29 сакавiка 2024, Пятніца, 18:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На БелАЭС не пускаюць журналістаў

14
На БелАЭС не пускаюць журналістаў

Расейскі генпадрадчык запэўнівае, што «нічога страшнага з рэактарам не адбылося», але не дае пераканацца ў гэтым журналістам.

У інфармацыйным цэнтры БелАЭС на просьбу «Радыё Свабода» дазволіць доступ на тэрыторыю, каб убачыць канструкцыю, адказалі, што існуе выразна пэўная працэдура наведвання стратэгічнага аб'екта:

«Дасылайце запыт, будзе прызначаная праверка. Паводле яе вынікаў вам адмовяць або дадуць дазвол. Але правяраць будуць у кожным выпадку. Іншых варыянтаў не прадугледжана, толькі праз папярэднюю заяву», - сказала супрацоўніца цэнтра.

Журналісты ўжо даслалі адпаведны запыт у дырэкцыю будаўніцтва АЭС і чакаюць яго разгляду.

Як вынікае з унутранай інструкцыі РУП «БелАЭС», для допуску на будаўнічую пляцоўку прадстаўнікоў беларускіх СМІ за 14 дзён да планаванага наведвання неабходна накіраваць афіцыйны запыт з указаннем пашпартных звестак, копіі пасведчання аб акрэдытацыі СМІ, звесткі аб транспартным сродку, а таксама планы рэпартажаў, артыкулаў, інтэрв'ю, сцэнарныя планы фота-, кіна- і відэаздымак.

Для допуску прадстаўнікоў СМІ замежных краін аналагічныя звесткі павінны быць пададзеныя за месяц да меркаванага візіту.

На днях з'явіліся паведамленні, што 10 ліпеня падчас трэніровачнага ўсталявання корпуса рэактара 330-тонны агрэгат сарваўся і ўпаў на зямлю. Некаторыя сведкі здарэння, якія пераказалі інцыдэнт мясцовым дэмакратычным актывістам, сцвярджаюць, што вышыня пры гэтым перавышала 10 метраў. Паведамлялася таксама, што месца надзвычайнага здарэння ачэпленае і знаходзіцца пад сталай і ўзмоцненай аховай.

Аднак цягам двух тыдняў ні «Атамбудэкспарт», ні Міністэрства энэргетыкі Беларусі не давалі інфармацыі. Толькі калі інфармацыя набыла шырокі рэзананс, Мінэнэрга дало зразумець: пастанова аб далейшых будаўніча-мантажных работах будзе прымацца ў Маскве: «Беларускі бок і надалей будзе кіравацца неабходнасцю безумоўнага гарантавання бяспекі атамнай станцыі. Адпаведныя пастановы будзе прымаць «Атамбудэкспарт», - паведамілі ў міністэрстве.

У сваю чаргу, у «Атамбудэкспарце» запэўніваюць, што адбылася «звычайная штатная сітуацыя, як і на ўсякай будоўлі» - пры правядзенні такелажных работ падчас перамяшчэння корпуса рэактара ўсяго толькі сцерлася фарба.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках