23 красавiка 2024, aўторак, 11:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіраўнік USADA асудзіў пастанову МАК дапусціць Расею на Алімпіяду

8
Кіраўнік USADA асудзіў пастанову МАК дапусціць Расею на Алімпіяду
ТРЭВІС ТАЙГЕРТ

Кіраўнік Амерыканскага антыдопінгавага агенцтва Трэвіс Тайгерт уважае, што такая пастанова ставіць пад пагрозу прынцып чысціні спорту.

МАК у нядзелю прыняў пастанову, паводле якой да ўдзелу ў Гульнях будуць дапушчаныя ўсе спартоўцы, якія будуць адпавядаць вызначаным камітэтам крытэрам. Канчатковы вердыкт аб допуску спартоўцаў на Алімпіяду будуць прымаць міжнародныя спартыўныя федэрацыі.

«Многія, у тым ліку «чыстыя» спартоўцы і інфарматары, дэманстравалі смеласць і сілу ў супрацьстаянні з культурай падтрымкі допінгу на дзяржаўным узроўні і карупцыяй у Расеі. Аднак, на жаль, у самы важны для «чыстых» спартоўцаў і для цэласнасці Алімпійскіх гульняў момант МАК адмовіўся ўзяць на сябе адказнасць. Пастанова адносна ўдзелу расейскіх спартоўцаў у Алімпіядзе - гэта ўдар па правах «чыстых» спартоўцаў», - гаворыцца ў заяве Тайгерта, паведамляе РБК.

На думку кіраўніка USADA, МАК дапусціў памылку, перадаўшы права канчатковай пастановы міжнародным федэрацыям.

«Раней МАК сцвярджаў, што антыдопінгавая сістэма павінна быць незалежнай, і тым больш незразумела, як у такі важны момант МАК перадаў права рашэння спартовым федэрацыям», - гаворыцца ў заяве Тайгерта.

Тайгерт заявіў, што міжнародным спартовым федэрацыям можа не стаць кампетэнцыі для развязання пытання аб допуску расейскіх спартоўцаў за той кароткі час, што застаўся да старту Алімпіяды. «У вочы кідаецца канфлікт інтарэсаў», - напісаў Тайгерт.

Таксама ён асудзіў пастанову МАК не даваць дазволу інфарматарцы WADA Юліі Сцяпанавай выступіць на Алімпіядзе. Сцяпанава, якая стала галоўным героем фільма ARD, пасля выхаду якога рушыла ўслед дыскваліфікацыя Усерасейскай федэрацыі лёгкай атлетыкі, падавала заяўку на ўдзел у Гульнях як нейтральны спартовец. МАК, пасля кансультацыі з камітэтам этыкі, адмовіў расеянцы ў допуску на Гульні, матываваўшы пастанову тым, што Сцяпанава раней адбыла дыскваліфікацыю за ўжыванне допінгу.

«Што тычыцца Юліі Сцяпанавай, то адмова ў допуску на Алімпіяду зусім неспасцігальная і будзе, без сумневу, утрымліваць інфарматараў ад паведамленняў звестак", - сказаў на заканчэнне Тайгерт.

14 нацыянальных антыдопінгавых агенцтваў звярнуліся да МАК з патрабаваннем адхіліць каманду Расеі ад удзелу ў Алімпіядзе ў поўным складзе. Пры гэтым аўтары ліста прапанавалі МАК стварыць аператыўную групу, якая зможа перад Алімпіядай праверыць «чыстых» расейскіх спартоўцаў і дапусціць іх на Гульні пад нейтральным сцягам. Подпісы пад лістом паставілі кіраўнікі антыдопінгавых агенцтваў Аўстрыі, Канады, Даніі, Новай Зеландыі, Егіпта, Нарвегіі, Фінляндыі, Гішпаніі, Нямеччыны, Швецыі, Японіі, Швейцарыі, Галандыі і ЗША.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках