19 красавiка 2024, Пятніца, 18:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пасля спробы дзяржаўнага перавароту Турцыя зачыняе дзве тысячы арганізацый

24
Пасля спробы дзяржаўнага перавароту Турцыя зачыняе дзве тысячы арганізацый

У Турцыі зачыняецца больш за 1000 прыватных школаў, больш за 1200 фондаў, 19 прафсаюзаў, 15 універсітэтаў і 35 медыцынскіх установаў.

Улады Турцыі абвесцілі пра закрыццё больш як 2000 арганізацый, якія, на думку Анкары, звязаныя з апазіцыйным ісламскім прапаведнікам Фетхулом Гюленом, галоўным палітычным апанентам прэзідэнта краіны Рэджэпа Таіпа Эрдагана, паведамляе расейская служба BBC.

Паводле паведамлення Анкары, у Турцыі зачыняецца больш за тысячу прыватных школаў, больш за 1200 фондаў і дабрачынных арганізацый, 19 прафсаюзаў, 15 універсітэтаў і 35 медыцынскіх установаў.

Улады Турцыі мяркуюць, што Фетхула Гюлен, які жыве ў амерыканскім штаце Пенсільванія, – натхняльнік спробы дзяржаўнага перавароту ў Турцыі, якая адбылася ў ноч на 16 ліпеня.

Сам Гюлен неаднаразова абвяшчаў, што не мае дачынення да путчу, і асуджаў спробу перавароту. Ён таксама адзначыў, што гатовы да экстрадыцыі на радзіму.

Раней віцэ-прэм'ер Турцыі Нурэцін Джаніклі апавёў у інтэрв'ю Бі-бі-сі, што арышты і звальненні каля 60 тысячаў чалавек пасля бунту былі толькі "верхавінай айсберга", і паабяцаў, што арыштаў будзе яшчэ больш.

Сярод звольненых і затрыманых больш за 9 тысячаў паліцыянтаў, 3 тысячы суддзяў і 6 тысячаў вайскоўцаў, а таксама настаўнікі і дэканы ўніверсітэтаў.

Турцыя таксама пастанавіла часова прыпыніць дзеянне Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодах у сувязі з надзвычайным становішчам у краіне, якое было ўведзенае ўладамі Турцыі на тры месяцы пасля спробы перавароту.

У адпаведнасці з дзейным рэжымам надзвычайнага становішча ўлады Турцыі дазволілі пакідаць пад вартай падазраваных у датычнасці да няўдалай спробы вайсковага перавароту на тэрмін да 30 дзён.

Узброены мяцеж пачаўся ў Турцыі позна ўвечары 15 ліпеня.

Група вайскоўцаў абвесціла, што бярэ кіраванне краінай у свае рукі, каб забяспечыць выкананне канстытуцыйных правоў грамадзянаў. Да ранку турэцкі ўрад здолеў цалкам аднавіць кантроль над сітуацыяй у краіне.

Колькасць ахвяраў сутыкненняў у Турцыі ў ходзе няўдалага вайсковага перавароту склала не менш за 232 чалавекі.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках