19 красавiка 2024, Пятніца, 20:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадстаўнікоў апазіцыі не ўключылі ва ўчастковыя выбаркамы ў Менску

13
Прадстаўнікоў апазіцыі не ўключылі ва ўчастковыя выбаркамы ў Менску

«Выбары» будуць такой жа фікцыяй, як і ўсе за апошнія 20 гадоў.

Прадстаўнікоў апазіцыі ў Менску зноў не ўключаюць у склад участковых выбаркамаў, паведамляе БелаПАН.

Прынамсі, першы намеснік старшыні руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, які вылучаецца ў дэпутаты шляхам збору подпісаў па 108-й Каліноўскай выбарчай акрузе, накіроўваў ва ўчастковыя выбаркамы 21 свайго прадстаўніка. Як паведамляе прэс-служба руху, ніводзін з іх не ўключаны ў склад камісій.

«Кожную кандыдатуру зачытвалі асобна, акцэнтавалі ўвагу на нашых вылучэнцах, што досведу ўдзелу ў камісіях не маюць, слаба ведаюць Выбарчы кодэкс або не з'явiлiся на сумоўе», - апісаў ход пасяджэння раённай адміністрацыі ў фармаванні камісій актывіст руху Алесь Славінскі.

Са словаў Губарэвіча, «відавочна, у адміністрацыі быў дыферэнцыраваны падыход: павышаная ўвага была да тых, хто хоча падлічыць галасы рэальна, сапраўды, не парушаючы закон, адкрыта для назіральнікаў».

«Улада прадаўжае іспыты з нездавальняючым вынікам. Як бы яны ні стараліся імітаваць дэмакратычныя выбары, немагчыма гэта зрабіць, прымаючы тыя ж пастановы, што і раней, працуючы старымі метадамі падчас фармавання камісій і падліку галасоў. Першы этап - стварэнне выбаркамаў - паказаў, што нічога не змяняецца і змяняцца не будзе: будзе імітацыя дэмакратычных выбараў, але гэта не больш чым спроба шулера прадэманстраваць сумленную гульню», - упэўнены першы намеснік старшыні руху «За Свабоду».

У склад участковых камісій у Менску не ўключаны ніводны з прадстаўнікоў АГП, паведамляе прэс-служба партыі. «Я таксама ішоў у чальцы камісіі, але не ўключылі нікога з 50-60 чалавек ад АГП, якія падавалі заяўкі ў сталіцы. Я ўважаю гэта за індыкатар, бо шмат размоў вялося і ў краіне, і за яе межамі аб пэўнай лібералізацыі. Але фармаванне камісій - гэта лакмусавая паперка, якая даводзіць, ці ёсць такія змены. І мы бачым, што зменаў няма, усё на тым жа ўзроўні, што і дзесяць, дваццаць гадоў таму», - цытуе прэс-служба АГП старшыню партыі Анатоля Лябедзьку.

Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, у склад 5.971 участковай выбарчай камісіі вылучана 73.278 чалавек. Грамадзяне шляхам падачы заяў вылучылі 27.463 чалавек, працоўныя калектывы - 9.257, грамадскія аб'яднанні - 36.593, у тым ліку палітычныя партыі - 4.272.

Фармаванне камісій мясцовыя ўлады павінны былі скончыць 27 ліпеня. Звесткі пра гэты этап кампаніі ЦВК пакуль не апублікаваў.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках