29 сакавiка 2024, Пятніца, 10:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Для паступлення ў Вайсковую акадэмію дастаткова было набраць 108 з 400 балаў

14
Для паступлення ў Вайсковую акадэмію дастаткова было набраць 108 з 400 балаў
ФОТА: VSR.MIL.BY

На якія спецыяльнасці прынялі нават тых, хто здаў ЦТ не вельмі добра?

26 ліпеня для абітурыентаў, якія яшчэ не вызначыліся з месцам навучання, стартаваў дадатковы набор на «бюджэт». Пакуль адны ўніверсітэты працягваюць прыйманне дакументаў, іншыя скончылі падлічваць праходныя балы на бюджэтную форму навучання, піша tut.by.

Белдзяржуніверсітэт на фоне абвешчанага дадатковага набору выклаў у інтэрнэце праходныя балы-2016. Пазадзе апынулася спецыяльнасць «Хімія (радыяцыйная, хімічная і біялагічная абарона)» на вайсковым факультэце. Каб паступіць на яе, дастаткова было «наскрэбці» толькі 100 балаў. Нагадаем, максімум, які можа набраць абітурыент у выніку трох ЦТ і сярэдняга бала атэстату - гэта 400 балаў.

У Вайсковай акадэміі самы нізкі бал - 108 - на спецыяльнасці «Кіраванне танкавымі падраздзяленнямі» агульнавайсковага факультэта. Для параўнання: рэкордна высокія для акадэміі 312 балаў мелі атрымаць тыя, хто паступае на спецыяльнасць «Эксплуатацыя аўтаматызаваных сістэм апрацоўкі інфармацыі» факультэта сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання. Аднак гэта бал конкурсу толькі сярод дзяўчат.

У Акадэміі МУС абітурыенткі таксама меліся прадэманстраваць больш высокі бал, чым юнакі. Да прыкладу, заняць месца на «бюджэце» крымінальна-выканаўчага факультэта дзяўчына магла, набраўшы не менш за 309 балаў, а для хлопцаў досыць было 167. Што да самага нізкага праходнога бала, то ў Акадэміі МУС ён зафіксаваны на спецыяльнасці, звязанай з вайсковай справай. Гэта «правазнаўства» на факультэце міліцыі - 132 балы.

У Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў сёння прайшло залічэнне на дзённую бюджэтную форму навучання. Спецыяльнасцю з мінімальным балам, патрэбным для паступлення, стала «Бібліятэчна-інфармацыйная дзейнасць» - 192.

У Беларускім дзяржаўным аграрна-тэхнічным універсітэце бюджэтнікі з самымі нізкімі адзнакамі будуць вучыцца на спецыяльнасці «Аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасцяў (сельская гаспадарка)». Для паступлення на яе ставала 118 балаў.

Антырэкорд у праходным бале ў БНТУ належыць спецыяльнасці «Пад'ёмна-транспартныя, будаўнічыя, дарожныя машыны і абсталяванне (кіраванне падраздзяленнямі інжынерных войскаў)» на вайскова-тэхнічным факультэце - 105 балаў для паступлення на «бюджэт». На іншых факультэтах самы нізкі бал -118 - устаноўлены на спецыяльнасцях «Дызайн вусенных і колавых машын» аўтатрактарнага факультэта і «караблебудаванне і тэхнічная эксплуатацыя воднага транспарту» факультэта энэргетычнага будаўніцтва.

У Беларускім тэхналагічным універсітэце лягчэй за ўсё было паступіць на спецыяльнасць «Лясная гаспадарка» - толькі 131 бал для бюджэтнай формы навучання.

Рэгіянальныя ВНУ ў большасці сваёй пакуль не выклалі інфармацыю аб праходных балах у інтэрнэт. У Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках TUT.BY паведамілі, што мінімальныя праходныя балы ўстаноўленыя на спецыяльнасцях «аграномія» і «заатэхнія» - 110 і 113 адпаведна. Для параўнання: максімальныя для БДСГА 307 балаў трэба было набраць абітурыентаў на спецыяльнасць «правазнаўства».

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках