20 красавiка 2024, Субота, 15:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Мінэнэрга пракаментавалі інцыдэнт на АЭС

31
У Мінэнэрга пракаментавалі інцыдэнт на АЭС
ФОТА: FACEBOOK.COM

Цяпер аналіз гэтай сітуацыі прадаўжаецца.

Міністэрства энергетыкі Беларусі пракаментавала ў «Фэйсбуку» інфармацыю аб магчымым інцыдэнце на будоўлі Астравецкай АЭС, паведамляе charter97.org.

«Шэраг інтэрнэт-крыніц апублікавалі паведамленні пра тое, што 10 ліпеня 2016 года на пляцоўцы будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі меў месца «факт падзення рэактара пры яго ўсталяванні ў рэактарным аддзяленні».

На справе, паводле інфармацыі генеральнага выканаўцы АТ «Атамбудэкспарт», няштатная сітуацыя адбылася на пляцоўцы захоўвання корпуса рэактара пры правядзенні такелажных работ яго перамяшчэння ў гарызантальнай плоскасці.

РУП «Беларуская АЭС», якая з'яўляецца замоўцам праекта, неадкладна запатрабавала ў генеральнага выканаўцы ўсе патрэбныя дакументы і звесткі. Цяпер аналіз гэтай сітуацыі прадаўжаецца. Пасля ўсебаковага вывучэння беларускімі спецыялістамі прадстаўленай АТ «Атамбудэкспарт» інфармацыі будзе прымацца адпаведная пастанова. Пры гэтым беларускі бок будзе, найперш, кіравацца патрэбай безумоўнага гарантавання бяспекі станцыі», - гаворыцца ў паведамленні.

Нагадаем, раней паведамлялася, што 10 ліпеня падчас выпрабавальнай трэнінгавай ўстаноўкі рэактара 330-тонны агрэгат сарваўся і ўпаў ўніз з вышыні ад 2 да 4 метраў. Месца надзвычайнага здарэння ачэпленае і знаходзіцца пад сталай і узмоцненай аховай.

У дырэкцыі будаўніцтва Беларускай АЭС каментарый таксама атрымаць не ўдалося.

Гэта не першае НЗ на будаўнічай пляцоўцы станцыі. Нагадаем, 5 траўня МЗС Літвы ўручыла паслу Беларусі Аляксандру Каралю ноту праз «магчымы інцыдэнт на размешчанай за 50 км ад Вільні Астравецкай атамнай электрастанцыі». Падставай стала інфармацыя аб тым, што адбылося ў сярэдзіне красавіка абрушэнні стоек будаванага аб’екта ядзернага абслугоўвання электрастанцыі, апублікаваная на сайце тэлеканала «Белсат». На наступны дзень Мінэнэрга Беларусі паведаміла, што 8 красавіка быў зафіксаваны дэфект пры падрыхтоўчых працах, наступствы якога ліквідаваныя.

Пазней літоўскі бок паведаміў яшчэ пра адзін нібыта зафіксаваны на будпляцоўцы інцыдэнт. Інфармацыя з гэтай нагоды таксама не была пацверджаная беларускім бокам, аднак гэта паслужыла падставай для ўручэння 8 чэрвеня ўжо другой ноты.

Беларуская АЭС будуецца ў Гарадзенскай вобласці, прыкладна за 20 км ад Астраўца, паводле праекту расейскай кампаніі «Атамбудэкспарт». Генеральным праектантам і выканаўцам выступае расейская кампанія ААТ «НІАЭП» - ЗАТ «АСЭ». Станцыя будзе складацца з двух энэргаблокаў сумарнай магутнасцю да 2.400 МВт. Увод у эксплуатацыю першага блока запланаваны да 2018 года, другога - да ліпеня 2020 года.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках