19 красавiка 2024, Пятніца, 12:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як дабівалі «Мотавела»

13

Ровар «Бусел» або матацыкл «Менск» - назвы, якія калісьці былі вядомыя ва ўсіх краінах так званага савецкага блока.

Цяпер жа, «Матацыклетная кампанія Менск-Мота» - на мяжы банкруцтва.

Справа аб неплацежаздольнасці пачаў Эканамічны суд Менска. Пра лёс былога флагмана айчыннай прамысловасці - у матэрыяле «Белсата».

Малагабарытны матацыкл спачатку не саступаў аналагічным мадэлям «Harley-Davidson» і «Yamaha». Так, у сярэдзіне мінулага стагоддзя аглядальнікі казалі аб малалітражцы маркі «Менск», якую пачалі выпускаць у 1951-м годзе на трафейным абсталяванні, вывезеным у Беларусь з Нямеччыны апошнія дні Другой сусветнай вайны. У пачатку стагоддзя цяперашняга большасць прадукцыі «Мотавела» выпускалася ўсё на тых самых трафейных станках.

У 2004-м годзе італьянскі канцэрн «Cagiva» - сусветна вядомы вытворца малалітражак - прапанаваў выкупіць «Мотавела» і даць яму новае жыццё за кошт абнаўлення абсталявання і мадэльнага шэрагу. Афіцыйны Менск, аднак, гэтую ўгоду заблакаваў.

«Цалкам магчыма, што чыноўнік, які бярэ рашэнне, пры недаглядзе ўладаў над ім, можа свае асабістыя інтарэсы зрабіць больш прыярытэтнымі, чым інтарэсы дзяржавы», - тлумачыць эканамічны аглядальнік Уладзімір Арцюгін.

Замест таго, каб прадаць прадпрыемства профільным заходнім інвестарам, улады яго спачатку нацыяналізавалі, а пасля перадалі малавядомаму на той момант бізнэсоўцу Аляксандру Мураўёву. Куплю аформілі на зарэгістраваную ў Аўстрыі падкантрольную яму кампанію «ATEC Holding».

«Сітуацыя вельмі нагадвае сітуацыю з заводам «Луч», калі ёсць некалькі цэхаў, якія вырабляюць гадзіннікі пад маркай «Луч», а іншыя вытворчыя і адміністрацыйныя памяшканні аддадзены ў арэнду пад больш выгадныя на гэты момант напрамкі», - працягвае Уладзімір Арцюгін.

Бізнэс-мадэль, якая была абранай Мураўёвым, была падобная да той, паводле якой афіцыйны Менск спрабуе цяпер наладзіць вытворчасць кітайскіх аўтамабіляў «Geely». 70% запчастак для матацыклаў прывозяць у Беларусь з Кітая. Фактычна, тлумачаць беларускія байкеры, «Менск» стаў імпартным кітайскім матацыклам, які ўвозіцца ў Беларусь часткамі, каб пазбягаць 20-адсоткавай увазной мыты, якая спаганяецца з гатовых вырабаў. Такая мадэль пры адсутнасці профільнай экспертызы прывяла да таго, што беларускія матацыклы «Менск» і ровары «Бусел» страцілі сусветны рынак. Але і ўнутраны зберагчы не ўдалося.

«У мяне калісьці быў ровар «Бусел». Добры быў ровар, ездзіў на ім. Але цяпер мадэляў новых няма», - кажа веласіпедыст.

Іншы заўважае: «Буслік», ці як яны называюцца, яны непрыгожыя нават».

У мінулым годзе, пасля арышту Аляксандра Мураўёва і яго топ-мэнэджараў - за пералічэнне актываў завода на падкантрольныя ім афшоры - вытворчасцю айчынных ровараў і матацыклаў зноў занялася дзяржава. Структура, падкантрольная Менскаму гарвыканкаму, пад кіраўніцтвам былога мэра Мікалая Ладуцькі фармальна арандуе вытворчыя магчымасці ў збанкрутавалага ўласніка і просіць у бюджэту $10 млн на адміністрацыйную мадэрнізацыю. Між тым, сваёй чаргі на банкруцтва чакае шклозавод у Ялізава, таксама некалі набыты Мураўёвым у выніку непразрыстай угоды з сябрам урада.

Спецыялісты падсумоўваюць: гісторыя з «Мотавела», - яркі прыклад наменклатурнай прыватызацыі, калі, замест таго, каб прадаць актыў высокатэхналагічнаму заходняму інвестару, сябры ўрада перадаюць яго малавядомым афшорным фірмам. Таму, тлумачаць яны, без незалежных судоў, парламента і прэсы, якія б кантралявалі гэтыя працэсы, такі лёс неўзабаве чакае і астатнюю беларускую прамысловасць.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках