19 красавiка 2024, Пятніца, 10:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лідэра ІП з Барысава аштрафавалі на $440

1
Лідэра ІП з Барысава аштрафавалі на $440
ФОТА: ONLINER.BY

Суд аштрафаваў Алеся Абрамовіча за мітынг прадпрымальнікаў у Оршы.

Суд Аршанскага раёна і горада Оршы 29 ліпеня разгледзеў адміністрацыйную справу актывіста прадпрымальніцкага руху Алеся Абрамовіча. Справа лідара руху салідарнасці «Разам» Алеся Макаева сёння не разглядалася, бо ён не змог прыехаць у Оршу, паведамляе ПЦ «Вясна».

Абодвух вінавацяць у арганізацыі і ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт.23.34 КаАП). 18 чэрвеня Макаеў і Абрамовіч правялі ў Оршы мітынг прадпрымальнікаў, на якім выказалі нязгоду з указам Лукашэнкі №222 і іншымі дырэктывамі, якія пагаршаюць працу індывідуальных прадпрымальнікаў.

Перад пачаткам судовага працэсу мясцовыя актывісты былі здзіўленыя тым, што ў зале суда практычна ўсе месцы ўжо былі занятыя. Як высветлілася пазней, гэта былі работнікі рынку, якіх «настойліва запрасілі» прыйсці на паседжанне. У просьбе знайсці залу пабольш, каб на суд змаглі трапіць усе ахвотныя, суддзя адмовіла. Сярод прысутных таксама былі заўважаныя і два супрацоўнікі КДБ, якіх апазналі прысутныя ў судзе актывісты.

Каментуючы судовы вырак прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч, які прысутнічаў на працэсе, адзначыў:

«Нельга было ў судзе кваліфікаваць дзеянні Макаева і Абрамовіча як удзел у мітынгу. Тады, у чэрвені, ішла праца аргкамітэта для стварэння незалежнага прафзвязу прадпрымальнікаў, і на руках у іх былі пасведчанні чальцоў аргкамітэта. Нават сведка з боку міліцыі адзначыў, што мітынгу ён не заўважыў, што Макаеў проста размаўляў з прадпрымальнікамі».

У судовым пасяджэнні таксама былі апытаныя і сведкі-прадпрымальнікі, якія працуюць на рынку. Аднак ні ў кога з іх не было з сабой нават пашпарта, каб засведчыць асобу, а хтосьці наогул нічога не бачыў, акрамя міліцыянтаў і Макаева з Абрамовічам.

Нягледзячы на гэтыя паказанні, суддзя вынесла пастанову прызнаць Алеся Абрамовіча вінаватым ва ўдзеле ў масавым мерапрыемстве і пакараць штрафам сумай 42 базавых адзінкі. Суд над Алесем Макаевым, магчыма адбудзецца завочна ў іншы час.

Агульная сумы спагнанняў і штрафаў за арганізацыю мітынгаў пратэсту прадпрымальнікаў, якія прайшлі ў Менску, Барысаве, Жодзіне, Маладзечне і Баранавічах, прысуджаных Алесю Макаеву, Алесю Абрамовічу і некаторым іншым удзельнікам акцый складае сотні мільёнаў недамінаваных беларускіх рублёў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках