25 красавiка 2024, Чацвер, 17:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна ў ежу арыштаваным дадаюць снатворнае?

10
У ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна ў ежу арыштаваным дадаюць снатворнае?
МАРЫЯ РЫМАР

Расейка, якая пратэставала супраць вобшуку у менскім аэрапорце, абскардзіць умовы ўтрымання на Акрэсціна.

Юрыстка з Самары Марыя Рымар, адпушчаная пад заклад з-пад варты, знаходзіцца ў Менску да суда. Яна распавяла ПЦ «Вясна» аб намеры абскардзіць умовы ўтрымання ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна.

Марыя Рымар паведаміла, што 11 ліпеня падала заяву на імя в.а. кіраўніка ІЧУ ГУУС Менгарвыканкама Дрыля Г.В., у якім просіць арганізаваць праверку ежы ў ІЧУ на прадмет утрымання ў ёй седатыўных рэчываў. Гэтую заяву, якую ў яе афіцыйна прынялі, падпісалі таксама дзве яе сукамерніцы. Яны разам з Марыяй просяць далучыць копіі заявы і вынікі праверкі да матэрыялаў сваіх крымінальных спраў.

«Я выказала здагадку, што ў ежы для зняволеных у ІЧУ ўтрымліваюцца снатворныя рэчывы, бо ўсё насельніцтва камер гэтага ІЧУ спіць увесь дзень і ўсю ноч, прачынаецца толькі на час прыняцця ежы, а тыя, хто паліць - яшчэ і на курэнне. Тыя, хто есць гэтую ежу ў поўным рацыёне, проста кладуцца спаць цягам 10 хвілін пасля прыёму ежы. Гэтая інфармацыя не толькі пра маю камеру. Там ёсць вялікая «плазма», на якой поўны выгляд усіх камер ІЧУ, на першым паверсе, дзе людзей прымаюць, і такая ж ёсць у кабінеце начальніка ІЧУ. Гэта значыць, я бачыла і там і там.

Гэта сапраўды звяртае на сябе ўвагу: відаць, што ёсць сціжма камер, у якіх няма руху практычна. Я назірала гэта ў кожны час дня і ночы, бо мяне вывозілі на следчыя дзеянні, затым назад прывозілі. І пакуль ішла праверка, я сядзела ў межах бачнасці гэтых камер і гэта бачыла. Усе, хто там сядзеў, пацвярджаюць, што так і ёсць. Мала таго, што гэтая ежа там не адпавядае ніякім фізіялагічным нормам, я была вымушаная практычна адмаўляцца ад яе, бо досыць часта брала ўдзел у следчых дзеяннях і была зацікаўленая ў яснасці свядомасці», - падзялілася Марыя Рымар.

Яна таксама збіраецца абскардзіць правамернасць абранай у дачыненні да яе меры стрымання – узяцця пад варту. Пад вартай Марыя змяшчалася спачатку ў ІЧУ Менгарвыканкама на вуліцы Акрэсціна ў Менску, адтуль была пераведзеная ў следчы ізалятар №1 на вуліцу Валадарскага, адкуль яе этапавалі ў следчы ізалятар у Жодзіне. 18 ліпеня яна была адпушчаная пад заклад.

Нагадаем, расейка Марыя Рымар была затрыманая 7 ліпеня ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск-2» пры рэгістрацыі на рэйс Менск - Масква. У спрэчцы з супрацоўнікамі аэрапорта яна жартам паведаміла, што «траціл у яе ў сумцы» і на падставе гэтага была затрыманая паводле абвінавачвання ў «заведама ілжывым паведамленні пра небяспеку». Пазней падчас размовы з журналістамі яна патлумачыла, што «па сутнасці, пратэставала супраць неабгрунтаванага асабістага дагляду». Паводле гэтага факта распачатая крымінальная справа ч.1 арт.340 КК Беларусі.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках