25 красавiка 2024, Чацвер, 3:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Япрынцаў-старэйшы: Я ім казаў, што казіно і «форэкс» - для дурняў

28
Япрынцаў-старэйшы: Я ім казаў, што казіно і «форэкс» - для дурняў

Уладзімір Япрынцаў распавёў, як спрабаваў выплачваць пазыкі сына Казбека.

Падчас допыту ў судзе сёння намеснік генеральнага дырэктара «Трайпла» Уладзімір Япрынцаў распавёў, як спрабаваў разлічыцца з пазыкамі, якія зрабіў ягоны сын Казбек, піша tut.by.

«Казбек прадаў свой аўтамабіль «Аўдзі» за 100 тысяч даляраў, я прадаў свой «Бэнтлі» (100 тысяч) - адразу як даведаўся пра пазыкі, стаў распрадаваць», - сказаў Япрынцаў. Падзеі датаваныя чэрвенем 2015 года.

- За кошт чаго яшчэ выплачваць запазычанасці? - пацікавіўся суддзя.

- Я аддаў усяго 2,5 млн даляраў маіх асабістых грошай. 600 тысяч у сябра пазычыў... Калі б не 11 жніўня (момант затрымання), усё б ужо было вызначанае (там рыхтаваўся продаж кампаніі).

Са словаў Япрынцава, за 2 гады атрымаў дывідэнды ад «Трайпла» - 12 млн даляраў і 6 млн еўраў.

Акрамя аўто, бізнэсовец рыхтаваўся прадаць кватэры, недабудаваны гатэль экс- «Кемпінскі» і офіс самой кампаніі.

Япрынцаў сказаў, што тэлефанаваў украінцам з «Джаспен Кэпітал» і абяцаў выплаціць запазычанасці. «Я, бацька Казбека, рыхтуецца ўгода з продажам «Кемпінскі», у верасні аддам запазычанасць. Мы дамовіліся, у СМІ пра гэта паведамілі», - перадаў Япрынцаў сваю размову з украінскім бізнэсоўцам.

Падчас допыту высветлілася, што ў Япрынцава шмат даўжнікоў, якія ў справе не фігуруюць. Ён сам пра іх існаванне даведаўся ў чэрвені мінулага года. «Я ўсім «тэрміновым» даўжнікам патэлефанаваў. Цімуру абяцаў у верасні аддаць пазыку, а пакуль плаціць па 20 тысяч. Ён сказаў, што ў яго ў закладзе кватэра Казбека і ён іншымі спосабамі будзе атрымліваць пазыку - праз суд. Антон - 1,2 млн даляраў пазыкі - пагадзіўся на адсоткі. Грошы нікому не патрэбныя былі - усім патрэбныя адсоткі. Я стараўся - па 90 тысяч даляраў яму плаціў адсоткі», - кажа Япрынцаў.

«Таджудзіну - Юрый Чыж яго з Казбекам пазнаёміў - 685 тысяч даляраў былі вінныя плюс 200 тысяч яшчэ ён хацеў. 655 тысяч я яму адразу аддаў, астатняе дамовіліся пазней», - дадаў ён. Яшчэ аднаму даўжніку аддаў памяшканне. Астатнія запазычанасці былі на верасень-кастрычнік, не тэрміновыя.

У ліпені 2015 года Япрынцаў сустрэўся з Юрыем Чыжом і распавёў яму пра свае праблемы. «Мы гулялі па парку ў Драздах. Я яму ўсё распавёў, долю сваю купіць не прапаноўваў. Маўляў, Казбек на «Форэксе» «трапіўся», але частка грошай павінна вярнуцца. Сказаў, у мяне праблема - завінавачанасці Мішу Маміяшвілі і Батвінку. Ён іх абяцаў узяць на сябе. Мішу планавалі аддаць цягам года. Частку аддамо, калі прададзім «Кемпінскі», а потым офісны будынак. Чыж прапаноўваў Казбеку аформіць даверанасць на Ермака і з'ехаць з горада. Я сказаў, што ён павінен застацца і адказваць за свае дзеянні», - распавёў Япрынцаў. Паводле ягоных слоў, Чыж параіў не хвалявацца, «грошы ў нас ёсць».

«Я ім казаў, што казіно і «форэкс» - для дурняў. Таму і ў шоку быў, калі даведаўся, што частку няўдала размясціў на «Форэксе». Калі б ён (Казбек) у снежні 2014 года сказаў праўду пра «Форэкс», то ўсе б пытанні я даўно развязаў», - прызнаўся Уладзімір Япрынцаў.

Потым ён разам з Чыжом сустракаўся ў Маскве з Савяком, Маміяшвілі, Аксенцьевым і ягонай жонкай Надзеяй, якая больш за ўсё ўпадала ў істэрыку.

«Хацела грошай (яе 15 млн, як я зразумеў), яшчэ 15 млн Міша ўзяў у Марка з Амерыкі. Хоць Міша ёй сказаў, што з ёй разлічымся да жніўня. Мабыць, яны адсоткі заплацілі. Я выслухаў на адрас свайго сына справядлівыя рэчы... Тады Міша або Юра прапанавалі перапісаць долю ў «Трайпле». Ва ўсіх былі пазыкі, і ўсе аддавалі, усе годна выходзілі з сітуацыі. Калі я падпісаў паперы (продаж долі), Чыж быццам мяне не ведаў. Я ляжаў у лякарні, Юра Савяк быў побач, прасіў не хвалявацца. Тэлефанаваў Міша, сказаў, што парваў дакументы, што не трэба такіх крокаў. Яны ўвесь час тэлефанавалі, зычылі здароўя», - сцвярджае Япрынцаў. «Калі б я Хрыста ўбачыў, то б менш здзівіўся, чым убачыў заяву Чыжа [у КДБ]», - дадаў ён.

- Дык калі аддасце грошы пацярпелым? - пацікавіўся ва Уладзіміра Япрынцава дзяржабвінаваўца.

- Пасля года турмы невінаватага чалавека, што я магу сказаць? Я ад запазычанасцяў сына не адмаўляюся. Усе выплачу.

- Вам перашкаджае знаходжанне ў месцах пазбаўлення волі?

- Ну не гарачае ж надвор'е! Я нават не ведаю, які цяпер стан бізнэсу...

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках