гэта вельмі добрае пытанне. Важна адзначыць, што шмат таленавітых людзей, у тым ліку журналістаў, не могуць рэалізаваць свой патэнцыял у Беларусі. Трэба разумець, што калі б Павел Шарамет і Наталля Радзіна маглі б працаваць у нармальнай Беларусі, то яны б, мабыць, кіравалі вялікімі мэдыя-холдынгамі, магчыма, нават канкуруючымі адзін з адным. Іхні ўплыў у Беларусі быў б вялікі.

З зыходам Паўла з'явілася велізарная зеўра ў беларускіх мэдыях.

Таксама ёсць і іншы аспект. Я закранаў гэтае пытанне на нядаўняй канферэнцыі ў Варшаве, прысвечанай праблемам Усходняй Еўропы. У той час, калі вайскоўцы NATO наважылі размясціць чатыры новыя батальёны на ўсходнім флангу, каб нейтралізаваць пагрозу з боку супольнай расейска-беларускай групоўкі, палітыкі Захаду значна скарачаюць падтрымку прадэмакратычных праектаў у Беларусі. Дэ-факта згорнутая праграма Каліноўскага для рэпрэсаваных студэнтаў - гэта сапраўды вельмі моцная пляга для беларускай апазіцыі. Памяншаецца дапамога рэпрэсаваным. Безупынна ідуць размовы аб скарачэнні падтрымкі незалежных сродкаў масавай інфармацыі.

Магчыма, смерць Паўла паслужыць папярэджаннем, сігналам да таго, што нельга пакідаць без дапамогі незалежныя СМІ, хаця б з прычыны таго, што расейскія прапагандысты ў варунках гібрыднай вайны працуюць вельмі інтэнсіўна. У Беларусі, сярод іншага, надоечы адкрылі рэдакцыю «Спутніка». Укладваюцца сродкі ў развіццё розных казацкіх і праваслаўных арганізацый, якія шчыльна супрацоўнічаюць з вайсковымі структурамі Расеі і Беларусі.

- Хто-небудзь ужо афіцыйна абвясціў аб скарачэнні фінансавання? Чым яны кіруюцца?

- Спыненне праграмы Каліноўскага для рэпрэсаваных - сур'ёзная страта для нас. Мы бачым, што Нарвэгія перастала дапамагаць Беларусі і занялася Украінай. Пра гэта цяпер кажуць і ў Швэцыі. Прыярытэтам для іх ёсць Украіна, а таксама дапамога ўцекачам. Падтрымка дэмакратычных праектаў у Беларусі скарачаецца ў разы.

З іроніі лёсу, у той час, калі Расея нарошчвае сваю прысутнасць і інфармацыйны ўплыў, Захад пакідае Беларусь, нібы запрашаючы Расею: «Калі ласка, уваход тут!»

- Якія называюцца прычыны?

- Праблема ўцекачоў, змена прыярытэтаў ва ўсходняй палітыцы. І наогул, з беларусамі ніхто не размаўляе. Толькі постфактум. Вядома, што гэта грошы польскіх падаткаплатнікаў, і Польшча самастойная ў прыняцці пастаноў. Аднак пра закрыццё праграмы Каліноўскага ніхто не гаварыў з незалежнай супольнасцю Беларусі. Проста сказалі: «У вас стала менш рэпрэсій».

А калі будзе шмат рэпрэсій, то што? А што рабіць сотням сем'яў рэпрэсаваных апазіцыянераў? Бо калі іхняе дзіця паступае ва ўніверсітэт, то яго часта гвалтоўна адпраўляюць у войска. У найлепшым выпадку дзеці рэпрэсаваных могуць вучыцца ў платных універсітэтах, але адкуль апазіцыі ўзяць на гэта грошы? Да таго ж у кожны момант дзяцей апазіцыянераў могуць арыштаваць і выключыць з універсітэту.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках