19 красавiка 2024, Пятніца, 6:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ілля Яшын: Да забойства Шарамета датычныя крамлёўскія спецслужбы

8
Ілля Яшын: Да забойства Шарамета датычныя крамлёўскія спецслужбы
Ілля Яшын

Расейскі апазіцыянер правёў паралелі паміж забойствамі Барыса Нямцова і Паўла Шарамета.

Адзін з лідараў расейскай апазіцыі, намеснік старшыні Партыі народнай свабоды (ПАРНАС) Ілля Яшын адказаў на пытанні charter97.org.

- Ілля, для размовы наспела адразу некалькі падстаў. Сёння пачаўся суд паводле справы аб забойства Барыса Нямцова. Чаго вы чакаеце ад гэтага працэсу?

- Я чакаю, што выканаўцаў забойства прыцягнуць да адказнасці, і яны атрымаюць належнае пакаранне. Думаю, што ёсць усе шанцы. Хоць можна прагназаваць складанасці, калі будзе прынятая пастанова аб разглядзе справы судом прысяжных. Ёсць асцярогі, што замоўцы, як і арганізатары забойства, якія дагэтуль знаходзяцца на волі, арганізуюць вельмі сур'ёзны ціск на прысяжных. Таму праваахоўным органам трэба зрабіць усё, каб абараніць гэтых людзей.

Пытанне гэтае зусім не трывіяльнае, ціск, напэўна, будзе, і гэтыя рэчы трэба пралічыць, бо людзі, якія стаяць за забойствам Нямцова, проста ўпіваюцца уласнай беспакаранасцю і разумеюць, што ім нічога за гэта не будзе.

- Відавочна, што імёнаў арганізатараў забойства Нямцова мы пакуль не даведаемся.

- Так, арганізатараў і замоўцаў не прыцягнуць да адказнасці найбліжэйшым часам.

Аднак выканаўцы знаходзяцца за кратамі, і тое, што справа ідзе да лагічнага фіналу - прысуду - гэта вельмі важна.

Вядома, мы будзем дамагацца таго, каб усе людзі, якія маюць дачыненне да злачынства (гэта значыць і тыя, што знаходзяцца ў вышуку, і тыя, якіх нават не дапыталі), так ці інакш апынуцца на лаве падсудных, але для гэтага трэба зрабіць першы важны крок і дамагчыся прысуду выканаўцаў.

- Вы ўчора вярнуліся з Менска з пахавання журналіста Паўла Шарамета, шчырага сябра Барыса Нямцова. Як вы думаеце, ці ёсць сувязь паміж гэтымі забойствамі?

- На мой погляд, наўпроставай сувязі няма, але з пункту гледжання сімвалізму гэтыя забойствы маюць пэўныя паралелі. І забойства ў Маскве, і забойства ў Кіеве фактычна былі тэрактамі. Што такое тэракт? Тэракт - гэта дэманстратыўнае забойства, расправа, якая накіравана на запалохванне грамадства.

Забойства Барыса Нямцова стала цалкам недвухсэнсоўным пасланнем тым людзям, якія крытыкуюць і процідзейнічаюць палітыцы Пуціна ў Крамлі, якія выходзяць на апазіцыйныя маршы, распаўсюджваюць апазіцыйныя матэрыялы.

Мне здаецца, што адная з мэтаў забойства Паўла Шарамета - гэта запалохванне тых расейскіх грамадзян, якія перабраліся ва Украіну і далей займаюцца незалежнай журналістыкай або апазіцыйнай дзейнасцю ў дачыненні да расейскіх улад, але мяркуюць, што перабраўшыся ў Кіеў яны могуць адчуваць сябе ў бяспецы. Гэта было пасланне, што крытыка Пуціна можна застрэліць не толькі ў цэнтры Масквы, але і падарваць ў Кіеве.

- Гэта значыць вы схільныя да версіі, што да забойства Шарамета могуць быць датычныя расейскія спецслужбы?

- Я мяркую, што гэта ключавая версія, на якой трэба засяродзіць высілкі. Я ўважліва вывучаў тыя версіі, якія агучыла ўкраінская старана, і мне здаецца, што ніводная з іх не вытрымлівае крытыкі. За выключэннем версіі, якая гаворыць аб датычнасці да забойства крамлёўскіх спецслужбаў.

- Сёння газета «Вести» напісала, што Мінюст Расеі рыхтуе законапраект аб тым, што завінавачаныя не змогуць пакінуць тэрыторыю краіны праз Беларусь і Казахстан. Ці не падаецца вам, што гэта накіравана ў першую чаргу супраць расейскіх апазіцыянераў?

- Не думаю, што гэта накіравана супраць апазіцыі. Тэндэнцыя абсалютна адваротная. Апазіцыю выціскаюць з краіны, як гэта раней было ў Беларусі. На выезд сістэма працуе вельмі дынамічна. Тых людзей, якія хочуць з'ехаць, асабліва не ўтрымліваюць.

Калі вы надумалі пакінуць краіну, то вам дапамогуць і паскарэнне яшчэ нададуць. Заканадаўчая машына і праваахоўныя органы ў палітычным плане апошнім часам працуюць на тое, каб стымуляваць эміграцыйнай адток з Расеі тых людзей, якія не згодныя з палітыкай Пуціна.

У гэтым плане Пуцін пераняў досвед Лукашэнкі. У Беларусі ў свой час адбывалася тое ж самае, і цяпер шэрагі вашай апазіцыі вельмі моцна парадзелі. Я гэта назіраў падчас сваёй паездкі ў Менск. Многія вымушаныя былі з'ехаць, баючыся за сваё жыццё і здароўе.

У Расеі гэта пакуль не так яскрава відаць, але тэндэнцыя абсалютна такая ж.

- Дарэчы пра Лукашэнку. Беларускія дзяржаўныя медыі і ўлады цалкам праігнаравалі забойства Паўла Шарамета...

- Лукашэнка дробязны, помслівы і злосны чалавек. Таму чакаць ад яго вялікадушнасці ў дачыненні да загінулага ворага наўрад ці варта было.

Наколькі я ведаю, былі вялікія складанасці ў арганізацыі пахавання. Шарамет быў пазбаўлены ў свой час беларускага грамадзянства, і толькі пасля ўмяшання прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі, ягонай тэлефоннай размовы з Лукашэнкам, беларускія ўлады пайшлі на сустрэчу і далі магчымасць сваякам арганізаваць месца на могілках і пахаваць Паўла побач з магілай бацькі.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках