У Расеі прадаўжаюцца «чысткі» вышэйшага кіраўніцтва
4- 29.07.2016, 18:24
- 18,365
Супрацоўнікі ФСБ прыйшлі з ператрусамі ў цэнтральны апарат Федэральнай мытнай службы.
Са звестак крыніц «Новай газеты», ёсць імавернасць, што ў выніку гэтых ператрусаў некаторыя высокапастаўленыя супрацоўнікі ФМС будуць затрыманыя.
Да таго ж на гэты момант, тры чалавекі з ліку кіраўніцтва ФМС падалі рапарты аб адстаўцы.
Нагадаем, напярэдадні прэзідэнт звольніў Андрэя Бельянінава з пасады кіраўніка ФМС, якую ён займаў больш за дзесяць гадоў - з траўня 2006 года. Раней у яго кабінеце і дома прайшлі ператрусы паводле справы аб кантрабандзе алкаголю.
Падчас ператрусаў ягонага дому, а таксама ў доме кіраўніка групы кампаній «Арсенал» Сяргея Лабанава, якi раней працаваў дарадцам Бельянінава, супрацоўнікі ФСБ выявілі скрынкі з грашыма і старадаўнія карціны.
Сам Бельянінаў патлумачыў следчым, што знойдзеныя ў яго доме грошы - гэта сямейны ашчадак.
Следчыя дзеянні праводзілі аператыўнікі УСБ ФСБ у межах крымінальнай справы, паводле якой прыцягнутыя пецярбурэскі бізнэсовец Дзмітрый Міхальчанка і кіраўніцтва ТАА «Контрэйл Лагістык Поўнач-Захад». Гаворка ідзе пра вялікую партыі каньяку Courvoisier 1912 года, правезены праз порт «Усць-Луга» пад выглядам будаўнічага герметыка. Справа расследуецца паводле ч 3 арт 200.2 КК РФ. Бельянінаў праходзіць у справе як сведка.