19 красавiка 2024, Пятніца, 9:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аналітыкі «Сбербанка»: Рэцэсія ў Беларусі здоўжыцца

2
Аналітыкі «Сбербанка»: Рэцэсія ў Беларусі здоўжыцца
ФОТА: TSN.UA

У 2016 годзе ў беларускай эканоміцы захаваецца рэцэсія, нягледзячы на заявы ўлады пра яе «пераадоленне» ў першай палове года.

"Мы не чакаем значнага паляпшэння дынамікі УБП за 2016 год. Скарачэнне эканомікі працягнецца, а выхад на траекторыю росту магчымы не раней за 2017 год. Аднак і тады істотнае паскарэнне малаімавернае", - прагназуюць аўтары эканамічнага агляду Цэнтра макраэканамічных даследаванняў расейскага "Сбербанка", паведамляе БелаПАН.

На думку экспэртаў, крыніц росту, якія б дазволілі сёлета вывесці беларускую эканоміку з рэцэсіі, пакуль няма.

Аб'ёмы падзення прамысловай вытворчасці за паўгоддзе сталі меншыя, чым у першым квартале, аднак перспектывы яго нарошчвання абмежаваныя, адзначаюць аналітыкі "Сбербанка". "Вярнуцца да росту прамысловасці перашкаджае хімічная вытворчасць, якая ў першым паўгоддзі скарацілася больш за астатнія галіны (на 11,2%). Цалкам лагічны вынік, улічваючы падзенне попыту на сусветным рынку калійных угнаенняў і ў выніку зніжэнне кошту ўгнаенняў", - гаворыцца у аглядзе.

З іншага боку, адзначаюць экспэрты, у Беларусі на фоне зніжэння рэальных даходаў насельніцтва скарачаецца спажыванне, "якое найбліжэйшым часам застанецца асноўным стрымальным чыннікам для аднаўлення эканомікі".

"Скарачэнне ўнутранага гандлю (12,3% у структуры УБП) паскорылася да мінус 4,2% у першым паўгоддзі, супраць мінус 3,1% у першым квартале", - канстатуюць аналітыкі "Сбербанка".

У цяперашняй сітуацыі, калі прамысловая вытворчасць і спажыванне застаецца адмоўным, расейскія экспэрты не бачаць перадумоў для хуткага аднаўлення беларускай эканомікі. Яны мяркуюць, што выхад у зону анэмічнага эканамічнага росту ў Беларусі магчымы "не раней за 2017 год".

"У больш доўгатэрміновай перспектыве беларускі эканамічны рост застанецца залежным ад эканамічнага росту Расеі. Нашы разлікі паказваюць, што паскарэнне росту ў Расеі на адзін пункт дадае 0,7 адсоткавага пункта ў рост Беларусі", - мяркуюць аналітыкі "Сбербанка". Паводле іхняй ацэнкі ў выпадку аднаўлення росту эканомікі Расеі штогадовы рост УБП Беларусі ў 2018-2020 гадах можа складаць 2-3%.

Як паведамлялася раней, у выніку першай паловы 2016 года УБП Беларусі знізіўся на 2,5%. Афіцыйны прагноз, які прадугледжвае сёлета рост эканомікі на 0,3%, пакуль не пераглядаўся.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках