25 красавiка 2024, Чацвер, 10:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады Турцыі распавялі пра метады канспірацыі вайсковых мяцежнікаў

6
Улады Турцыі распавялі пра метады канспірацыі вайсковых мяцежнікаў

На думку следчых, прыхільнікі перавароту пазналі адзін аднаго праз пазнакі на аднадаляравых купюрах.

Улады Турцыі распавялі, што ў спробе дзяржаўнага перавароту 16 ліпеня ўдзельнічалі 8,651 вайскоўцаў, гэта 1,5% ад усяго войска. Яны, на думку следчых, пазнавалі адзін аднаго праз пазнакі на аднадаляравых купюрах. Падчас спробы путчу змоўшчыкі выкарыстоўвалі тры караблі ВМФ, дзясяткі танкаў, самалётаў і сотні бронемашын, паведамляе турэцкі канал NTV (пераклад - newsru.com).

У заяве сказана, што путчысты дзейнічалі паводле ўказання апазіцыйнага ісламскага прапаведніка Фетхулаха Гюлена, які з 1999 года пражывае ў амерыканскім штаце Пенсільванія. Вайскоўцы задзейнічалі 35 самалётаў, у тым ліку 24 знішчальнікі, і 37 верталётаў. Акрамя таго, былі выкарыстаныя 3992 адзінкі агнястрэльнай зброі, 74 танкі, 246 бронемашын і тры караблі ВМФ.

Турэцкі міністр юстыцыі Бекір Баздаг заявіў, што падчас ператрусаў у многіх мяцежнікаў былі выяўленыя даляры ЗША. Прычым не значныя сумы, а па адным даляры. Мяцежнікі нібыта пазнавалі адзін аднаго па літарах на банкнотах, паведамляе Anadolu. Да прыкладу, літара F нібыта азначала вышэйшае становішча ў іерархіі, літары J і С паказвалі на больш нізкі ранг.

Таксама стала вядома пра восем вайскоўцаў, якія ўцякалі пасля правалу путчу на верталёце ў Грэцыю. Першыя сумоўі з нагоды іх запыту на атрыманне палітычнага прытулку ў краіне пачнуцца 19 жніўня.

У ноч на 16 ліпеня ў Турцыі была зробленая спроба дзяржаўнага перавароту. Вайскоўцы захапілі танкі, знішчальнікі і баявыя верталёты, паспрабаваўшы звергнуць прэзідэнта Раджэпа Таіпа Эрдагана і ягоны ўрад. Мяцежнікі захапілі некалькі дзяржтэлеканалаў і атакавалі ўрадавыя будынкі.

Эрдаган заклікаў людзей выйсці на вуліцы і супрацьстаяць удзельнікам путчу. У выніку мяцеж быў падаўлены. Паводле афіцыйных звестак, загінулі 246 чалавек, без уліку путчыстаў, яшчэ больш за дзве тысячы чалавек атрымалі раненні.

У арганізацыі дзяржаўнага перавароту турэцкія ўлады абвінавацілі Фетхулаха Гюлена. Сам прапаведнік катэгарычна адмаўляе сваё дачыненне. Акрамя таго, апазіцыянер мяркуе, што мяцеж турэцкіх вайскоўцаў, магчыма, быў «інсцэніраваны» самім урадам Турцыі.

Анкара накіравала афіцыйны запыт Вашынгтону аб экстрадыцыі Гюлена. Прэм'ер Турцыі раскрытыкаваў ЗША за просьбу падаць доказы датычнасці прапаведніка да перавароту, неабходныя для экстрадыцыі, і паабяцаў, што Турцыя падасць «сціжму доказаў».

Першым дэкрэтам пасля абвяшчэння надзвычайнага становішча прэзідэнт дазволіў арышт на месяц пасля затрымання. Паводле ўказання кіраўніка дзяржавы была спыненая дзейнасць 35 аб'ектаў сістэмы аховы здароўя, 1043 прыватных адукацыйных устаноў, прыватных інтэрнатаў і пансіёнаў, 1229 таварыстваў і фондаў, 19 прафзвязаў, федэрацый і канфедэрацый, 15 ВНУ, адкрытых фондамі. Арыштаваныя не менш за 13 тысяч чалавек.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках