16 красавiка 2024, aўторак, 23:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Ажароўскі: Падзенне корпуса рэактара можа спыніць будаўніцтва АЭС на 3-4 гады

24
Андрэй Ажароўскі: Падзенне корпуса рэактара можа спыніць будаўніцтва АЭС на 3-4 гады
Андрэй Ажароўскі

Корпус ядзернага рэактара атрымаў сур'ёзныя пашкоджанні, нават калі ўпаў з невялікай вышыні.

Увечары 26 ліпеня, праз 16 дзён пасля інцыдэнту на будаўніцтве Астравецкай АЭС, Міністэрства энэргетыкі Беларусі прызнала, што інфармацыя аб здарэнні на будаўнічай пляцоўцы не проста чуткі, і ён адбыўся сапраўды.

"Насамрэч, паводле інфармацыі генеральнага падрадчыка АТ "Атамбудэкспарт", пазаштатная сітуацыя адбылася на пляцоўцы захоўвання корпуса рэактара пры правядзенні такелажных работ падчас яго перамяшчэння ў гарызантальнай плашчыні", - паведамляецца на сайце Мінэнэрга.

"Усё будзе зразумела, калі скончыцца праверка. У якім стане корпус рэактара, стане зразумела пасля высноваў, якія зробяць спецыялісты", - распавялі журналістам у міністэрстве раніцай 27 ліпеня.

Тым часам расейскі бок (карпарацыя "Расатам") ужо паведаміў, што корпус рэактара не мае пашкоджанняў.

Расейскі інжынер-фізік, удзельнік беларускай антыядзернай кампаніі Андрэй Ажароўскі распавёў euroradio.fm, што з сябе ўяўляе корпус ядзернага рэактара і чаму ўсякае яго падзенне нават з невялікай вышыні можа стаць прычынай сур'ёзных праблем.

Корпус рэактара - вельмі далікатная дэталь

"Усякае падзенне корпуса ядзернага рэактара - гэта пазаштатная сітуацыя, надзвычайнае здарэнне. Нягледзячы на тое, што корпус - гэта вельмі масіўная дэталь, важыць больш за 300 тон, яна вельмі далікатная. І ўсякая дэфармацыя зробіць яго непрыдатным для выкарыстання. Таму, калі корпус рэактара насамрэч упаў, то ён абавязкова быў пашкоджаны", - распавядае Ажароўскі.

Ці падаў корпус рэактара Астравецкай АЭС, і з якой вышыні, пакуль не зразумела. Неафіцыйныя крыніцы адназначна сцвярджаюць пра падзенне (вышыня вагаецца ад 2 да 10 метраў). Афіцыйныя ў асобе Мінэнэрга - толькі пра "пазаштатную сітуацыю...на пляцоўцы захоўвання корпуса рэактара пры правядзенні такелажных работ пры яго перамяшчэнні ў гарызантальнай плашчыні". Аднак "такелажныя работы" - гэта перамяшчэнне грузу, звязанае з яго ўздымам кранамі на вышыню. Таму вельмі магчыма, што падзенне адбылося.

Калі корпус рэактара ўпаў, то ён, хутчэй за ўсё, дэфармаваны

Інжынер-фізік Ажароўскі кажа, што нават падзенне з нязначнай вышыні можа мець фатальныя наступствы для канструкцыі корпуса. Уся справа ў яго вялікай масе:

"Гэта аб'ект масай, большай за трыста тон. Калі ён падае з вышыні 1-2 метраў, то вылучаецца велізарная колькасць энэргіі. Яна як раз ідзе на дэфармацыю. Таму што колькасць энэргіі залежыць не толькі ад вышыні, з якой аб'ект падае, але таксама і ад масы самога аб'екта".

Са словаў Ажароўскага, корпус рэактара мае складаную канструкцыю, гэта зусім не проста суцэльны кавалак металу:

"Корпус складаецца з трох частак. Дзве часткі - цыліндрычныя. Адна - з адтулінамі, гэта адтуліны для трубаправодаў. Па ім ідзе гарачая вада і запампоўваецца ў рэактар халодная. Там некалькі пар вялікіх і малых адтулін. Далей ідзе цыліндрычная частка без адтулін. І далей да яе прываранае дно рэактара. Такая паўсфера. Вось гэтыя два швы на ніжняй частцы рэактара, гэта зварная канструкцыя. І добрае пытанне, у якім стане швы знаходзяцца цяпер".

"Корпус рэактара - гэта тое, што робіць атамную энэргетыку адной з самых дарагіх у капітальных укладаннях. Вельмі складана яго зрабіць. І я так разумею, што і расейскія, і беларускія атамшчыкі пойдуць на ўсё, каб паменшыць наступствы аварыі. Таму што, калі вось цяпер сказаць, што корпус пашкоджаны і трэба рабіць новы, гэта значыць, адкласці сканчэнне будаўніцтва АЭС на 3-4 гады", - распавядае фізік.

Так што падзеі 10 ліпеня на будаўнічай пляцоўцы Астравецкай АЭС могуць мець вельмі сур'ёзныя наступствы. Сітуацыю робіць яшчэ больш складанай тое, што ад беларускага боку тут залежыць далёка не ўсё. Як паведаміла на ўмовах ананімнасці высокапастаўленая крыніца, блізкая да будаўніцтва Астравецкай АЭС, апошняе слова будзе за расейцамі, якія з'яўляюцца генпадрадчыкамі праекта. Простымі словамі, менавіта расейскі бок будзе вызначаць, ці варта мяняць магчыма пашкоджаны корпус ядзернага рэактара будучай Беларускай АЭС на новы. Адкладаючы тым самым здачу станцыі на некалькі гадоў і, адпаведна, робячы яе значна даражэйшай.

"Еўрарадыё" накіравала афіцыйны зварот у Дэпартамент камунікацый дзяржаўнай карпарацыі "Расатам" з просьбай даць падрабязную інфармацыю аб характары здарэння на будаўнічай пляцоўцы Астравецкай АЭС, а таксама расказаць пра тое, якім чынам адбываецца экспэртыза стану корпуса рэактара на гэты момант і што з ім будзе далей. Пра змест адказу расейцаў праінфармуем пазней.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках